Интервью с помощником министра сельского хозяйства Николаем Чупиком

Лёс не аб’едзеш нi на якiм канi

Адтуль, з палескіх Вялікіх Арлоў Століншчыны, бярэ пачатак цікавы і багаты жыццёвы шлях Мікалая Чупіка
Адтуль, з палескіх Вялікіх Арлоў Століншчыны, бярэ пачатак цікавы і багаты жыццёвы шлях Мікалая Чупіка

Subot -500px.jpg

Сялянскі сын Мікалай ЧУПІК, як і многія яго равеснікі часоў бурнага развіцця савецкай авіяцыі і космасу, мроіў пакараць неба, але лёс інакш вызначыў яго будучыню. Вучоба на заатэхнічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ветэрынарнага інстытута, вытворчая практыка ў вядомым на ўсю былую нашу вялікую дзяржаву калгасе імя Гастэлы Мінскага раёна і размеркаванне галоўным заатэхнікам у аддаленую палескую гаспадарку. Служба ў Савецкай арміі, затым тры гады ў калгасе і няўрымслівая дзейнасць на пасадзе другога сакратара Столінскага райкама камсамола, адкуль энергічнага маладзёжнага важака запрасілі ў апарат ЦК камсамола рэспублікі, дзе ў хуткім часе даручылі загадваць аддзелам сельскай моладзі. Пасля заканчэння Мінскай вышэйшай партыйнай школы накіроўваўся ў партыйны камітэт Дзяржаграпрама рэспублікі, і амаль тры дзесяцігоддзі бесперапыннай працы ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання. Сцены яго невялікага кабінета ўпрыгожваюць Ганаровыя граматы Савета Міністраў Беларусі, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, якімі адзначана плённая дзейнасць Мікалая Канстанцінавіча Чупіка.

У ПЯЦІПАВЯРХОВЫМ будынку міністэрства зімовымі вечарамі звычайна доўга свецяцца на другім паверсе два вуглавых акна яго кабінета, дзе амаль трыццаць гадоў нязменна працуе памочнік міністра Мікалай Чупік. У такі час ён прывык спакойна, без мітусні пасля дзённага тлуму пераглядаць карэспандэнцыю, аналізаваць зробленае за дзень, планаваць далейшую працу. Калі за шыбамі віхурыць завея, у цёплым утульным кабінеце ёсць час і ўзгадаць далёкае дзяцінства на дзедавым хутары, да якога даўно пазарасталі сцежкі-дарожкі.

Піліпаўскай сцюдзёнаю парою вылі ваўкі вакол акружанага балотамі падворка. Па некальку разоў за ноч даводзілася гаспадару аглядаць напоўнены свойскай жывёлай хлеў, ці не ўлезлі галодныя звяры. Вясною надаваў клопату разліў перапоўненай Прыпяці. Так і жыла б далей працавітая сям’я Чупікаў на спадчыннай хутарской сядзібе, каб не пажар, які ўмомант знішчыў усе гаспадарчыя пабудовы. Нават жывёлу не ўдалося ўратаваць. Калгас выдзеліў пагарэльцам паселішча на ўскрайку вёскі Вялікія Арлы і бясплатны лес на пабудову. Талакою тралявалі, вывозілі і цясалі альховыя бярвенні. Хутка новы дом узвялі і гаспадарчыя хлявы збудавалі.

Да новай сядзібы штораніцы пад’язджала калгасная павозка і забірала на працу дзеда Мікалая, якому на фронце мінай адарвала ногі. Да вайны ён закончыў сямігодку, таму хутка засвоіў азы бухгалтарскага ўліку ў калгасе імя Суворава. Разам з жонкай Параскай жылі з сям’ёй малодшага сына Канстанціна. Старэйшы сын Дзмітрый загінуў пры вызваленні Венгрыі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Цяжкую страту змякчалі падрастаючыя ўнукі.

Хлопчыкаў Мікалай Паўлавіч прывучаў да сялянскай працы. Ён прыстасоўваўся на дрывотніку і з унукамі пілаваў дровы. Вучыў трымаць сякеру ў руках. Бабуля Параска больш займалася ўнучкай Таццянай. Нявестка Валянціна каля печы і па гаспадарцы ўвіхалася, а сын Канстанцін на жывёлагадоўчай ферме шчыраваў. У час летніх канікулаў хлопчыкі пасвілі два калгасныя статкі цялят і дапамагалі бацькам нарыхтоўваць сена ў пойме Прыпяці. Па балоту касілі і на руках выносілі зялёную масу на грудок сушыцца. Па дваццаць тон сена за лета ўручную назапашвалі, каб атрымаць трэцюю частку для зімоўкі сваёй жывёлы. Касілі трыснёг і вязалі ў пукі для накрыцця дахаў. На рачных старыцах лавілі ўюноў і сушылі на зіму. Даглядалі школьных авечак і вырошчвалі кукурузу на юнатаўскім полі.

Старэйшы брат Дзмітрый са школьнымі сябрамі ў Маскву ездзіў на ВДНГ, дзе экспанавалася іх амаль пяціметровая кукуруза, вырашчаная на доследным агародзе Вяліка-Арлоўскай васьмігодкі. Аграномія так захапіла Дзмітрыя, што пасля педагагічнага інстытута закончыў яшчэ і агранамічны факультэт Вялікалукскага сельскагаспадарчага інстытута.

А Мікалай выбар спыніў на Віцебскім дзяржаўным ветэрынарным інстытуце. Яго больш вабіла жывёлагадоўля.

Закончыў заатэхнічны факультэт і атрымаў накіраванне ў вядомы племзавод «Карэлічы», але пасаду галоўнага заатэхніка там занялі і яму прапанавалі пераразмеркавацца. Вярнуўся ў родныя мясціны галоўным заатэхнікам калгаса «Праўда» , адкуль да райцэнтра больш за шэсцьдзясят кіламетраў, а па вуліцах вёскі Аздамічы свінні плёхаліся ў невысыхаючых калюгах. Дарог ніякіх не было. Кармоў для жывёлы ў гаспадарцы хапала толькі да лютага. У сакавіку кароў выганялі на ваенны палігон, што пачынаўся за вёскай, і там, за рэчкай Моствай, утрымліваліся да першага травастою. Даярак пад вечар на лодцы перавозілі на дойку, там яны і начавалі. Пасля ранішняй дойкі іх і малако перавозілі праз раку, дзе чакаў гусенічны трактар. Малако дастаўлялі за пятнаццаць кіламетраў у вёску Сямігосцічы на сепаратар. Вясною густое месіва зямлі і вады залівала кабіну трактара.

Усіх жадаючых немагчыма было забяспечыць працай у калгасе. Моладзь заставалася ў вёсцы. І цяпер у гэтых мясцінах шматлюдна. Многія сямейны бюджэт мацуюць садавінай і гароднінай з прысядзібных участкаў ці ад збору ягад і грыбоў. Навакольныя бары і балоты шчодрыя на даніну. Добры прыбытак давала і вырошчванне насення гародніны і кветак. Прадаваць вазілі па ўсяму Саюзу. Палісаднікі і агароды летам палалі ад стракатых кветак, а наваколле поўнілася прыемным водарам. Дэсанты будаўнічых брыгад з вясны адпраўляліся на сібірскія будоўлі. І цяпер тут сапраўдны будаўнічы бум. Двухпавярховыя катэджы, не падобныя адзін на другі, паўстаюць на новых вуліцах суседніх Альшан, дзе ў дзвюх сярэдніх школах больш як паўтары тысячы вучняў.

— Мікалай Канстанцінавіч, вас, у адрозненне ад настаўніка Лабановіча з коласаўскай трылогіі «На ростанях», не здзіўлялі мясцовыя звычаі, бо выраслі побач. З чаго пачыналі заатэхнічную справу?

— З элементарнай распрацоўкі рацыёнаў кармлення жывёлы, — адказвае Мікалай Чупік. — Складаў іх з наяўных магчымасцей. Кармілі статак балотным сенам. Надой ад каровы ў год не перавышаў двух тысяч кілаграмаў малака. Мяне выклікалі раённыя кіраўнікі, і даводзілася тлумачыць сітуацыю, а сам думаў, куды я трапіў. Але так склалася, што мяне прызвалі на службу ў армію. Вучэбку праходзіў у Вышнім Валачку, а служыў у Сафонаве Смаленскай вобласці, а потым перавялі ў Ноўгарад. Засвоіў ваенную спецыяльнасць радыёмеханіка. Адслужыў і вярнуўся дамоў. Уладкаваўся галоўным заатэхнікам у калгасе «ХХII з’езд КПСС», старшыня якога Мікалай Кавалёў раней працаваў з Героем Сацыялістычнай Працы Іванам Янкоўскім. Мне выдзелілі новы матацыкл з каляскай. Заробкі атрымліваў такія, што мог дазволіць сабе многае.

Неўзабаве па рэкамендацыі райкама партыі мяне зацвердзілі загадчыкам аргаддзела райкама камсамола і хутка абралі другім сакратаром Столінскага райкама камсамола. Мы сябравалі з Утэнскім раёнам Літвы. Прымалі гасцей у сябе і самі да іх ездзілі з калектывамі мастацкай самадзейнасці. Наш самабытны музычны калектыў з вёскі Лядзец пакараў літоўцаў беларускай музыкай. І далей працаваў бы ў раёне, але аднойчы давялося выступаць на рэспубліканскім семінары па замацаванні моладзі на вёсцы. Мая прамова зацікавіла многіх, вывучалі наш вопыт. Запрасілі на працу ў ЦК камсамола рэспублікі. У той год і вяселле згуляў з Валянцінай, якая толькі атрымала дыплом урача-тэрапеўта пасля заканчэння Гродзенскага медыцынскага інстытута.

— Так што разам адправіліся пакараць сталіцу?

— Валянціну накіравалі ў Столінскую цэнтральную раённую бальніцу, і два гады яна там адпрацавала. А я ў сталіцы палаў камсамольскімі ідэямі. Арганізоўваў па рэспубліцы камсамольска-маладзёжныя экіпажы, наладжваў спаборніцтвы сярод вясковай моладзі. Камсамольскімі будоўлямі былі меліярацыя зямель беларускага Палесся і будаўніцтва свінагадоўчага комплексу «Белавежскі».

Неўзабаве мяне рэкамендавалі на вучобу ў ВПШ, дзе канспектаваў крыніцы марксізму-ленінізму. У краіне пачалася перабудова. З шасці беларускіх міністэрстваў стварылі Дзяржаграпрам, і мне прапанавалі ўзначаліць  парткам. У апараце было каля дзвюх тысяч чыноўнікаў. Кіраваў структурай Юрый Мініваліч Хусаінаў, а кадры курыраваў Генадзь Каваленка, ён параіў перайсці ў памочнікі старшыні Дзяржаграпрама, які адначасова быў першым намеснікам старшыні Савета Міністраў. У той час востра паўсталі праблемы забеспячэння краіны харчаваннем, сыравінай для перапрацоўчых прадпрыемстваў. Юрыя Мініваліча Хусаінава, які пайшоў на пенсію, ненадоўга змяніў Фёдар Пятровіч Сянько, якога неўзабаве перавялі на працу ў Маскву. Пасля чарговай рэарганізацыі быў утвораны Мінсельгасхарч, які ўзначаліў Фёдар Уладзіміравіч Мірачыцкі.

— З-за частых рэарганізацый не ўзнікала жаданне адшукаць больш спакойную працу?

— Наадварот, адчуваў сваю запатрабаванасць і ўзмацнялася жаданне працаваць.

— Колькі міністраў за гады вашай працы змянілася?

— Трынаццаць. І з кожным было цікава працаваць. Некаторыя затрымліваліся на некалькі гадоў, а былі і на некалькі месяцаў. Міхаілу Іванавічу Русаму двойчы давялося займаць міністэрскае крэсла. Ён давяраў мне пэўны ўчастак працы. Насычанымі і змястоўнымі былі гады кіравання Дзяржаграпрамам таленавітым кіраўніком Юрыем Мінівалічам Хусаінавым, міністэрствам — Юрыем Дзмітрыевічам Марозам, Леанідам Вячаслававічам Русаком, Зянонам Кузьмічом Ломацем, Фёдарам Уладзіміравічам Мірачыцкім, Сямёнам Барысавічам Шапірам. Паралельна выконваў і абавязкі старшыні прафсаюзнага камітэта міністэрства.

 — У кожнага новага кіраўніка свой стыль і характар. Даводзілася падладжвацца?

— Не было такой неабходнасці, і ад мяне гэтага не патрабавалі. Кожны чалавек своеасаблівы. У аднаго больш вопыту, прафесіяналізму, у іншага менш аналізу. Леанід Канстанцінавіч Заяц працуе па 17 гадзін у суткі, надта загружае сябе.

— Мо, так і трэба. Міністр у адказе за ўсё.

— Але галоўнае — генерыраваць ідэі. З розных семінараў, замежных паездак выкарыстоўваць і адаптаваць найбольш карыснае. На жаль, на ўсё не стае часу. Беларускі Грамадзянскі кодэкс размяжоўвае функцыі дзяржаўных структур. Такімі прадпрыемствамі, як «Санта Брэмар» і іншымі прыватнымі фірмамі, якія размешчаны ў свабодных эканамічных зонах, кіруюць аблвыканкамы. Прымушаюць і наша міністэрства кіраваць імі, але мы не валодаем рэальнымі рычагамі ўздзеяння на іх. Атрымліваецца дадатковая зборная функцыя. Мінсельгасхарч не павінен гэтым займацца. Не маем права кіраваць кадрамі на месцах. Толькі ўзгадняем прызначэнні на адказныя пасады ў рэгіёнах. Прыняць на працу ці вызваліць кіраўніка не маем паўнамоцтваў. Можам прасіць аб гэтым аблвыканкам. Таму вельмі складана кіраваць. Затое ад нас патрабуюць вялікі аб‘ём аператыўнай інфармацыі. Нават камп’ютары не здымаюць каласальнай нагрузкі.

— Калі вы пачыналі працаваць памочнікам міністра, не было камп’ютараў, іншай аргтэхнікі. Як спраўляліся з патокам дакументаў?

— Паспявалі рыхтаваць іх аператыўна. Не было парадоксаў, калі міністр адначасова ў адзін дзень запрашаўся на некалькі мерапрыемстваў. Юрый Мініваліч Хусаінаў патрабаваў, каб нарады грунтоўна рыхтаваліся і праводзіліся нячаста. І каб у іх удзельнічалі не чыноўнікі, якія падпісвалі справаздачы, а спецыялісты, што рыхтавалі іх.

Мне вельмі дапамагаюць у працы простыя дзедавы парады, і найперш — ніколі нічога не адкладваць на заўтра. Ад яго навучыўся шанаваць чужы і свой час. Шмат мудрасці падаравала мне жыццё. Міністры Вадзім Аляксандравіч Папоў, Леанід Вячаслававіч Русак патрабавалі, каб па дробязях апарат Савета Міністраў не турбавалі і там удакладнялі, каго на якую нараду запрашаць.

— Мікалай   Канстанці-

навіч, я ведаю, што раней вы мелі магчымасць непасрэдна дапамагаць вырашаць для гаспадарак неадкладныя пытанні, а зараз як?

— Дэфіцыт забеспячэння знік. Усё ўпіраецца ў фінансы. А яны ў банках.

— Дапамагчы трапіць на прыём да міністра — таксама справа важная.

— Гэта ніколі не было праблемай, але трэба адчуць неабходнасць такой сустрэчы. Мой стыль работы класічны. Нават мэблю ў кабінеце за тры дзесяцігоддзі толькі аднойчы абнаўляў. Рарытэтным стаў гадзіннік з бліскучым медным маятнікам і масіўнымі гірамі, выраблены паўвека таму.

— Цікавей было працаваць, калі ўсё вырашалі партыйныя органы ці зараз?

— Партыя вырашала перспектыўныя пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Ставіліся задачы і забяспечваліся фінансамі. Зараз найбольшая праблема — мадэрнізацыя прадпрыемстваў і рэалізацыя прадукцыі, разлікі за яе, таму што адкрыліся межы і рынуўся паток тавараў, якія выцясняюць беларускую прадукцыю. Оптавыя скідкі, што патрабуе гандаль, ставяць у неправамернае становішча айчынных вытворцаў. Найбольш буйныя гандлёвыя фірмы закупляюць прадукцыю і па дэмпінгавых цэнах рэалізуюць яе. У пройгрышы застаюцца фірменныя крамы.

— Ці даводзілася дапамагаць вырашаць праблемы паставак сельгаспрадукцыі на рынкі Расіі?

— Усяляк імкнуся садзейнічаць вырашэнню гэтай актуальнай праблемы. Аператыўна каардыную прадстаўніцтва міністэрства на розных нарадах, падключаю супрацоўнікаў для вырашэння неадкладных задач. Часам даводзіцца ўзмоцнена патрабаваць, каб хутчэй справіцца з даручэннем. Паступаюць дакументы па супрацоўніцтве з Еўразійскай эканамічнай супольнасцю і Сусветнай гандлёвай арганізацыяй. Многія з іх на замежнай мове і патрабуюць высокакваліфікаванага перакладу.

— Мікалай Канстанцінавіч, які час года ў вас самы напружаны?

— Увесь год, толькі спакайней, калі міністр на месцы і можна частку неадкладных праблем вырашыць з ім ці параіцца. Рабочы дзень мой, як і міністра, пачынаецца рана і доўжыцца да вечаровых зорак.

— Калі выдаецца вольная гадзіна, дзе бавіце?

— Захапляўся валейболам. Але ўсяму свая пара. Летась адзначыў 65-годдзе.

— Самыя гады, калі можна ўнукамі хваліцца...

— Падрастае ўнучка Вікторыя. Восенню пойдзе ў школу. Дачка Ірына і зяць Дзяніс — спецыялісты-кардыёлагі і нейрахірургі, шмат часу аддаюць медыцыне, таму ўнучка часцей з намі. Ужо цудоўна чытае. Летам на лецішчы разам.

— Што вырошчваеце?

— Пачынаючы з гародніны, і нават ранняй бульбай забяспечваем сябе да новага ўраджаю. А ўвосень на мінскіх кірмашах багаты выбар усяго.

— Дзе звычайна водпуск праводзіце?

— Падзяляю яго на дзве часткі. Першую выкарыстоўваю, каб дапамагчы бацькам жонкі ўправіцца на агародзе, а другую — убраць вырашчанае там. За мяжой з жонкай не адпачываем. А не лішне было б  і аздаравіцца на паўднёвым курорце.

— Ваш самы любімы куточак на зямлі?

— У сэрца часта дзедаў хутар залятае, дзе нарадзіўся і ўсё там сэрцу міла. Але, на жаль, рэдка выпадае хадзіць па сцежках дзяцінства. Люблю і той невялікі куточак зямлі на лецішчы, дзе ўсё абуладжана сваімі рукамі.

— Не шкадуеце, што не сталі лётчыкам, і нават заатэхнікам нядоўга давялося працаваць?

— Што лёсам наканавана, ні на якім кані не аб’едзеш і не абмінеш. Тры дзесяцігоддзі працы памочнікам міністра — як на пярэднім рубяжы. Усяляк бывала, але маё крэда: сумленнем не крывіць, працаваць на дзяржаву.

Уладзімір СУБАТ

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter