«Праца дома, заробак ад тысячы долараў, вопыт не патрабуецца...»

Лёгкі хлеб з дармавым сырам

«Праца дома, заробак ад тысячы долараў, вопыт не патрабуецца...» Аб’явы на аўтобусных прыпынках і сайтах інтэрнэту прыцягваюць увагу даверлівых грамадзян. І як тут не ўхапіцца за такую магчымасць зарабіць добрую капейку. Карэспандэнт «Р» праверыла, ці лёгка атрымаць вялікія грошы і як не папас-ціся на хітрыкі ашуканцаў.

rr-8_.jpg

Нельга сказаць, што такіх вакансій няма зусiм. Падзарабіць дома, набіраючы тэксты або напаўняючы інтэрнэт-сайты, можна, але з такімі аб’явамі трэба быць асцярожнымі. Гартаю газету. Запаветную тысячу долараў, аказваецца, можна зарабіць, седзячы дома ля тэлевізара і збіраючы шарыкавыя ручкі. Спецыяльных ведаў не патрабуецца, можна самой планаваць графік. Пра такую працу можна толькі марыць, падумала я і набрала нумар. 

— Запчасткі высылаем поштай. Каб сабраць адну ручку, трэба секунд пяць. Працуеце 3—4 гадзіны ў дзень — і за тыдзень атрымаеце 500 долараў. А калі па шэсць гадзін, то і тысячу, — прыемны мужчынскі голас запэўнiвае мяне, што розніцы паміж простым зборшчыкам і мільянерам у прынцыпе не існуе.

Пакуль я пацірала рукі і планавала, што куплю на такія звышзаробкі, на электронны адрас прыходзіць пісьмо: «Неабходна ўнесці плату за першыя тры паштовыя пасылкі — сто тысяч рублёў за кожную». Усе наступныя выдаткі, сцвярджаюць мае працадаўцы, яны возьмуць на сябе. Дзеля эксперымента ды журналісцкай цікавасці тры сотні тысяч беларускіх рублёў усё ж пералічыла на электронны кашалёк. На гэтым моманце наша «супрацоўніцтва» абарвалася.

Пагарэла на такога кшталту лёгкім хлебе пенсіянерка Тэрэза Казіміраўна з Гродна. Аб’яву знайшла ў паштовай скрынцы і адразу набрала нумар тэлефона. Незнаёмы дабрадзей бажыўся заплаціць 50 тысяч рублёў за старонку набранага тэксту, 250 тысяч за сто разнесеных лістовак. Рэкламнаму ж агенту і ўвогуле абяцаў 4 мільёны толькі за ўменне пераходзіць па інтэрнэт-спасылках. Праўда, уладкавацца на працу можна было толькі па тэлефоне і толькі з гарадскога нумара. Як правіла, такія нумары пачынаюцца з 8-902, а гэта значыць, што званок платны. 

— Дзве хвіліны слухала ў трубцы класічную музыку і аддала 520 тысяч. Нятанны такі канцэрт атрымаўся, — паказвае тэлефонны рахунак Тэрэза Казіміраўна. 

— Адзін званок зламысніку, які ў лістоўках прапануе купіць тавар або зарабіць грошы, можа дорага абысціся. У апошні час ахвяр усё больш, — просіць не давяраць паведамленням незарэгістраваных арганізацый Ігар Белазёраў, прэс-сакратар УУС Гродзенскага аблвыканкама. 

Прага да лёгкага заробку даецца ў знакі і студэнтам, і пенсіянерам, і нават заможным людзям. Большая частка аб’яў у катэгорыі «Праца дома» належыць анлайн-ашуканцам. Алгарытм часцей за ўсё такі. Ты запаўняеш анкету і ідзеш на субяседаванне. А там — яшчэ паўсотні кандыдатаў на вакансію менеджараў і прадаўцоў. Мужчына ў касцюме пасля доўгага маналога аб залатых горах нарэшце кажа галоўнае: каб прайсці ў другі тур, трэба заплаціць 150 тысяч. Натуральна, капейкі ў параўнанні са светлай будучыняй. Але ж, памятаеце, я трыста тысяч прайдзісветам ужо аддала, а таму зараз дулю вам, а не грошы. Толькі вось многія, на свае вочы гэта бачыла, палезлі ў кішэні за грашыма. 

— Каб не стаць ахвярай, трэба правяраць, ці існуе такая фірма рэальна, і ні ў якім разе не плаціць папярэднія ўзносы, — папярэджвае Уладлена Харытонава, старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення вышуку крымінальнай міліцыі МУС. 

Рэальны заробак, а не рэальны развод усё ж такі існуе. Знайсці працу на некалькі гадзін у дзень можна ў мясцовым упраўленні занятасці. 

— Вакансіі папаўняюцца што-дзённа — пастаянныя, праца дома, на палову стаўкі, — апускае мяне з нябёсаў на зямлю Таццяна Ку-дзевіч, начальнік упраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. 

Вядома, тут мне наўрад ці заплацяць тысячу-другую долараў, але бясплатнага сыру я пакаштавала ўжо.

Юлiя ПАПКО 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter