По 65 центнеров на круг: в Столинском районе завершили уборку озимого ячменя

Лёгкі колас долу не гнецца

На 30-гектарным масіве за вёскай Стахаў сталі ў загонку тры зернеўборачныя камбайны столінскага КСУП «Прыпяць-2009». Камбайнер Ігар Некрашэвіч і яго памочнік Міхаіл Вабішчэвіч дзясяты сезон працуюць у адным экіпажы на КЗС-1218. Яны неаднаразова перамагалі ў раённым і абласным спаборніцтвах сярод уборачных экіпажаў. Нічым, здаецца, неадметная падзея, але малады дырэктар Андрэй Засімовіч заўважна хвалюецца. Што зразумела: на пачатку вясны ён толькі ўзначаліў гаспадарку, гэта яго першае жніво ў якасці кіраўніка калектыва. Па суседству з ячменным полем механізатары Сяргей Козел і Дзмітрый Ліс на спецыялізаваным камбайне ўбіраюць зялёны гарошак, а Віталь Няхай адвозіць ураджай для перапрацоўкі на кансервавы завод.

Дырэктар КСУП «Прыпяць-2009» Андрэй ЗАСІМОВІЧ і механізатары Ігар НЕКРАШЭВІЧ і Міхаіл ВАБІШЧЭВІЧ.

З-за спякоты жніво ў гэтым паўднёвым кутку рэспублікі пачалося на некалькі дзён раней звычайнага. За некалькі дзён справіліся з абмалотам ячменю на плошчы 80 гектараў механізатары суседняга КСУП «Відзіборскі». Браты Юрый і Ілля Неўдахі 15 сезон працуюць на камбайне КЗС-1218. Як заўжды, старанна падрыхтвалі яго да ўборачнага сезона, які яны сёлета адкрылі. Што­дзённа абмалочвалі ячмень на плошчы да дзесяці гектараў. На круг атрымалася па 65 цэнтнераў зерня. 

— Плануем пашырыць плошчы пад гэту фуражную культуру, — дзеліцца планамі кіраўнік гаспадаркі Сяргей Вярэніч. — Нашы супясчаныя глебы спрыяльныя для яе вырошчвання. З вясны ячменны колас паспеў наліцца. Важна і тое, што дзякуючы дзяржпадтрымцы увесь збожжавы клін атрымаў поўную запраўку азотнымі ўгнаеннямі. Таму і вынік парадаваў. З-за моцнай спякоты частка збожжавых на пагорках падгарэла. Скасілі іх на зернесенаж. На нашых фермах звыш 5 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Трэцяя частка грамадскага статка — каровы. Таму пра кармы дбаем як пра хлеб. Дзякуючы добраму ўраджаю ячменю амаль 500 тонамі зерня папоўнілі ўжо фуражны запас.

Завяршылі ўборку азімага ячменю хлебаробы КСУП «Рухчанскі», ААТ «Лядзецкі». Пяць уборачных экіпажаў працуюць на ячменных палях элітнай гаспадаркі «Палеская ніва». Найбольш урадлівыя ўчасткі тут даюць амаль па 70 цэнтнераў зерня. 

— Звычайна жніво ў раёне мы пачыналі з абкаткі камбайнаў на рапсавых палях, — адзначае галоўны аграном Столінскага райсельгасхарча Аляксей Дзямко. — Сёлета апярэдзіў азімы ячмень. Агульная плошча яго — 350 гектараў. На падыходзе і азімыя жыта і трыцікале. Пераважная частка збожжавых пасеяна сартамі беларускай селекцыі, праз некалькі дзён пачнем масавую іх ўборку. На многіх палях навальніца паклала пасевы. Але, як у нас на Палессі кажуць, лёгкі колас долу не прыгінаецца. Дажджу наша зямля чакала. Асаблівае пшанічнае поле, дзе на вачах наліваецца колас. Даспявае шчодры ўраджай. 

Галоўны аграном Столінскага райсельгасхарча Аляксей ДЗЯМКО і механізатар КСУП «Прыпяць-2009» Сяргей КОЗЕЛ на ўборцы зялёнага гарошку. 

Да выхаду ў поле гатовы ўсе 98 збожжаўборачных камбайнаў гаспадарак раёна. Днямі новы гомельскі зернеўборачны агрэгат КЗС-1218 па лізінгу папоўніў тэхнічны арсенал КСУП «Манькавічы». 

Хлебаробам патрэбна убраць збожжавыя на 20 250 гектарах. Нагрузка на тэхніку макісмальная. Усе экіпажы укамплектаваны вопытнымі камбайнерамі і памочнікамі. Распрацаваны маршруты ўборачных агрэгатаў. На лінейцы гатоўнасці — зернесушыльныя комплексы гаспадарак. 

Летась хлебаробы раёна пераадолелі план ў 40 цэнтнераў збожжавых з гектара і пацвердзілі сваё лідэрства на Брэстчыне. Спадзяемся, што і сёлета будзем з багатым караваем. 

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter