Ля каменя — груша, з-пад грушы — крынічка...

Дзе валун, што дапамагае нарадзіць, ці варта хадзіць да гаючага вытоку штотыдзень і чаму нельга высякаць рабіну.

Дзе валун, што дапамагае нарадзіць, ці варта хадзіць да гаючага вытоку штотыдзень і чаму нельга высякаць рабіну.

З нашым пастаянным аўтарам, кандыдатам філалагічных навук рэктарам Інстытута культуры Беларусі Янкам КРУКАМ мы пагутарылі аб загадцы з’яўлення сакральных аб’ектаў, аб тым, ці пад сілу разгадаць яе нават навукоўцам і... аб тым, ці варта спрабаваць гэта рабіць...

Паўставалі камяніскі...

— Іван Іванавіч, на ваш погляд, што ўсё-такі ў шанаванні асобных камянёў, крыніц або дрэваў першаснае: легенда, пад якую пасля “знаходзіцца” адпаведны прадмет, ці незвычайны прадмет, пра які пасля ствараецца легенда?

— Як прыклад, наколькі складана знайсці адказ на гэта пытанне, я раскажу вам гісторыю з’яўлення незвычайнага каменя ля вёскі Данілевічы Лельчыцкага раёна. Месцічы расказваюць, што гэта акамянелая дзяўчына. Яна з маці жала жыта, находзіла хмара, а дачка не надта спяшалася збіраць снапы. Маці яе двойчы паўсчувала, а на трэці раз сказала: што ж ты такая няспрытная, каб цябе гром! Тут, няцяжка здагадацца, гром ляснуў, і дзяўчына ператварылася ў камень.
Вядома ж, зараз цяжка сказаць, што было першасным, што другасным: з’яўленне каменя незвычайнай формы і нараджэнне вакол яго легенды ці сапраўды мела месца падобная гісторыя і камень з’явіўся такім вось незвычайным, фантастычным чынам... Для нас  больш цікава тое, што маем на сённяшні дзень. Камень той сапраўды падобны на дзявочую постаць, распластаную на зямлі. Прычым менавіта дзявочую: “грудзі” зусім невялікія. Раз гэта жанчына, якая не нарадзіла, значыць, у ёй захаваная патэнцыя прадаўжэння роду. І што вы думаеце: на Вялікдзень у поўнач да каменя пачалі  прыходзіць бяздзетныя жанчыны і павязвалі на яго фартушок  як знак ахвяры і просьбы аб дапамозе. І сёння па наваколлі ад аднаго другому перадаецца нямала сведчанняў таго, што каменная дзяўчына дапамагла нарадзіць жаданае дзіця.
Але гаворка ўжо павінна весціся не толькі пра сакральны аб’ект, а пра ўзнікненне цэлага сакральнага рытуалу, у цэнтры якога ў пэўны час (у нашым выпадку ў поўнач на Вялікдзень) гэты аб’ект знаходзіцца і праяўляе свае незвычайныя якасці. У такім разе вывучаць трэба не толькі паходжанне гэтага каменя, тыя вусна-паэтычныя творы, якія гуртуюцца вакол яго, але і вытокі ўзнікнення гэтага абраду, які каля яго праводзіцца. А ў гэтым адзіным цэлым можна адкрыць такія гарызонты, пра якія мы нават не здагадваемся.

— Яшчэ адна цікавая для Беларусі з’ява — камяні-следавікі. І калі з нерукатворным адбіткам на камені чалавечай нагі тлумачэнне зразумелае — лічыцца, што гэта след Божай Маці і Хрыста, то як патлумачыць шанаванне камянёў, на якіх адбіліся сляды жывёл?

— Сляды жывёл на камянях — увогуле вельмі рэдкая з’ява. У тым, што і іх надзяляюць звышнатуральнай сілай, ніякай супярэчнасці няма, бо ў нашай культуры і сёння суіснуюць дзве традыцыі — народная і хрысціянская... Вельмі цікава было б даведацца, якой сімволікай быў надзелены камень-следавік з адбіткам чалавечай ступні да таго, як хрысціянства прыйшло на нашы землі (а геолагі сцвярджаюць, што гэтым камяням не адна тысяча гадоў). Чыім тады лічыўся гэты нерукатворны след? Але калі “капаць” так глыбока, можна многія рэчы пазбавіць сакральнасці і таямнічасці. Ці варта раскрываць і навукова тлумачыць усё, што з самага пачатку — загадка, незвычайная, дзівосная. Хіба цікавей ад гэтага стане жыць? Хутчэй наадварот...

Ці варта чапаць таямніцу?

— Выходзіць, тлумачэння дзівосным з’явам шукаць наогул не варта?

— Шукаць, канешне, трэба, але да пэўнай мяжы. Нагадайце дзіцячую веру ў тое, што на Новы год Дзед Мароз прыносіць нам падарункі. З цягам часу казка ператвараецца ў... новую казку, якой мы цешым нашых дзяцей і ўнукаў. Аднак яе таямнічы сэнс не страчаны і да нашага часу. Ці трэба ў такім разе нам анатаміраваць старажытны міф і ператвараць яго ў тэхналагізаваны працэс захавання таго ж цуду. Падобныя мясціны павінны стаць месцам прыцягальным, а мы, у сваю чаргу, павінны  ганарыцца гэтымі дзівосамі, трымаць у памяці на выпадак, калі сапраўды спатрэбіцца туды прыйсці.  Але  не пераступайце запаветную мяжу і разумейце, што гэта з’ява або рэч незвычайная, яна не паўсядзённая, да яе можна прыйсці толькі тады, калі сапраўды патрэбна будзе дапамога, калі жыццё паставіць перад нейкім сур’ёзным выбарам, калі няма, здаецца, ніякага выйсця. Менавіта так, дарэчы, рабілі людзі стагоддзі да нас: ішлі да камянёў, дрэў, крыніц толькі ў самым крайнім выпадку. Гэтыя месцы былі месцамі масавага паломніцтва толькі адзін раз на год: у той дзень, калі трэба было шляхам выканання адпаведнага абраду аднавіць моц сакральнай мясціны і гэтым самым чалавек сам далучаўся да Боскай тайны, сілкуючы і гарманізуючы свой унутраны стан. Можа, таму гэтыя мясціны і захавалі сваю дзівосную сілу.

— З камянямі, здаецца, больш-менш зразумела: ідуць да таго, які памерамі, формай або нейкімі адбіткамі вылучаецца. А крыніцы... Здаецца, усе аднолькавыя, але адна лічыцца гаючай, а другая — не...

— Тая мясціна, з якой выбіваецца крынічка — любая, — так ці інакш пазначана статусам сакральнасці. Гэта слёзы зямлі, і тое, што яны з’яўляюцца на паверхні менавіта ў гэтым месцы, ужо нешта значыць. Як атрымалася так, што адна крыніца стала прыцягваць больш увагі, чым другая, яшчэ трэба дасканала вывучаць. А можа, проста тут усё, як у людзей: ёсць звычайны чалавек, які нарадзіўся дзеля таго, каб даць новае жыццё, але ж ёсць і людзі-волаты, і людзі, якія сваёй энергіяй лечаць. Так і з зямнымі вытокамі...

Душы продкаў — у галінках бярозы

— Яшчэ адна найцікавейшая з’ява нашай культуры — сакральныя дрэвы. У іх таксама — як у людзей?

— Вось пра дрэвы можна сказаць, што ім уласцівы момант суправаджэння цуду. На іх  дзівосным чынам з’яўляліся іконы. Асабліва шанаваліся дубы, але гэта можа патлумачыцца іх надзвычайнай даўгавечнасцю. Аднак асаблівым шанаваннем у беларусаў карыстаецца... груша. Гісторыі з’яўлення ікон на гэтым дрэве (напрыклад, Жыровіцкай) існуюць па ўсёй Беларусі. Яшчэ адна нявытлумачаная з’ява: ля вялікага валуна, ля каменя-следавіка, карацей, ля тых сакральных камянёў, пра якія мы гаварылі, абавязкова расце груша. Раскажу гісторыю з уласнага вопыту. У маёй роднай вёсцы я  прывёз на падворак з поля камень-валун. Праз некалькі гадоў літаральна з-пад яго прабілася маленькая грушка. Цуд? Чаму б не? І, канешне, ссекчы гэта дрэва рука не падымецца.
Сакральнымі якасцямі надзялялі і рабіну. Яе ягады — слёзы Маці Божай, лічылі ў народзе. Гронка рабіны, прынесеная ў хату ў дзень Раства Багародзіцы, служыла абярэгам на працягу года. І барані бог кагосьці высечы рабіну, якая сама насеялася, на ўчастку. Бяроза — таксама сакральнае дрэва. Па дарозе на Чэрвень, у вёсцы Карзуны жывуць перасяленцы з гомельскага Палесся, для якіх бяроза была месцам прытулку душаў іх продкаў. Палешукі, якія пераехалі на Чэрвеншчыну, прывезлі з сабой і традыцыю шанавання бяроз. Тая прыдарожная бярозка на Тройцу проста палае павязанымі стужкамі.   Не маючы магчымасці ў суботу перад Тройцай схадзіць да родных магіл, яны павязваюць стужкамі галінкі сакральнага дрэва.

З прывязкай да мясцовасці

— Іван Іванавіч, у нашай размове часта гучыць “гомельскае Палессе”. Там, ля той жа вёскі Данілевічы, з якой пачыналі гаворку, ёсць акрамя цудатворнага каменя яшчэ і цар-дуб, якому пакланяюцца. Можа, спрацоўвае нейкі нявытлумачаны пакуль геаграфічны прынцып размяшчэння сакральных аб’ектаў?

— Калі мы здымалі фільм пра сакральныя камяні, дырэктар аршанскага музея прывёў такі цікавы факт: 54-я паралель, на якой стаіць славуты англійскі Стоўхэндж, па ўсёй Еўропе аж да Урала мае падобныя старажытныя абсерваторыі. Наш Стоўхэндж у Полацкім раёне — чырвоныя вялізныя валуны, выкладзеныя ў строгім парадку — на той жа паралелі... Нядаўна мой знаёмы астраном з Гродна пачаў наносіць на карту храмы Гродзеншчыны. Аказалася, па траекторыі, калі глядзець на іх зверху, адлегласць паміж імі аднолькавая — 17 кіламетраў 200 метраў. Вось і думай, хто і якім чынам кіраваў гэтымі будоўлямі, паміж якімі — стагоддзі і тысячы кіламетраў, і чаму менавіта так, а не інакш. Зрэшты, Хто — вядома, а вось чаму? Даведаемся, калі Ён таго захоча...

 Калі побач з вашай вёскай ці дачай ёсць гаючая крынічка, дрэва, да якога прыходзяць за дапамогай, камень незвычайных памераў або формы, напішыце аб іх на адрас рэдакцыі або на e-mail: alena@ng.by. Фота таксама вітаюцца. Давайце адкрываць нашу невядомую Беларусь разам!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter