Лёс неацэннай рэліквіі па-ранейшаму турбуе

Спецыялісты адпрацоўваюць некалькі версій месцазнаходжання крыжа Ефрасінні Полацкай
Спецыялісты адпрацоўваюць некалькі версій месцазнаходжання крыжа Ефрасінні Полацкай.

Крыж Ефрасінні ПолацкайЯк паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Мінску кіраўнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі Васіль Абламскі, пошукі гэтай рэліквіі вядуцца ўвесь час. Ёсць версіі аб яго знаходжанні ў Расіі. Рэліквія можа знаходзіцца і ў прыватных асоб. Усе версіі разглядаюцца, але пакуль нічога суцяшальнага сказаць нельга, пацвердзіў Васіль Абламскі.

Як вядома, крыж Ефрасінні Полацкай быў зроблены для царквы Святога Спаса на заказ Ефрасінні полацкім майстрам Лазарам Богшам у 1161 годзе. Шасціканцовы крыж — з кіпарысавага дрэва, зверху і знізу яго пакрывалі залатыя пласціны, аздобленыя каштоўнымі камянямі і дваццацю эмалевымі мініяцюрамі. У сярэдзіне крыжа ў пяці падпісаных гнёздах знаходзіліся хрысціянскія рэліквіі, дасланыя з Канстанцінопаля і Ерусаліма — часціцы Крыжа Гасподняга, кавалачак каменя ад гроба Багародзіцы, часціцы мошчаў святых Стафана і Панцеляймона і кроў святога Дзмітрыя. Тэкст на крыжы ўтрымліваў закляцце, якое абяцала кару нябесную таму, хто выкрадзе, прадасць святыню або проста вынесе яе з манастыра.

У пачатку XIII стагоддзя крыж вывезлі з Полацка смаленскія князі. У 1563 годзе Іван Грозны вярнуў святыню ў манастыр і загадаў больш ніколі яе адтуль не выносіць. Пазней манахі замуравалі крыж у нішы сабора і тым самым выратавалі яго ад марадзёраў.

У 1928 годзе рэліквію перавезлі з Полацка ў Мінск, а затым у Магілёў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны крыж знік, і яго след абарваўся.

Ірына Трафімовіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter