Лялькі з бабулінага куфра

Майстар са Шклова стварае цацкі, з якімі гулялі нашы продкі

Майстар са Шклова стварае цацкі, з якімі некалі гулялі нашы продкі

Адчыняеш дзверы ў адзін з пакояў раённага Дома культуры, дзе размясцілася аматарскае аб’яднанне «Эколаг», і адразу трапляеш у царства лялек. Паненкі і сялянкі, дамы Сярэбранага веку і нашага часу, сур’ёзныя і загадкавыя — сярод цацак няма ніводнай падобнай адна на другую. З’явіліся яны тут у мінулым годзе — тады, калі кіраўнік аб’яднання Вікторыя Зязюліна адкрыла ў сабе новы дар і пачала ствараць лялек.

— Цяга да творчасці — гэта ў мяне ад бабулі, — кажа майстар. — Яна вельмі добра шыла, вязала, спявала.

Унучка пайшла яшчэ далей — асвоіла пляценне з бісеру, мастацтва выцінанкі. А аднойчы захацела сваімі рукамі зрабіць ляльку. Нават чатыры — каб у кожнай пары года была свая красуня. За аснову ўзяла драўляны каркас і конус з кардону. Апрануць-упрыгожыць цацку — гэта ўжо было справай лёгкай. У мнагадзетнай маці, якая выхоўвае траіх дзяцей, у хаце заўсёды знойдуцца і ніткі вязальныя для раскошных валасоў, і абрэзкі тканіны для сукенак. Пры гэтым спадніцы і кашулі ў многіх лялек атрымаліся самыя што ні ёсць беларускія — з арнаментам, якія вышывалі жанчыны ў Магілёўскай, Гомельскай і іншых губернях нашай краіны.

Каб быць максімальна дакладнай, гісторыю беларускага касцюма Вікторыя вывучала па энцыклапедыях. З іх жа даведалася і аб існаванні ў нашых продкаў іншых лялек — абрадавых.

— Гэта — кажа, — цэлы пласт, цэлы свет старажытнай філасофіі, якая была папулярная яшчэ ў дахрысціянскі час.

Мала-памалу — новае захапленне цікавіла ўсё больш і больш. Вымушала думаць, прадстаўляць, як раней жылі людзі, аб чым марылі, чаго хацелі. Атрымлівалася, что за стагоддзі ў нашым адчуванні свету мала што змянілася. Вікторыя сама сабе задавала пытанні і знаходзіла на іх адказы. Чаму, напрыклад, лялька — жаночага роду? Напэўна, таму, што жаночая доля ва ўсе часы была нялёгкай і нашы прапрабабкі з іх дапамогай знаходзілі свой няхітры спосаб вырашэння праблем.

… Напрыклад, загадваючы жаданне, дзяўчаты рабілі ляльку, якую ўпрыгожвалі як маглі: і шматкі тканіны падбіралі самыя лепшыя, і падарункі ёй дарылі — пацеркі ці стужкі да цацачнай сукенкі прышывалі. А потым казалі загаворныя словы і хавалі выраб у патаемнае месца. Той, хто хацеў быть шчаслівым, — а якая ж кабета адмовіцца ад гэтага? — абярэг ствараў з нітак і клаў яго ў карман, каб той кожны дзень быў побач. Існавалі лялькі, якія лічыліся берагінямі цэлага роду, «адказвалі» за добры настрой, ахоўвалі ад дрэнных людзей і хвароб, дамагалі ў хатніх справах і далёкай дарозе.

Хочаш, скажам, каб ураджай быў багатым, — гатуйся да гэтага загадзя. Вазьмі самае лепшае зерне, пакладзі яго ў мяшочак. І адкрый толькі праз год, у новую пасяўную. Калі чакалі дзіця, таксама перш-наперш майстравалі «немаўля». Лічылася, што такая лялька — першы абаронца дзяўчынкі ці хлопчыка, а таксама першая цацка дзіцяці.

— Галоўная ўмова для абрадавай лялькі такая: каб не быў размаляваны твар. Тады яна — памочнік чалавека. А калі ў яе ёсць вочы, рот — значыць, яна можа «жыць» сама па сабе, як самастойная адзінка, — падзялілася сваімі ведамі Вікторыя Зязюліна.

Яе захапленне сёння падзяляюць і дзеці — выхаванцы аматарскага аб’яднання «Эколаг». Дзяўчынкі і хлопчыкі ахвотна дапамагаюць кіраўніку падбіраць паркаль і тасьму, кроіць і сшываць. І з яшчэ большым захапленнем акрываюць для сябе новыя старонкі беларускай гісторыі і культуры.

Падабаюцца беларускія абярэгі і замежным гасцям. Многія лялькі ўжо знайшлі новых гаспадароў у Эстоніі, Германіі, Расіі, Чарнагорыі, Малдове, Украіне. Праўда, убачыць такія цацкі можна толькі у час фэстаў ці народных гулянняў. На пытанне: чаму іх нельга купіць у магазіне сувеніраў? — майстар кажа, што паставіць на паток вытворчасць абярэгаў не атрымліваецца, бо гэта работа штучная.

Па сутнасці, зрабіць сабе такую ляльку можа кожны, лічыць Вікторыя Зязюліна. Трэба толькі крыху часу і жадання. А яшчэ — душы. Тады самаробная цацка на самай справе стане і памочніцай, і абаронцай.

На здымку: Вікторыя ЗЯЗЮЛІНА і яе лялькі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter