Лясная сталоўка

Гэтая ўтульная мясцінка ў халады ратуе ад голаду птушак і вавёрак

Гэтая ўтульная, прывабная мясцінка ў халодную зіму ратуе ад голаду птушак, вавёрак...

Пры такім багатым снезе, як сёлета, у нашай вёсцы і вакол яе ляжыць спакойная, нікім не спалоханая цішыня. Рэдка калі пачуеш які-небудзь гук, бо ў паселішчы жывуць у асноўным дачнікі, і ў гэтую пару года яны перабраліся ў свае гарадскія кватэры, адпачываюць ад агародаў, садоў, цяпліц, кветнікаў.

І ўсё ж такі вёска прыцягвае менавіта сваёй зімовай урачыстасцю, спакоем і ласкавай лагоднасцю. Я прыехаў сюды, і мне неадольна захацелася ў лес, які пачынаецца амаль што за нашым агародам. Ужо нехта пратаптаў мяккую сцяжынку. Я крочу туды, найперш кіруючыся да густога ельніку. Зайшоў — і быццам апынуўся з холаду ў цёплым пакоі. Зацішша і ўтульнасць даюць густыя яліны з цяжкімі галінамі-лапамі, на якіх ляжаць тоўстыя пласты снегу. Тут жа дружным гуртам цесна стаяць адна ля другой сосны, іх галіны перапляліся, быццам рукі родных сясцёр, а кроны ўверсе змыкаюцца і закрываюць неба. Яшчэ тут шмат алешніку, ляшчыны. Такі густы падрост затрымае любы вецер, ён аслабне, заблытаецца ў кустах і далей ніяк не праб’ецца.

Калі вы, паважаныя чытачы, думаеце, што ў лесе цяпер пуста, глуха і нецікава, дык памыляецеся. Пад разлапістай ялінай на ўсю шырыню яе магутнай кроны вакол шурпатага ствала — жывая паляначка, ніякага снегу тут няма. Не струхлеў мох, а па краях паляны такія вясёлыя зялёныя лісцікі брусніц, чарніц. Я нагнуўся, сарваў некалькі кволых лісцікаў заячай капусты — кіслая, быццам прывітанне з далёкага лета. Такія палянкі — пад кожнай ялінай, яны трымаюцца ўсю зіму.

Нетаропка крочу па вузенькай лясной сцяжынцы. Як бы ні замятаў яе снег, беспамылкова знайду заўсёды, бо вакол шмат прыкмет, якія дакладна падказваюць мне, куды трэба ісці. Да таго ж гэта наша “грыбная” сцяжынка, летам і восенню тут ходзім з жонкай і шукаем сыраежкі, баравікі, апенькі. Зараз на сцяжынцы перада мной перашкода. Метра на паўтара над зямлёй поперак сагнулася тонкая маладая бярозка. Так і жыве, бедная, у незайздроснай сваёй долі. Мы з жонкай беражом гэтую бярозку, бы чалавека, якога напаткала бяда. Калі ідзём тут летам, абыдзем бярозу збоку, каб толькі не паламаць яе тонкія гнуткія галінкі, што звісаюць да самай травы, нават пераплятаюцца з ёй і з кветкамі. Зараз абысці цяжка, вельмі многа снегу. Я нагінаюся і пралажу пад бярозкай, быццам праз маленькую браму, зацярушаную бялюткім чыстым снегам.

Мне вельмі карціць хутчэй дабрацца да паляны. Маё любімае месца ў любую пару года, паляну гэтую з усіх бакоў атулілі дрэвы і кусты. У сярэдзіне — стары разгалісты дуб з моцнымі галінамі, такі магутны асілак, незвычайная прыродная прыгажосць усяго наваколля. Спыняюся і вітаюся з ім, як з добрым сябрам. Хоць зараз поўнаўладна гаспадарыць снежная зіма, дуб ёй не вельмі паддаецца, у яго свае жыццёвыя законы. У шырокай кроне яшчэ трымаецца даволі лістоў, быццам адлітых з каляровага металу. Іх не “знялі” нават жорсткія маразы. Сярод лісця дзе-нідзе — во дзіва! — праглядаюць крэпкія жалуды, карычневыя, мо ад летняга загару. Што тут сказаць: шчодры і клапатлівы дуб падрыхтаваў для лясных жыхароў свае ласункі, такія жаданыя і смачныя ў галодную зіму.

Гэты “наш дуб”, як мы яго называем, надзвычай урадлівы кожны год на жалуды. Я разграбаю нагой снег, каб паглядзець, ці багата пад дубам такіх “прысмакаў”. Ёсць, густа ляжаць на зямлі моцныя, крамяныя жалуды. Снег перабраны мноствам розных слядоў, значыць, лясныя жыхары — частыя госці на палянцы. Забрыдуць у пошуках корму сюды зімою дзікі — таксама застануцца задаволенымі.

І на палянцы, і вакол яе шмат рабін. Восенню яны прыгожа палымнеюць ад мноства спелых сакавітых ягад. Зараз іх на дрэвах куды менш. Канешне, ласуюцца iмi сойкі, якіх у лесе незвычайна многа. Летам і восенню гэта цэлае нашэсце на нашы сады і агароды, ніякай рады. Няма сіл, каб змагацца з нахабнымі сойкамі. Зараз вёска ахутана снегам, ніякага корму для соек там няма, і яны трымаюцца ў лесе. Я прыслухаўся — павінны ж яны быць у такой мясціне, дзе з голаду не прападзеш. Крыкнуў некалькі разоў — глухое рэха заблыталася ў гушчары, але тут жа пачуў адказ — свой голас падала сойка. Раптам зашумела сярод дрэў, некалькі соек зняліся з галін і паляцелі ў бок нашай вёскі.

Стаю і пільна ўглядаюся ў высокую старую сасну. Яе ствол быццам у ранах, густа падзёўбана кара, пакарабачаныя шышкі ляжаць на снезе. Гэта работа руплівага дзятла, тут яму прыволле, бо ўсюды шмат старых, падсохлых дрэў. Дзяцел можа выбіраць любое па гусце: учэпіцца сваімі вострымі кіпцюрамі ў ствол ці тоўстую галіну — і разляцелася ў лесе густое тарахценне. Сваёй моцнай дзюбай разаб’е дзяцел любую кару, пад якой знойдзе смачны абед са шкодных насякомых, іх лічынак.

Такі лес рашае ў гэтай птушкі ўсе праблемы як з кормам, так і з жытлом. У старых высакастволых дрэвах шмат дуплаў, у якіх дзятлы робяць сабе ўтульныя і цёплыя гнёзды. Для вавёрак таксама тут ніякай бяды: жалуды, арэхі, багата насення хвоі і елкі, грыбы, ягады — стол проста на зайздрасць. І таксама, як і дзяцел, для сваёй “кватэры” можа выбіраць любое дупло. Можна ўбачыць, як гэты звярок вылезе з дупла і задаволена пазірае ўніз. Зімовае футра ў яго вельмі прыгожае і цёплае — пушыстае, мяккае.

Гэтую ўтульную палянку ўспрымаю зімою як шчодрую сталоўку для лясных насельнікаў. Нават хочацца прысвяціць ёй верш:

Дуб у мудрым абліччы

Хоча стол згатаваць,

Ён сяброў сваіх кліча —

Будзе іх частаваць.

Гэты дуб яшчэ ў сіле,

Хоць і вельмі стары,

Жалуды ўрадзілі,

Не лянуйся — бяры.

І злятаюцца сойкі

Да такога стала,

Хітравата вавёрка

Паглядае з дупла.

Ёй не трэба спяшацца,

Не яе гэты час:

Калі ўлетку старацца —

Будзе ежы запас.

У вавёркі арэхаў

І грыбоў — да вясны,

І яна з той уцехі

Бачыць добрыя сны.

Вось што адкрыў перада мною засыпаны снегам і працяты злымі марозамі лес, які, на першы погляд, можа паказацца вельмі суровым і зусім нецікавым. Зараз стаю на ўтульнай палянцы, любуюся пяшчотнымі сняжынкамі, якія задумліва кружацца ў чыстым паветры. Промні сонца ўпалі на вершаліну высокай сасны, а там — цэлыя гронкі шышак. “Тра-та-та” — даносіцца зверху. Нястомны дзяцел крыху сагрэўся на сонцы і “працуе” з вясёлым настроем. Вакол — узнёслае хараство, ад якога на душы ціхае пяшчотнае свята...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter