Сёлетняя акцыя “Тыдзень лесу-2015” будзе прысвечана 70-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне

Лясы ўдзячнай памяці

Сёлетняя акцыя “Тыдзень лесу-2015” будзе прысвечана 70-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне

Удзельнікі ўсебеларускай акцыі з 28 сакавіка па 4 красавіка будуць высаджваць дрэвы ў гонар воінаў-вызваліцеляў. Пра тое паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі. Прыняць удзел у патрыятычнай справе запрашаюцца ўсе жадаючыя. У лясгасах можна будзе пасадзіць дрэвы, стварыць памятную алею ці закласці дэндрапарк. Кожны зможа выбраць, якім чынам далучыцца да прымнажэння лясных багаццяў Беларусі. Будуць і пасадачныя матэрыялы, і прылады працы.

У арганізацыях Мінлясгаса, вядома ж, ёсць свае сілы і сродкі, каб належным чынам ахоўваць і ўзнаўляць лясы. Але дзякуючы акцыі да “зялёнага сябра” прыцягваецца ўвага грамадскасці. Бо лясы — гэта не толькі дар прыроды, але і вынік цяжкай працы, які варты павагі. Акцыя дае магчымасць пазнаёміцца ​​з лясной гаспадаркай, даведацца, як ствараюцца і аберагаюцца лясы.

Ужо рыхтуюцца да прыёму ўдзельнікаў акцыі каля 2 тысяч аб’ектаў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі — іх пералік будзе размешчаны на сайце Мінлясгаса 23 сакавіка. Днямі пачнецца і рэгістрацыя ўдзельнікаў Тыдня лесу. Летась, дарэчы, у акцыі паўдзельнічала больш за 50 тысяч добраахвотнікаў, з іх дапамогай было пасаджана звыш 70 мільёнаў дрэў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter