Лёсу майго палатно.

Творы бераставіцкай майстрыхі Веры Лукашэвіч выпраменьваюць радасць.

Творы бераставіцкай майстрыхі Веры Лукашэвіч выпраменьваюць радасць.

Бераставічане ведаюць яе як інжынера-будаўніка. Жанчына працуе начальнікам вытворчага аддзела ААТ “Бераставіцкая ПМК -141”, і для многіх членаў калектыву, якія трапілі на выставу яе творчых работ у раённым цэнтры, стала адкрыццём, што Вера Рыгораўна ўжо даўно захапляецца вышыўкай і стварае з дапамогай іголкі і ніткі прыгожыя, напоўненыя радасцю і святлом карціны.
Здаецца, як у адным чалавеку можа сумяшчацца тэхнічная, патрабуючая дакладнасці прафесія, і такая рамантычная, лірычная цяга да творчасці, да стварэння “прыгажосці не па праекту” — як выдатна ахарактарызавала дзейнасць Веры Рыгораўны калега — “а па загаду душы”? Сама майстрыха расказала, што любоў да вышыўкі ёй дасталася ад матулі — адмысловай майстрыхі. З дзяцінства драмала гэтае захапленне ў Веры Рыгораўны, пакуль, прыкладна дзесяць гадоў таму, не знайшло свайго творчага ўвасаблення ў сур’ёзныя, патрабуючыя шмат часу і цярпення работы. Вышываных карцін, створаных спачатку з мэтай упрыгожыць свой дом, станавілася ўсё больш. Як прызналася жанчына, творчы працэс захапіў яе, стварэнне палотнаў радавала буяннем колераў, хацелася падзяліцца гэтай прыгажосцю з іншымі. І сапраўды, часцінка душы аўтара, яе цяга да прыгажосці адчуваецца ў кожнай рабоце. Творы Веры Лукашэвіч, якія выпраменьваюць святло і радасць, ужо змаглі пабачыць прыхільнікі вышыўкі не толькі ў родным пасёлку і абласным цэнтры, але нават за межамі краіны — у суседняй Польшчы. І не спыняе свой шлях ніць, якая чаруе душу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter