Выстава “Жанчыны свету ў нацыянальным адзенні” прайшла ў Беларускім дзяржуніверсітэце

Лялькі з усяго свету

Выстава “Жанчыны свету ў нацыянальным адзенні” прайшла ў Беларускім дзяржуніверсітэце

Сярод шэрагу цікавых імпрэзаў, што ладзіліся ў Беларусі да Дня жанчын, гэтая выдзялялася сваёй інтэрнацыянальнасцю. Больш за 50 лялек з 47 краін парадавалі наведнікаў прыгажосцю, багаццем убораў. Падарожжа па далёкіх краінах такім незвычайным чынам ініцыявалі Ірына Казакова, доктар філалагічных навук, прафесар, старшыня Саюза жанчын БДУ, і Масако Тацумі, кіраўніца мінскага Інфацэнтра японскай культуры.


На выставе “Жанчыны свету ў
нацыянальным адзенні”
Прысутнасць Масако-сан з калекцыяй лялек з Японіі — не выпадковасць: у японцаў, як вядома,  стасункі з лялькамі асаблівыя. Скажам, многія з нас лічаць, быццам лялька — гэта цацка ў выглядзе чалавека, а для іх гэта вобраз чалавека. “У Японіі любяць ляльку, бо гэта не проста цацка для дзяцей — гэта абярэг, талісман для шчасця і ўдачы ў будучыні, — расказала Масако Тацумі. — У Японіі ўжо больш за тысячу гадоў 3 сакавіка адзначаюць Свята дзяўчынак. У гэты дзень дзяўчынкі ды незамужнія дзяўчаты дастаюць 15 лялек, выстаўляюць іх на алтар, упрыгожваюць іх, любуюцца імі... Японіі ў цэлым ўласцівы “элемент любавання”, таму і лялек заўсёды любілі толькі прыгожых”.

Пачула я і пазнавальную гісторыю пра рускую матрошку, якую многія цяпер лічаць сімвалам Расіі, рускай душы. А цацка ж мае больш глыбокія карані: “Гісторыя рускай матрошкі пачалася ў 90-х гадах XIX стагоддзя, калі ў Маскоўскую цацачную майстэрню рускага выдаўца і друкара Анатоля Мамантава ягоная жонка Марыя прывезла з Японіі фігурку лагоднага старца-мудраца, — расказала Ірына Казакова. — У той постаці была закладзена светапоглядная ідэя: 9 астральных целаў, прычым адно ў другое ўкладзена. Ідэя вельмі спадабалася Мамантавым: гэта ж і элемент гульні, і сюрпрызы. Так з’явілася матрошка: круглатварая дзяўчына ў рускім народным стылі, усярэдзіне якой былі іншыя дзяўчынкі”.

Цікава было слухаць пра ролю лялькі ў гісторыі чалавецтва, асаблівасці этнакасцюмаў. Кім толькі ні былі лялькі: і доктаркі, і суцяшальніцы, і выхавальніцы, і нават вядзьмаркі. “Лялькі адыгралі вялікую ролю ў культурах розных краін, — лічыць калекцыянерка Ірына Казакова. — Першыя былі звязаны з абрадамі: больш падобныя на статуэткі, яны выкарыстоўваліся для рытуалаў. Ім пакланяліся, ім прыносілі дарункі. Лялькі ж на некаторы час замянілі рытуальныя ахвярапрынашэнні, дапамагалі пазбегнуць чалавечых ахвяр. З часам лялька страціла сваю магічную ролю, стала прадметам выхавання і гульні”. У народным традыцыйным касцюме ў многіх народаў свету пераважае чырвоны колер — аберагальны: такім чынам ладзіцца абярэг ад ліхіх сіл, хваробаў, няшчасцяў.

Ірына Казакова сабрала цікавую асабістую калекцыю, з яе на выставе было каля 90 адсоткаў экспанатаў. І кожная лялька мае сваю гісторыю. Некаторыя прывезены з замежных вандровак, куплены ў сувенірных крамах. Нешта дарылі сябры, знаёмыя. Раскошная іспанская танцоўшчыца і падарункавыя кастаньеты дасталіся Ірыне ў якасцi ўзнагароджання: за выдатна выкананы танец на вечары фламенка. Прычым усе лялькі на выставе — у адметных нацыянальных строях. Цікавасць да ўсяго аўтэнтычнага,  народнага ў Ірыны Казаковай — са студэнцкіх гадоў: “З першага курса пачала вывучаць народныя абрады, звычаі, вераванні. Можна сказаць, усю Беларусь прайшла з магнітафонам. Запісвала толькі жаночы фальклор, бо мяне заўсёды цікавіў лёс жанчыны і яе месца ў свеце. Тое, як грамадства ставіцца да жанчыны, ёсць паказчык яго ўзроўню развіцця, яго культуры, інтэлігентнасці”.

На вернісажы выступалі і “жывыя лялькі”: сімпатычныя дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах Беларусі, Кітая і Туркменістана. То былі студэнткі БДУ. Яны жартавалі, спявалі, танцавалі. А сапраўдныя лялькі паглядвалі на іх так таямніча…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter