Лясная моладзь сустракае сваё першае лета

Лясныя яслі

Па-рознаму сустракае сваё першае лета лясная моладзь — наперадзе ў яе яшчэ шмат жыццёвых урокаў. Але ж падрастаюць юныя звяры і птушаняты вельмі хутка. Зараз гэта ўжо не чэрвеньскія немаўляты, якія яшчэ не мелі поўнага ўяўлення пра небяспеку і маглі лёгка стаць здабычай драпежнікаў ці браканьераў. Яны ж такія дапытлівыя. А як цікава назіраць за іх паводзінамі!..

Дарэчы, калі вы сустрэнеце ў лесе дзіцяня якой-небудзь дзікай жывёлы, не чапайце яго. Часцяком маці шукае здабычу і хутка вернецца. А гэта значыць, што вы не толькі не дапаможаце, наадварот, нашкодзіце! Напрыклад, для зайцоў або аленяў характэрна пэўная мадэль паводзін: пакуль маці корміцца непадалёк, малыш хаваецца ў траве. Пры набліжэнні драпежніка яна, падпарадкоўваючыся інстынкту самазахавання, уцякае, а дзіцяня застаецца ляжаць у траве, спадзеючыся на сваю непрыкметнасць. Таму, калі вы бачыце такога малога, трэба пастарацца яго не турбаваць і сысці. Мама абавязкова вернецца да свайго дзіцяці. У жывёльным свеце абыякавыя матулі сустракаюцца вельмі рэдка.

І ні ў якім разе нельга дакранацца да “знайдыша” — адчуўшы ваш пах, мама можа кінуць малога. Да таго ж дзікія звяры з’яўляюцца пераносчыкамі шматлікіх хвароб. Дарэчы, калі гаворка ідзе пра дзіцянят такіх жывёл, як лось, мядзведзь, дзік, кантактаваць з імі ўвогуле небяспечна — дарослыя асобіны могуць кінуцца абараняць іх. Калі жывёліна несур’ёзна паранена, у яе больш шанцаў выжыць у дзікай прыродзе, чым перажыць велізарны стрэс ад знаходжання ў чужародным асяроддзі і змены корму. А калі рана сур’ёзная, тут ужо без ветэрынарнай дапамогі не абысціся.

Так што лепш назірайце за лясным жыццём збоку і не ўмешвайцеся ў вывераныя тысячагоддзямі законы прыроды. І калі пашанцуе, вас чакаюць дзіўныя адкрыцці!

kuklov@sb.by

Фота Дзяніса Іўковіча і Максіма Вечара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter