Легко ли быть сельчанином в Черногории?

Ля возера

АМАЛЬ дзве тысячы кіламетраў аддзяляюць Беларусь ад маленькай еўрапейскай краіны Чарнагорыя, пра якую сусветнавядомы пісьменнік Байран сказаў, што ў момант нараджэння планеты самае цудоўнае спалучэнне зямлі і мора адбылося на чарнагорскім беразе... Дзесяцігоддзе таму яна была прызнана самай экалагічна чыстай краінай Старога Свету. Індустрыялізацыя мала закранула яе, сельская гаспадарка захавала дамініруючыя пазіцыі, а сорак працэнтаў насельніцтва пражывае ў сельскай мясцовасці. Агульная колькасць прыватных вытворцаў сельгаспрадукцыі дасягае пяцідзесяці тысяч. 

Чарнагорскае ўзбярэжжа Адрыятычнага мора

У РЫБАЦКАЙ вёскі Враніна, заснаванай у XIII стагоддзі, кожны падворак — фермерская гаспадарка. Камяністыя дамы шчыльна туляцца да крутога падложжа высокай гары, якую агінае самая паўнаводная ў Чарнагорыі рака Марача. Шэсць дзесяцігоддзяў таму побач з сялянскімі сядзібамі пралягла аўтамабільная дарога з Адрыятычнага ўзбярэжжа да чарнагорскай сталіцы Падгорыца. Сорак гадоў таму паралельна праклалі і электрафіцыраваную чыгунку, што карэнным чынам змяніла жыццё на ўзбярэжжы самага вялікага на Балканах Скадарскага возера. У ізаляваных з аднаго боку высокімі гарамі, а з другога азёрнай прасторай паселішчах спрадвеку рыбачылі. На невялікіх лапіках-астраўках рачной і азёрнай поймаў выгульвалі табуны коней, статкі кароў, коз, атары авечак. Трымалі сяляне на падворках свіней і розную свойскую птушку. Кожная сям’я абавязкова мела лодкі і рыбалоўныя снасці. Улоў абменьвалі на прадукты харчавання і тавары гаспадарчага спажытку. У часы вядомага дзяржаўнага дзеяча Югаславіі Іосіпа Броз Ціта паўсюдна дзейнічалі калектыўныя гаспадаркі. Такі кааператыў існаваў і ў вёсцы Враніна, і члены яго займаліся лоўляй рыбы ў Скадарскім возеры. Жыхары суседніх вёсак таксама рыбачылі і забяспечвалі рыбай мясцовы рыбакансервавы завод.

Пасля распаду балканскай славянскай федэрацыі парушыліся былыя ўнутраныя эканамічныя сувязі, не знайшлося інвестара мадэрнізаваць Скадарскі рыбакансервавы завод. Аднак спрадвечны занятак жыхароў прыазёрных паселішчаў застаўся нязменным. Кааператывы замянілі фермерскія рыбалоўныя гаспадаркі. Дзясяткі самых розных па форме і памерах лодак і міні-кацераў штораніцы пасля начнога промыслу швартуюцца ў вузкім канале — ён вядзе ад вранінскай вуліцы да паўнаводнай ракі Марача. На тэрасах дамоў развязваюць і сушаць рыбацкія сеткі, сартыруецца для продажу ўлоў і перагружаецца ў легкавікі, якія адпраўляюцца на рыбныя базары.

СЁННЯ краіна, як і многія іншыя, ідзе па шляху еўраінтэграцыі. Але, відаць, чарнагорцы, як і іх суседзі сербы, маюць больш рэалістычны погляд на свет, больш спадзяюцца пры прыняцці рашэнняў на ўласныя сілы і нацыянальныя інтарэсы.

Надзеямі на захаванне славянскага брацтва жыве і рыбацкая сям’я Барысічаў. Паўвека таму жонкай рыбака стала дваццацігадовая дзяўчына Бранка. Маладою аўдавела і траіх дзяцей сама выхоўвала. Ужо дзесяць гадоў Бранка атрымлівае дзяржаўную пенсію ў памеры сто пяцьдзясят еўра. 

Старэйшы яе сын Веска атрымаў вышэйшую адукацыю і стварыў турыстычную фірму ў курортным мястэчку Рафаілавічы, што на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора. Дачка Весна пасля школы закончыла вучылішча прадаўцоў, выйшла замуж і з мужам Уладзімірам возяць на падгорыцкі рынак свежую рыбу. Займаецца муж і прыватным перавозам турыстаў. Меншы сын Горан, нявестка Даніэла і іх дзеці Лука і Боян жывуць пад адным дахам з гаспадыняй дома. Змураваны з дзікага камня будынак, як ластаўчына гняздо, ушчыльную прыліп да крутой гары. З вясковай вуліцы дабрацца да яго можна толькі праз вузкі праход-лесвіцу, што ўціскаецца паміж суседнімі падворкамі.

Сын Веска дапамог фінансамі палепшыць жыллё. З’явілася шырокая крытая тэраса, усталявалі бытавыя зручнасці, і з пачаткам летняга сезона дружная сям’я штодня праводзіць дэгустацыю рыбных страў для замежных турыстаў. Боян ладзіць экскурсіі для турыстаў на лодцы па Скадарскім возеры. Веска і яго жонка Алена, карэнная масквічка, арганізуюць туры ў гэтую экзатычную вёску. Сямейны кааператыў спраўна плаціць падаткі дзяржаве. 

Інакш жылося ў маладыя гады сямідзесяцігадовай гаспадыні Бранцы Барысіч. Праз горныя перавалы цягала кашы свежазлоўленай рыбы на кірмаш. Продкі яе спрадвеку жылі з рыбацтва. У гады Другой сусветнай вайны бацькі Бранкі падтрымлівалі сувязь з партызанамі, якія ўкрываліся ў гарах і змагаліся з нямецка-фашысцкімі акупантамі.

Прадстаўнік спрадвечнага рыбацкага роду Веска БАРЫСІЧ.

Пра ваеннае ліхалецце народжаная ў мірны час Бранка ведае з успамінаў дзевяносташасцігадовай маці Любіцы, якая жыве ў курортным гарадку Бар на беразе Адрыятычнага мора.

— Многа давялося перажыць за доўгі век маці, – распавядае на  сербскай мове, якая  так падобна да беларускай, дачка Бранка. — Вытрымала нямецка-фашысцкую акупацыю. Пяцёра дзяцей разам з бацькам выхоўвалі. Скадарскае возера не давала загінуць. Свежы ўлоў па суботах на лодках дастаўлялі на базар у мястэчкі Падгорыч, Бар. Чатыры гадзіны на вёслах адольвалі дваццацікіламетровы водны шлях супраць рачной плыні Чрнаевіч. Маці рана аўдавела, і ўсе гаспадарчыя клопаты ляглі на яе плечы. Я таксама паўтарыла ўдовін лёс маці. 

Са мною ў чоўне звычайна на базар кіраваліся свёкар і свякроў, а я грэбла вёсламі. Дастаўлялі за адзін такі рэйс па дзесяць пудоў рыбы. Нас чакалі на беразе перакупшчыкі і за мізэрную цану забіралі тавар. За атрыманыя грошы куплялі хлеб і іншыя прадукты для сям’і. 

У сваёй гаспадарцы трымалі кароўку, коз, свіней, птушку. Цяпер толькі некалькі парсючкоў на дзевяноста вясковых падворкаў у Враніна. Коз перасталі трымаць. Жывём з рыбацтва. Дзяды і прадзеды гэтым займаліся, перадалі нам сакрэты, а цяпер унукі ўжо асвойваюць гэтую справу. Дом пастаянна перабудоўваем. Падмурак мужаў дзед Лука закладваў. Частка той рыбацкай хаткі месцілася ў выбітай скале, а другую палову накрываў дах з чароту. Той будынак захаваўся пад сённяшнім домам. Аднаўляць жытло пачынаў мой муж, а сыны завяршылі.

— Мо з’явіцца трэці паверх?

— Мы жывём на тэрыторыі нацыянальнага парку, і на любую рэканструкцыю патрэбны дазвол. Толькі на старым падмурку можна ўзводзіць новыя сцены.

— Ваша рыбацкая вёска мае будучае?

— Знаходжанне на тэрыторыі нацыянальнага парку дае нам такія спадзяванні. Побач – сталіца краіны. Многія гараджане тут маюць свае лецішчы. Пастаянна жывуць у сваіх дамах у асноўным састарэлыя вяскоўцы ці маладыя, у каго няма магчымасці выехаць і знайсці занятак у горадзе. Вяртаюцца дамоў і некаторыя былыя жыхары. Так, напэўна, па ўсяму свету зараз. 

— Вы мелі магчымасць вучыцца далей пасля заканчэння школы?

— У нашай рыбацкай вёсцы мала хто атрымаў адукацыю. Пасля Другой сусветнай вайны цяжка выходзілі з беднаты. Ратавала возера запасамі рыбы. 

Асноўная прыбытковая галіна сельскай гаспадаркі Чарнагорыі — рыбная лоўля. У краіне дзейнічаюць два пітомнікі для марской рыбы ў Бока-Каторскім заліве. Там дарагое абсталяванне і прымяняецца спецыяльная тэхналогія ўпакоўкі і захоўвання таварнай рыбы. Усе расходы акупляюцца. Кожны кілаграм канцэнтратаў дае столькі ж прывагі рыбы.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Уладзімір СУБАТ, «СГ»

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter