Лёс мяккага знака

Ад “тарашкевіцы” да нашых дзён, або З нагоды аднаго юбілею75 гадоў назад, 26 жніўня 1933 года, Саветам Народных Камісараў БССР была прынята пастанова “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу”. Падрыхтаваны ў адпаведнасці з пастановай звод правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі атрымаў пазней назву “наркомаўка”. Ёю, па сутнасці, мы карыстаемся і сёння. У жніўні 1933-га адбылася фактычна адзіная на працягу навейшай гісторыі развіцця беларускай пісьмовай мовы рэформа правапісу, якая вызначыла сучасны яго выгляд. У далейшым мовазнаўцы толькі час ад часу ўносілі ўдакладненні, не закранаючы асноўных прынцыпаў беларускага правапісу, што былі сфармуляваны ў 1933-м. Да прыняцця “наркомаўкі”, з 1918 года беларусы пісалі, карыстаючыся зводам правіл арфаграфіі і пунктуацыі, які быў сфармуляваны ў “Беларускай граматыцы для школ” Браніслава Тарашкевіча і за якім замацавалася назва “тарашкевіца”.

Першая ўдалая спроба
У 1918 годзе ў Вільні пабачыла свет “Беларуская граматыка для школ” Браніслава Тарашкевіча, у якой была зроблена першая ўдалая спроба ўнармавання правапісу новай літаратурна-пісьмовай беларускай мовы. На працягу наступнага дзесяцігоддзя правапіс Тарашкевіча і яго “Граматыка” адыгралі выключна важную ролю ў пашырэнні і ўкараненні беларускай мовы ва ўсе сферы ўжытку беларускага грамадства. Але моўная практыка ўжо ў сярэдзіне 1920-х паказала, што гэты правапіс мае істотныя недахопы, якія, у прыватнасці, абцяжарваюць вывучэнне беларускай мовы ў агульнаадукацыйных школах.
— Пытанне аб рэформе правапісу паводле “Граматыкі” Тарашкевіча фактычна ўзнялі настаўнікі-практыкі, што пачалі выкладаць беларускую мову і весці навучанне па-беларуску. Прычым пытанне гэта было імі ўзнята задоўга да пачатку палітычных рэпрэсій, — адзначае дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр ЛУКАШАНЕЦ. — Дарэчы, і сам Тарашкевіч у прадмове да аднаго з выданняў сваёй “Граматыкі” пісаў, што не ўсе распрацаваныя ім правілы дасканалыя і “Граматыка” патрабуе пэўнай дапрацоўкі. Некаторыя сфармуляваныя Тарашкевічам правілы былі вельмі грувасткімі і складанымі для вывучэння. Многія аспекты правапісу засталіся ўвогуле незакранутымі, недасканалым было ўпарадкаванне напісання слоў іншамоўнага паходжання.
— “Граматыка” 1918-га моцна садзейнічала стабілізацыі правапісных норм. У сваім правапісе Тарашкевіч здолеў аб’яднаць два асноўныя прынцыпы, што і сёння застаюцца вядучымі ў беларускай арфаграфіі: марфалагічны і фанетычны, — тлумачыць навукоўца. — Марфалагічны прынцып звязаны з нязменнай перадачай на пісьме значымых частак марфем незалежна ад таго, як яны вымаўляюцца ў розных формах слова. А фанетычны прынцып звязаны з адлюстраваннем на пісьме вуснага маўлення: “як чуеш, так і пішаш”. Марфалагічнаму прынцыпу ў асноўным падпарадкавана адлюстраванне на пісьме зычных гукаў, фанетычнаму — галосных. Такім чынам, Тарашкевічу ўдалося не толькі ўпершыню сістэмна сфармуляваць асноўныя правілы беларускай арфаграфіі, але і спалучыць два асноўныя прынцыпы (фанетычны і марфалагічны), што забяспечыла адметнасць беларускай пісьмовай мовы. Беларускае грамадства карысталася “тарашкевіцай” на працягу больш як 10 гадоў.
Праект 1929 года
Вялікая акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускай графікі і правапісу адбылася ў лістападзе 1926 года. Удзел у ёй прынялі вядучыя беларускія і замежныя мовазнаўцы, настаўнікі-практыкі, якія дэталёва абмеркавалі прынцыповыя моманты беларускага правапісу. Сярод найбольш вострых пытанняў на парадку дня канферэнцыі былі перадача акання і якання ў словах іншамоўнага паходжання, а таксама пытанне абазначэння асіміляцыйнай мяккасці зычных на пісьме. Нагадаем, што, паводле “Граматыкі” Тарашкевіча, мяккі знак выкарыстоўваўся для абазначэння мяккасці зычных у словах тыпу “сьнег”, “зьвер”.
Вынікам канферэнцыі стала стварэнне правапіснай камісіі, у якую ўвайшлі буйнейшыя спецыялісты-мовазнаўцы таго часу — С.Некрашэвіч (старшыня), Я.Лёсік, В.Ластоўскі, П.Бузук, І.Бялькевіч, Янка Купала, У.Чаржынскі, А.Багдановіч (сакратар). Да 1929 года камісія правяла 33 пасяджэнні і падрыхтавала праект новага беларускага правапісу. Найбольш вострым пытаннем, што доўга дыскутавалася, была зноў жа праблема абазначэння асіміляцыйнай мяккасці зычных. Члены камісіі так і не прыйшлі да адзінай высновы.
— У працэсе абмеркавання адны і тыя ж члены камісіі часта мянялі сваю думку па гэтай праблеме, — расказвае Аляксандр Аляксандравіч. — Бо пытанне сапраўды вельмі складанае. Але у праекце правапісу, які падрыхтавала камісія, мяккі знак для абазначэння асіміляцыйнай мяккасці зычных быў выключаны (прапаноўвалася пісаць снег, звер). Наступным этапам павінна было стаць грамадскае абмеркаванне новых правіл. Але гэтаму не суджана было спраўдзіцца. Пачалася першая хваля рэпрэсій, і большасць членаў правапіснай камісіі былі аднесены да так званых нацдэмаў. Распрацаваны імі праект больш за год праляжаў без усялякага руху.
“Рэпрэсіравалі камісію, а не правапіс”
Аднак патрэбы моўнай практыкі рабілі вельмі актуальнай праблему ўпарадкавання і спрашчэння беларускага правапісу. Таму ў пачатку 1930 года ў Інстытуце мовазнаўства была створана новая камісія, якая дапрацавала праект папярэднікаў. Вынікам дапрацоўкі стала пастанова Савета Народных Камісараў 1933 года “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу”, а ў 1934 годзе быў апублікаваны разгорнуты і дэталёвы звод арфаграфічных правіл “Правапіс беларускай мовы”.
— Гэта сапраўды была рэформа беларускага правапісу — першая і апошняя, — падкрэслівае Аляксандр Лукашанец. — Яна ўнесла дастаткова істотныя змены ў правапіс. Але асноўныя прынцыпы правіл 1933-га засталіся тымі ж, што былі выпрацаваны камісіяй у 1929 годзе. Іншымі словамі, рэпрэсіравалі камісію, а не правапіс. Не маюць падставы меркаванні, што асноўнай мэтай рэформы было набліжэнне беларускай мовы да рускай, страта яе самабытнасці. Новы правапіс з навуковага пункту погляду якраз стаў істотным крокам наперад у напрамку сістэматызацыі правіл арфаграфіі і набліжэння пісьмовай беларускай мовы да яе фанетычнага ладу і асаблівасцей вымаўлення. Асабліва гэта датычылася слоў іншамоўнага паходжання.
Праўда, не ўсе пытанні былі вырашаны навукова і паслядоўна, пра што сведчыць дадатак да пастановы “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу”, які пабачыў свет праз некалькі дзён пасля яе і ўдакладняў напісанне некаторых “інтэрнацыянальна-рэвалюцыйных” слоў. Дадаткам было замацавана напісанне па-беларуску рускіх асабовых назваў (напрыклад, гарады Орол, Владзівосток), а таксама тэрмінаў “большэвік”, “комуніст”, “піонер” — словы рэвалюцыйнага зместу не падпарадкоўваліся прынцыпу акання/якання.
Не рэформы, а ўдакладненні
Далейшыя крокі па ўдасканаленні правапісу мовазнаўцы не адносяць да рэформ. І звод правіл 1959 года, і прыняты 23 ліпеня 2008 года Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” — усяго толькі ўнясенне змен, якіх вымагае моўная практыка і якія не закранаюць закладзенных у 1933 годзе асноў.
— Работа па ўдасканаленні правапісу працягвалася адразу пасля рэформы, — расказвае суразмоўца. — Да 1940 года быў падрыхтаваны яшчэ адзін праект рэформы беларускага правапісу, які абмяркоўваўся. Але далей абмеркавання, на шчасце, справа не пайшла: праект быў вельмі зрусіфікаваны.
У 1959 годзе свет пабачыў звод “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, які на цэлае паўстагоддзе забяспечыў паспяховае функцыянаванне пісьмовай беларускай мовы. Гэты звод унёс у беларускі правапіс удакладненні, зрабіўшы “наркомаўку” больш сістэмнай і паслядоўнай. У прыватнасці, практычна адмяніў дадатак. Хоць праблемы ўпарадкавання напісання слоў іншамоўнага паходжання канчаткова не былі вырашаны і ў 1959-м.
— Спецыфіка беларускага правапісу ў тым, што ён спалучае два, так бы мовіць, супрацьлеглыя прынцыпы — марфалагічны і фанетычны. Фанетычны прынцып шырока прадстаўлены ў нашым правапісе — на гэта паўплывалі асаблівасці моўнай сітуацыі, калі беларуская мова павінна была выпрацоўваць нормы і захоўваць сваю спецыфіку на фоне пашырэння іншай блізкароднаснай мовы. Між тым гэты прынцып не вельмі падыходзіць для правапісу іншамоўных слоў. Таму ў сувязі з папаўненнем слоўнікавага складу мовы словамі іншамоўнага паходжання пытанне ўпарадкавання іх напісання час ад часу набывае актуальнасць.
Такая сітуацыя склалася ў канцы мінулага стагоддзя, калі ў 1990-х востра паўстала пытанне аб унясенні змен у існуючы правапіс. У грамадстве дыскутавалася ідэя вяртання да дарэформеннага правапісу — “тарашкевіцы”. У прыватнасці, вяртання мяккага знака для абазначэння асіміляцыйнай мяккасці зычных.
“Мяккі знак вяртаць не мэтазгодна...”
— У 1992 годзе ў Інстытуце мовазнаўства была праведзена навуковая канферэнцыя, на якой абмяркоўвалася неабходнасць унясення змен у правапіс, — распавядае суразмоўца. — А ў 1993 годзе была створана дзяржаўная камісія, у склад якой увайшлі вядучыя беларускія лінгвісты, а таксама вядомыя беларускія пісьменнікі і паэты. Камісія разгледзела праблемы беларускага правапісу, што стаялі на парадку дня: пашырэнне прынцыпу акання/якання на словы іншамоўнага паходжання, абазначэнне асіміляцыйнай мяккасці зычных... Высновы работы камісіі былі апублікаваны ў 1994 годзе. Сутнасць гэтых высноў: існуючы правапіс у цэлым задавальняе патрэбы моўнай практыкі і няма неабходнасці ўносіць у яго істотныя змены; але, улічваючы, што з моманту выдання “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” 1959 года прайшло шмат часу і слоўнікавы склад беларускай мовы істотна змяніўся, мэтазгодна падрыхтаваць новую рэдакцыю гэтых правіл, каб наблізіць правапісныя нормы да сучаснага фанетычнага ладу мовы. Асобна камісія разглядала пытанне аб мяккім знаку для абазначэння асіміляцыйнай мяккасці зычных. У выніку ўсебаковага абмеркавання навукоўцы прыйшлі да высновы, што вяртаць яго не мэтазгодна ні з лінгвістычнага, ні з дыдактычнага пункту погляду Гэта азначала б істотныя змены ў правапісе — па сутнасці, другую пасля 1933 года рэформу. А правапіс павінен быць стабільным і ў пэўнай ступені кансерватыўным, захоўваць пераемнасць пісьмовай традыцыі.
Адна з высноў камісіі рэкамендавала да падрыхтоўкі і ўвядзення ў дзеянне новай рэдакцыі правіл арфаграфіі і пунктуацыі ў пісьмовай практыцы строга прытрымлівацца правіл 1959 года.
— На жаль, гэта самае важнае пажаданне было не вытрымана, — працягвае Аляксандр Лукашанец. — У 90-я гады ў беларускамоўных выданнях праявіўся даволі істотны арфаграфічны разнабой, што было не на карысць самой беларускай мове, перашкаджала яе функцыянаванню ў розных сферах ужытку, вывучэнню ў школе. У адпаведнасці з рэкамендацыямі дзяржаўнай камісіі была створана рабочая група, якую ўзначаліў акадэмік Аляксандр Падлужны і ў якую ўвашлі буйнейшыя спецыялісты па ўсіх раздзелах беларускага мовазнаўства: фанетысты, дыялектолагі, марфолагі, сінтаксісты... Да 1998 года быў падрыхтаваны першы варыянт новай рэдакцыі правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, які неаднаразова шырока абмяркоўваўся ў коле навукоўцаў і ў грамадстве. З улікам заўваг і прапаноў праект істотна дапрацоўваўся, асабліва на заключным этапе падрыхтоўкі закона. У выніку сёння мы маем Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Новая рэдакцыя правіл правапісу накіравана на змяншэнне колькасці выключэнняў і прывядзенне пісьмовай мовы ў адпаведнасць з сучаснай моўнай практыкай. Напрыклад, выключэннем з правіла, што пасля галосных “у” пераходзіць у “ў нескладовае”, было слова “універсітэт”. Паводле правіл 1959 года неабходна пісаць “ва універсітэце”. Магчыма, у 1959 годзе мовазнаўцы мелі рацыю: тады гэта іншамоўнае слова было дастаткова нязвыклым, што апраўдвала яго асобнае напісанне. Сёння слова настолькі распаўсюджанае, што рабіць яго выключэннем немэтазгодна, яго напісанне падпарадкоўваецца агульнаму правілу — “ва ўніверсітэце”. Таксама пашыраецца прынцып акання на напісанне некаторых груп слоў іншамоўнага паходжання. Калі раней мы пісалі “адажыо, трыо, сальфеджыо”, то цяпер прапануецца пісаць “адажыа, трыа, сальфеджыа”. Спрошчаны правілы пераносу, бо тыя правілы, што вывучаюцца зараз у школе, у паўсядзённай пісьмовай практыцы, у тым ліку выдавецкай, амаль не працуюць.
Закон уступіць у дзеянне з 1 верасня 2010 года. Мовазнаўцы ўпэўнены, што новая рэдакцыя правіл беларускага правапісу як мінімум яшчэ на паўстагоддзя забяспечыць паспяховае выкарыстанне пісьмовай беларускай мовы ва ўсіх сферах, дзе яна павінна выкарыстоўвацца як дзяржаўная мова нашай краіны і мова тытульнай нацыі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter