Лясныя палянкі

Калі бываю ў лесе, мне ўяўляецца, што ён вядзе мяне туды...

Кожная з іх па-свойму адметная і непаўторная, кожная дорыць чалавеку маленькае, але ж такое цікавае і хвалюючае адкрыццё

Калі бываю ў лесе, мне ўяўляецца, што ён вядзе мяне туды, куды мне трэба. Быццам разумее і адчувае маё захапленне і апантаную любоў да яго. Лес павядзе мяне па вузенькай, ледзь прыкметнай сцяжынцы, аздобленай кветкамі, якія тут нейкія сарамлі-выя. Заманіць у гушчар, такі непралазны, што, здаецца, тут не ступала чалавечая нага, а мне цікава і карціць.

То радасна і прыветна сустрэне мяне кучаравы бярозавы гай, дзе дрэвы ажно свецяцца ад сонца. Часам завітае сюды нецярплівы свавольны вецер, каб пазабаўляцца з маладымі прыгажунямі-бярозамі, расчасаць ім косы. Тут абавязкова пачуеш птушыныя спевы, і так хочацца затрымацца, бо свежая асалода гаю напаўняе цябе жывою сілай.

Але ж лес кліча мяне ісці далей, і заўзята падпарадкоўваюся яго чароўнай волі. Ну вось, новае адкрыццё на маім шляху — сасновы бор. Ён незвычайна прыгожы і такі чысты, прамыты густымі ліпеньскімі даж-джамі і прасушаны гарачым сонцам. На ствалах, быццам пакрытых золатам, зіхацяць дрыготкія сонечныя блікі, сосны стромкія, бы агромністыя свечкі. Я не шукаю тут ніякіх сцяжынак, крочу напрасткі, па ігліцы, часта ступаю на мяккі мох. Густы водар разагрэтай смалы, крыху парна, ад чыстага паветра быццам п’янееш. І хоць бор настолькі велічны і ўрачысты, бы той храм, але ж я добра ведаю, што тут доўга затрымлівацца непажадана. Кожны гектар такога лесу ў гарачы дзень выдзяляе да 30 кілаграмаў эфірнага алею. У некаторых людзей можа балець галава, асабліва ў гараджан, якія не прывыклі да такога паветра, настоянага на розных травах і кветках, ды яшчэ перамешанага з густым пахам смалы.

І вось мой гасцінны лес дорыць мне нешта такое, ад чаго я ў поўным зачараванні: выводзіць мяне на палянку. Не ведаю, як для каго, але ж для мяне гэтыя невялічкія адкрытыя мясцінкі сярод лесу — з’ява даволі нечаканая і дзіўная. Пэўна, некаторыя чытачы падумаюць: ну што можа быць дзіўнага на звычайнай лясной палянцы? Але ж яно ёсць, болей таго — нават загадкавае.

Давайце памяркуем. Як разумець, што глыбока ў лесе, сярод старых, магутных сосен раптам туліцца ціхая палянка? Чаму тут не растуць тыя самыя сосны альбо іншыя дрэвы, якіх навокал мноства. Вецер, птушкі, бы тыя дбайныя сейбіты, па ўсім наваколлі разносяць самае рознае насенне, якое дае жыццё новым дрэвам. А на палянцы — ніводнага. Нават на шырокім лузе, які ляжыць каля нашага лесу, таксама заўзята растуць сасонкі, бярозкі, вольхі, асіны... І яшчэ дзіва: ля самага нашага агарода з жоўтага пяску некалькі гадоў таму вытыркнулася кволенькая ялінка, цяпер жа вымахала такая прыгажуня, што адна любата. Потым побач з ёй яшчэ адна, бы тое дзіця, і — во нечаканасць — з’явілася і шпарка ідзе ў рост сасонка. А гэта далекавата ад лесу, і ўсё ж даляцела сюды насенне. Чаму ж такія «непрыступныя» палянкі? Лясная навука, пэўна, неяк тлумачыць гэтую з’яву, але ж я распавядаю пра тое, што бачу сваімі вачыма.

Асаблівае зачараванне лясных палянак у тым, што яны ніколі і нідзе не паўтараюцца, кожная мае сваю адметнасць і прывабнасць. І кожная тоіць у сабе незвычайна многа прыгожага, не трэба толькі спяшацца, калі ты выйшаў на гэтую чароўную мясціну, — тады яшчэ раз адчуеш і зразумееш, які ж адмысловы майстар — наша прырода. Стаіш, утрапёны, на палянцы, быццам у майстэрні таленавітага самабытнага мастака. Адна з іх у нашым лесе даўно і добра мне знаёмая, бо не хачу абмінаць яе, калі тут вандрую. Паляна вузкая, прадаўгаватая, летам густа спавітая травамі і кветкамі, быццам жывое рознакаляровае покрыва ў сасновым лесе. Тут заўсёды мне падрыхтаваны пачастунак. Летам па краях палянкі на крэпкіх галінках вісяць чарніцы, буйныя, вельмі сакавітыя, тут, у траве ды ў цяньку, іх не высушыла спякотнае сонца. У выхадны, калі свабоднага часу ў мяне досыць, гэты своеасаблівы лясны дэсерт смакую паволі, каб даўжэй цягнулася асалода. Акуратна зрываю самыя спелыя, чорныя ягады, а чырвоныя пакідаю на галінках — хай паспяваюць да наступнага майго прыходу сюды, на «маю» палянку, якой лічу яе.

Чарніцы не адзіны тут ласунак. Ведаю, што мяне яшчэ чакаюць і суніцы, толькі трэба прайсці на сярэдзіну палянкі, адкрытую сонцу. Суніцы рассыпаны чырвоненькімі кропелькамі сярод рэдкай травы, некаторыя ягадкі перамяшаліся з дробненькімі ляснымі кветачкамі — ах, які ж цудоўны жывы малюнак. Я не спяшаюся рваць суніцы, бо тут, на сонцы, ад іх такі духмяны водар, што хочацца яго піць і піць.

Сёлета палянка была проста на дзіва багатая суніцамі. Куды ні глянеш, усюды чырванелі гэтыя ягадкі, нават пад кустамі. Я не тое што здзіўлены, але ўражаны: адсюль не так далёка да нашай вёскі, няўжо аматары салодкай ягады «праспалі» самую яе пару. Успамінаю, як у далёкія галодныя пасляваенныя гады мы, басаногія вясковыя хлапчукі, хадзілі па ягады. Каб крыху было весялей, распявалі просценькую песеньку: «Кліча лес, і нам не спіцца,// Бо паспелі ўжо чарніцы,// Хоць нялёгкая работа —// У ягады ідзём з ахвотай».

Мы тады ведалі: хто першы прыйдзе на запаветныя мясцінкі — яму і самыя багатыя лясныя дары. Зусім як і зараз, калі я завітаў на гэтую палянку, якая быццам чакала мяне. Чарніцы можна есці з малаком, такая смаката. Ну а калі пашанцуе набраць суніц, дык варэнне з іх па водару і смаку проста фантастыка. Таму паводжу сябе на палянцы, як дбайны гаспадар. Ступаю акуратна, без патрэбы не сарву ніводнай ягады, ніводнай кветачкі. Свая ж палянка.

А зараз у мяне будзе яшчэ адно задавальненне. Ускраек гэтай палянкі крыху забіраецца ў глыбіню, і тут яшчэ адна надзвычай утульная мясціна. Сярод маладога падрастаючага лесу горда ўзвышаюцца старыя сосны, сапраўдныя веліканы. Яны растуць не густа, воддаль адна ад другой, відаць, любяць свабоду і прыволле. Пад некаторымі з іх не сухія лішайнікі, а зеленавата-жоўты мох, ды такі мяккі, як тая падушка. Я саджуся ля сасны, мяне ахоплівае дрымотная ціша, якая зрэдку ўздрыгвае ад птушынага крыку. Гляджу ўверх — там, у чыстым блакі-це неба, купаюцца вершаліны гэтых велічных сосен. Прыслухоўваюся — і быццам чую ці то мілагучны звон, ці то лёгкі-лёгкі гоман. Ёсць такі выраз: «сосны гамоняць». Сказана вобразна і хвалююча. Сапраўды, калі вось у такі пагодлівы летні дзень пасядзець на ціхай палянцы сярод сосен, прыслухацца да іх — так, так, менавіта да іх, як да жывых істот, — пачуеш той самы гоман. Мо сапраўды дрэвы вядуць паміж сабой гаворку.

Я не раз захапляўся палянкамі Налібоцкай пушчы. У чыстых сасонніках яны незвычайныя — дзіўнага мякка-блакітнага колеру ад густога моху, які іх пакрывае. Аднойчы завіталі ў Дзяржынава, на радзіму рыцара рэвалюцыі, жалезнага Фелікса. Спыніліся на паляне, вясёлай, шчодра аблітай сонечным святлом. Райскі куточак, ды й годзе. Пяшчотныя трапяткія бярозы, маладыя сасонкі, нетаропкая рэчка Уса сярод ціхіх берагоў…

Паляна прывяла мяне да старога густога лесу з магутнымі ялінамі, стромкімі соснамі. Ад паляны цягнула ласкай і ўтульнасцю, ад лесу — вялікай жывою сілай і мудрым спакоем.

А потым я перачытаў пісьмо Фелікса Эдмундавіча, якое ён напісаў у чэрвені 1913 года сваёй старэйшай сястры Альдоне, калі сядзеў у страшным Х павільёне Варшаўскай цытадэлі: «Сколько улыбок, любви окружало нашу юность и детство. Деревня, кругом леса, луга, поле, речка неподалеку, кваканье лягушек и клекот аистов. Вся эта тишина, и прекрасная музыка природы по вечерам, и утречком роса на траве, и вся наша крикливая орава малышей, и звучный, далеко слышный голос мамы, созывающий нас из леса и с реки домой, к столу, и этот наш круглый стол, и самовар, и весь наш дом и крыльцо, где мы собирались... Память об этом, любовь и привлекательность будут жить в душе каждого из нас до самого заката нашей жизни».

Гэтыя натхнёныя, поўныя пяшчотнай лірыкі ўспаміны — пра Дзяржынава ў нашай Беларусі, якое шмат дзесяцігоддзяў быццам у абдымках густога лесу.

Але ж такіх мясцін у нашых лясах безліч. Дзе ж той пэндзаль мастака, каб перанесці гэтую прыгажосць на палатно, каб хаця б так маглі любавацца ёю гараджане, якія па розных прычынах не могуць часта бываць у звонкіх барах, бярозавых гаях, ця-ністых дубровах. І ўсюды — палянкі. Прывабныя і чароўныя, яны клічуць чалавека завітаць да іх, прысесці, спачыць, яшчэ больш поўна адчуць дзівосную чароўнасць і гаючую сілу нашай прыроды, роднай зямлі.

Вось чаму, калі ў вёсцы выпадае вольны час, я стараюся прайсціся па лесе, каб ён вывеў мяне на свае палянкі...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter