Днем Оксана Хорошилова из Барановичей работает с больными детьми, а вечером шьет и рисует

Лялькі так падобны на людзей

Яна інструктар па лячэбнай фізкультуры і масажу Цэнтра медыцынскай рэабілітацыі для дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі «Рэфлекс» Баранавіцкай цэнтральнай паліклінікі, а таксама пераможца рэспубліканскага конкурсу Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя «Прафесія ў тварах» у намінацыі «Жыццё за межамі прафесіі».

Трапіць у добрыя рукі 

На масажнай кушэтцы — Сафія Жагунь. Тая самая дзяўчынка з Ляхавіч, для якой год назад усёй краінай збіралі грошы на прэпарат Zolgensma, які каштуе больш за 2,5 мільёна долараў. Дзяўчынка хворая на спінальную мышачную атрафію. Без укола яна не выжыла б. Здарыўся цуд, і сям’я стала пераможцай глабальнай латарэі, якая была арганізавана вытворцам лякарства. Так Сафія атрымала доступ да тэрапіі AVXS-101.

Пасля ўкола лячэнне працягваецца ўжо дзевяць месяцаў. Мама дзяўчынкі Юлія Грыкель зараз возіць яе на масаж у «Рэфлекс». Тут ёй дапамагаюць бясплатна, а ў іншых краінах за рэабілітацыйныя мерапрыемствы трэба плаціць. 

Назіраем, як моцныя і прафесійныя рукі Аксаны Харашылавай мнуць кволыя ножкі дзяўчынкі. Яе мама кажа, што важна было трапіць да чалавека чулага: пасля масажу Аксаны Сафія заўжды добра сябе адчувае. 

Цікаўлюся ў Аксаны Іванаўны, якімі якасцямі трэба валодаць, каб штодзённа бачыць дзіцячы боль і быць пры гэтым вытрыманай і верыць у цуд.

— З дзецьмі можна працаваць толькі ў тым выпадку, калі маеш не толькі моцныя рукі, але перш-наперш добрае сэрца. Хворае дзіця не скажа, што яму баліць. Яно будзе плакаць. А каму дапаможа лячэнне, якое прыносіць слёзы? — разважае мая суразмоўца. 

Штодзень праз рукі Аксаны Іванаўны праходзіць шэсць маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія мараць хадзіць сваімі ножкамі і радавацца жыццю. На кожнага ў спецыяліста ідзе каля гадзіны. Гэта і масаж, і лячэбная фізкультура. 

Творчыя таямніцы 

Аксана Харашылава хаця і скончыла Баранавіцкае медыцынскае вучылішча, але творчасць у яе жыцці была невыпадковай, бо ўся сям’я — самадзейныя мастакі. 

Маляваць для кожнага з нас — маці, бацькі, брата — было звычайнай справай, як дыхаць, — прызнаецца Аксана Іванаўна. 

Першая лялька «ад Харашылавай» з’явілася на свет, калі дачушка Марыя была ў мамы яшчэ ў жывоціку. 

— У дэкрэтным водпуску захацелася зрабіць калядную ляльку. Выніку здзівілася нават сама. З таго часу ўжо больш за 20 гадоў, калі прыйдзе натхненне, займаюся творчасцю, — расказ­вае мастачка. 

Прызнаецца, што ніколі да славы не імкнулася: у газетах пра яе не пісалі, на тэлебачанне не запрашалі. Але калектыў роднага цэнтра «Рэфлекс» усклаў на яе творчыя здольнасці на­дзею і прапанаваў паўдзельнічаць у прафсаюзным конкурсе. 

— Безумоўна, прыемна, што цябе адзначылі. Чалавеку, які што­дзённа бачыць боль, абавязкова трэба мець хобі, бо надта цяжка трымаць усё ў сабе. А творчасць дае сілы, напаўняе энергіяй, якой можна падзяліцца з тымі, каму цяжэй. 

Вячаслаў Шыла, старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя ФПБ:

— Асноўная задача Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя — абарона працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў членаў прафсаюза. Адным з найважнейшых кірункаў дзейнасці таксама з’яўляецца культурна-масавая работа. Каму, як не медыкам, ведаць, што добрыя заняткі ў вольны час спрыяюць падняццю жыццёвага тонусу, раскрыццю творчых здольнасцей. Гэта работа прафсаюзаў дапамагае знаходзіць таленты, аб’ядноўвае цэлыя калектывы творчымі ідэямі, садзейнічае духоўна-патрыятычнаму выхаванню, спрыяе далейшаму развіццю нашых добрых традыцый і захаванню нацыянальнай самабытнасці беларускага народа. 

У ТЭМУ

На конкурс «Прафесія ў тварах», які праводзіць Беларускі прафсаюз работнікаў аховы здароўя, у 2021 годзе было прадстаўлена больш за 600 работ у пяці намінацыях — «Працоўныя моманты», «Моманты мужнасці», «Твары прафесіі», «Жыццё за межамі прафесіі», «Працоўная дынастыя». У фінал трапілі 116 работ. 

kozlovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter