Лугавы пах роднага слова

Як вучні шчырай беларускі перадаюць дзецям любоў да матчынай мовы

Як вучні шчырай беларускі перадаюць дзецям любоў да матчынай мовы

У простай сялянскай хаце члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужанага работніка культуры БССР Івана Муравейкі, што месціцца амаль у цэнтры горада Любань, часта бываюць госці. Але з асаблівай шчырасцю прымае ветэран вайны і працы вучняў першай гарадской школы.

Не толькі таму, што сам калісьці вучыўся ў ёй, а цяпер там займаюцца яго праўнукі. Беларускую мову і літаратуру ў ёй выкладае апантаны, нераўнадушны чалавек Галіна Адамаўна Слівец. І калі яе вучні чытаюць вершы Івана Андрэевіча ці іншых айчынных аўтараў, нібы машына часу пераносіць 90-гадовага паэта ў далёкае, добрае дзяцінства да лагодных мацярынскіх песень.

— Вельмі крыўдна, што далёка не ўсе беларусы размаўляюць на сваёй роднай мове, — гаворыць Галіна Адамаўна. — Таму я, шчырая беларуска, стараюся, каб дзеткі як мага часцей дакраналіся да яе мілагучнасці, глыбіні. Раскажаш пра задумкі, творы Караткевіча, Шамякіна, Быкава, прачытаеш вершы Купалы, Коласа, Танка і бачыш зацікаўленыя твары. Параіш: адарвіцеся на гадзіну ад камп’ютара, прачытайце вось гэта... Потым па агеньчыках у вачах хлопчыкаў і дзяўчынак разумееш, што кніга дайшла да сэрца, засталася ў памяці, заіскрылася рознакаляровымі залацінкамі...

Але адных урокаў для гэтага мала. Галіна Адамаўна прызнаецца, што амаль кожны дзень застаецца ў школе “на другую змену”. І не толькі паглыбляе веды дзяцей па школьнай праграме. Не так даўно ў госці да педагогаў і вучняў прыязджала паэтэса Вера Буланда. Галіна Адамаўна загадзя пазнаёміла старшакласнікаў з яе творчасцю. На сустрэчы чыталіся вершы, чуліся цікавыя пытанні, глыбокія адказы. Дзве гадзіны праляцелі як адно імгненне. Таму Вера Буланда паабяцала не толькі прыехаць яшчэ раз да аматараў беларускай літаратуры, але і прывезці з сабой групу маладых пісьменнікаў, паэтаў.

А колькі цікавага расказвае часты госць школы пісьменнік Уладзімір Ліпскі! І калі вучні даведаліся, што ў сталіцы адбудзецца прэзентацыя яго кнігі “Мама. Малітва сына”, не змаглі застацца ўбаку. Прааналізавалі, абмеркавалі навінку. Пад кіраўніцтвам Галіны Адамаўны далі ёй ацэнку. Старшакласнікі Ганна Каткавец, Юра Бокшыц на чыстай беларускай мове агучылі вывады. Запісалі на касету. І адправілі ў Мінск...

— У працы я сапраўды шчаслівы чалавек, — прызнаецца Галіна Адамаўна. — Што яшчэ можа быць цікавей, чым расказваць дзеткам пра айчынных літаратараў, вытокі матчынай мовы, якая ў аддаленых палескіх вёсках нядрэнна захавалася. І не толькі на ўроках. Бачылі б вы, як разыгрываюць розныя інсцэніроўкі на беларускія матывы вучні 5—6-х класаў у нашай традыцыйнай гасцёўні! Не паспеем правесці адну, як дзеткі тут жа крычаць: давайце рыхтаваць новую!

І гэта не проста гульня. На раённых алімпіядах па беларускай мове і літаратуры вучні Галіны Адамаўны, як правіла, у ліку пераможцаў. Вікторыя Баярчук стала прызёрам абласных спаборніцтваў. Цяпер разам з Настай Строганавай Віка вучыцца ў педагагічным універсітэце, дзяўчаты атрымаюць дыпломы выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры. Цікавая дэталь: летась з класа, якім кіравала Галіна Адамаўна, толькі адзін выпускнік паступіў у каледж, астатнія 20 хлопцаў і дзяўчат вучацца ў вышэйшых навучальных установах. І кожны трэці з іх выбраў для сябе нялёгкую педагагічную будучыню. Што азначае адно: іх класны кіраўнік дэталёва разгледзеў здольнасці кожнага, пастараўся развіць іх, даць патрэбны кірунак. Праўду кажуць: настаўнік — прафесія ад Бога, усе астатнія прафесіі — ад настаўніка...

Галіна Адамаўна заканчвала ўрок, калі ў дзверы ціхенька пастукалі. І тут жа ў клас уваліліся больш як паўтара дзясятка яе леташніх выпускнікоў. З букетамі кветак, тортамі. Дружна заскандзіравалі:

— З днём нараджэння вас, дарагая наша Галіна Адамаўна!

Настаўніца непрыкметна змахнула са шчакі няпрошаную кропельку. Слязу сапраўды шчаслівага чалавека.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter