Лясныя сцяжынкi

I ў далёкiм дзяцiнстве, i цяпер мяне вельмi вабяць лясныя сцяжынкi...

I ў далёкiм дзяцiнстве, i цяпер мяне вельмi вабяць лясныя сцяжынкi. Калiсьцi лес вольна i распеўна пачынаўся недалёка ад нашай вёскi Пешкi, ён ўвайшоў у маё сэрца i памяць назаўсёды, iм я зачараваны, у яго ўлюбёны i лiчу, што гэтым проста шчаслiвы. Наш лес быў надзвычай грыбны, iх з чэрвеня i да позняй восенi багата хапала аж для трох вёсак, якiм выпала доля быць заручанымi з лесам на ўсё жыццё. Шматлiкiя сцяжынкi разбягалiся праз звонкiя сасновыя бары, велiчныя сваёй маўклiвай урачыстасцю дубровы, бярозавыя гаi… Асабiста для мяне, заўзятага грыбнiка, кожная такая сцяжынка мела сваё iмя, а ўсё тое, што расло на ёй, — глыбокi сэнс i значэнне.

Гасцiнная «куханька»

З вёскi да лесу трэба было прабiрацца балотам. Цяпер яго ўжо няма, i не лiчу, што за гэта трэба толькi дзякаваць мелiярацыi. Можна было i пакiнуць некранутай частку балота, тым больш што плошча яго велiзарная. I тут былi такiя цудоўныя мясцiны, такiя высокiя маляўнiчыя астраўкi — проста райскiя куточкi! З ранняй вясны i ўсё лета яны звiнелi птушынымi спевамi. Праўда, сустракалася i багна, мы ведалi, дзе яна, i абыходзiлi.

Толькi канчалася балота, адразу ж пачыналася сцяжынка. Дзве-тры хвiлiны хады — i яна прыводзiла нас у прыгожы змешаны лес, якi называўся «куханькай». Мудрыя i дасцiпныя людзi спакон вякоў жылi ў беларускiх вёсках, i назва кожнай мясцiны азначала нешта самае ёй уласцiвае i адметнае. Больш правiльнага i вобразнага «iмя» нельга было i прыдумаць для месца, за якiм пачынаўся сапраўдны лес: «куханька» — i гэтым усё сказана. Зусiм, як у сялянскай хаце: спачатку кухня, потым вялiкi пакой.

Мае грыбы чакалi мяне

«Куханька» сустракала мяне па-хатняму ветлiва i гасцiнна. Як добры падарунак, яна абавязкова зберагала мне некалькi грыбоў, тым самым даказвала сваю вернасць i падагравала мой iнтарэс да цiхага палявання. Але самае цiкавае было ў тым, што грыбы хавалiся ў траве на самым краi сцяжынкi. Я гэта добра ведаў, бо пераконваўся заўсёды, i сцяжынка нiколi мяне не расчароўвала. Мае грыбы тут заўсёды чакалi мяне. Але ж яшчэ адно дзiва: колькi ж людзей праходзiла па гэтай сцяжынцы, i кожны, як вопытны грыбнiк, абшукваў пiльнымi вачыма кусты i маладыя бярозкi, асiны, што раслi ўздоўж яе. I многiм шанцавала то на белы грыб, то на падасiнавiк, то на сыраежку…

Я крочыў па сцяжынцы нетаропка, чакаючы сваёй чарговай грыбной удачы. I яна радавала мяне. Потым забiраўся ў вельмi стары лес, дзе было шмат палянак, вельмi шчодрых на грыбы. З поўным кошыкам вяртаўся на сваю сцяжынку i, калi было надта спякотна, садзiўся ў цяньку. Крыху спачываў i займаўся самым цiкавым: асцярожна даставаў з кошыка грыбы, клаў iх на мяккую зялёную траву i перабiраў. Абавязкова лiчыў, колькi ж баравiкоў. Не хачу хвалiцца, але я добра ўмеў iх шукаць у дзяцiнстве, пра што ведала ўся наша вёска. Перабраўшы грыбы, я самыя прыгожыя клаў у кошыку наверсе. I задаволены крочыў сваёй роднай сцяжынкай праз «куханьку» дамоў…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter