У Мінску завяршыўся з'езд Саюза пісьменнікаў Беларусі

Літаратурны аўторак

У Мінску завяршыўся з'езд Саюза пісьменнікаў Беларусі
Да 11.00 у Вялікай зале Белдзяржфілармоніі быў практычна аншлаг. У аўторак на трэці з’езд тут сабраўся Саюз пісьменнікаў Беларусі. Удзел у ім прынялі 367 членаў гэтага творчага аб’яднання ад Мінска і ўсіх абласцей, госці з Расіі, Казахстана, Малдовы, Літвы, Латвіі, Таджыкістана, а таксама запрошаныя прадстаўнікі шэрага міністэрстваў і ведамстваў.


Мікалай ЧАРГІНЕЦ.

Прывітанне з’езду накіраваў Прэзідэнт.

Перад адкрыццём пасяджэння ў фае было людна. Калегі па пісьменніцкім цэху сустракаліся, размаўлялі, дзялі-ліся навінамі. Убачыўшы Тамару Краснову-Гусачэнка з Віцебска, пацікавілася, якія пытанні яна хацела б падняць на з’ездзе.

— Трэба павышаць статус пісьменніка. На сённяшні дзень ён, як ніколі, нізкі. Вельмі мала гадзін на вывучэнне літаратуры ў школе. Назіраецца па-дзенне маральнасці ў грамадстве і ў пісьменніцкім асяроддзі таксама. Нам трэба ставіць і вырашаць гэтыя пытанні.
Да размовы далучыўся Анатоль Крэйдзіч з Брэста:

— У мяне ёсць прапанова, якая датычыцца кнігавыдання. Больш увагі ў гэтай справе трэба звярнуць на рэ-гіёны. Прапаную для членаў абласных аб’яднанняў вылучаць квоту ў 30 ці нават у 50 працэнтаў для выдання сацыяльна значнай літаратуры, выпуск якой фінансуецца з бюджэту і сродкаў Літфонду. У асноўным за гэтыя сродкі выдаюцца мінскія аўтары. Кнігі рэгіянальных ляжаць па 10—11 гадоў.

Падчас з’езду кожнаму было аб чым падумаць

Ужо праз некалькі хвілін у тым ліку і на гэтых пытаннях засяроджваў увагу ў справаздачным дакладзе старшыня Саюза пісьменнікаў Мікалай Чаргінец. Паводле яго слоў, на жаль, ёсць у нашым грамадстве недастатковае разуменне ролі пісьменніка, і яму нярэдка даводзіцца сутыкацца з меркаваннем, маўляў, пісьменнік — гэта не прафесія, а хобі, занятак ад няма чаго рабіць, а такое меркаванне недапушчальна.

Што тычыцца кнігавыдання, то ў гэтым пытанні пра перавагі мінскіх літаратараў Мікалай Чаргінец гатовы паспрачацца. У дакладзе апеляваў лічбамі: у Мінскай гарадской арганізацыі, дзе сабраны 304 чалавекі, выдадзена 600 кніг, гэта значыць, менш за дзве на аднаго пісьменніка. У тым жа Брэсце паказчык амаль такі ж самы: на 49 членаў саюза — 80 кніг.

Усяго за пяць гадоў выпушчана 1757 кніг — гэта 351 найменне ў год. Пры гэтым трэба разумець, кажа Мікалай Чаргінец, — усе выдавецтвы сёння працуюць ва ўмовах дзяржразліку і ім выгадна выдаваць тое, што будзе прадавацца, а не пыліцца на складах.

Асаблівая ўвага была ўдзелена дзяржаўнай падтрымцы, якая ўвесь час аказваецца пісьменніцкаму саюзу. Адзін са свежых прыкладаў: прынята рашэнне пра павелічэнне ніжняй планкі ганарару ў 2 разы. Зала сустрэла гэтую навіну апладысментамі. Разам з тым Мікалай Чаргінец заклікаў калег перабудоўвацца, вучыцца працаваць і жыць у новых умовах, самім умацоўваць арганізацыю і ў фінансавым плане:

Фота на памяць — якое мерапрыемства цяпер без яго?

— Пісьменнік — гэта сумленне народа, ці можа ён, атрымліваючы практычна максімальную падтрымку, патрабаваць ад дзяржавы — дай нам яшчэ? Вядома ж, не.

Ішла размова на з’ездзе пра неабходнасць кантролю за якасцю літаратуры, якая прадаецца ў краіне, у гэтым гатовыя паспрыяць самі члены пісьменніцкага аб’яднання; аб стварэнні інстытута грамадскай крытыкі; пра перакосы ў справе аптымізацыі бібліятэк, чаго пісьменнікі маюць намер не дапусціць; пра высокія гандлёвыя надбаўкі на кнігі, супраць якіх літаратары працягнуць змагацца.

— Кніга сёння не згублена, і гэтага не здарыцца. Сёння яна лепшая, чым учора, а заўтра будзе лепшай, чым сёння, — канстатаваў у завяршэнне свайго выступлення Мікалай Чаргінец.

Спрэчкі па дакладзе былі нядоўгімі. Дзейнасць саюза за апошнія пяць гадоў ацэнена станоўча. Старшынёй творчага аб’яднання аднагалосна перавыбраны Мікалай Чаргінец. 

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter