Лiтаратура — гэта не барыкады...

лiчыць лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Рэспублiкi Беларусь, сакратар праўлення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Алесь МАРЦIНОВIЧ
— Новае грамадскае аб’яднанне пiсьменнiкаў узнiкла пры ўмове, што ў краiне ёсць Саюз беларускiх пiсьменнiкаў. Чым, у такiм разе, прадыктавана iнiцыятыва творчых людзей заснаваць новую лiтаратурную суполку?
— У Расiйскай Федэрацыi, напрыклад, працуе, бадай, пяць цi болей саюзаў пiсьменнiкаў, i гэтаму нiхто не здзiўляецца. Тое ж самае тычыцца i некаторых iншых краiн. Дый калi кiнуць позiрк у канец дваццатых — пачатак трыццатых гадоў, тады штосьцi падобнае назiралася i на Беларусi. Iснавалi, скажам, такiя суполкi, як “Маладняк”, “Полымя”, “Узвышша”, “Росквiт”, i iншыя. Але iнiцыятыва заснаваць новы пiсьменнiцкi саюз, безумоўна, прадыктавана зусiм не тым, каб павялiчыць колькасць творчых суполак у нашай краiне. Прычына ў iншым: мы лiчым, што Саюз беларускiх пiсьменнiкаў сёння фактычна ёсць, але яго па сутнасцi i няма. Няма як менавiта творчай арганiзацыi. Якiя б мерапрыемствы нi праводзiлiся, яны абавязкова зводзяцца да аднаго: чарговы раз закляймiць уладу, дыктаваць ёй нейкiя ўмовы (а як можна яшчэ iнакш растлумачыць выразы “патрабуем”, “заклiкаем” i г.д.). Розныя звароты i заявы ўжо прымаюцца нават не за подпiсам “Рада СБП”, як гэта рабiлася яшчэ нядаўна. Унiзе абавязкова значыцца: “Саюз беларускiх пiсьменнiкаў”. Атрымлiваецца, што з падобнымi ультыматумамi ўладзе згаджаюцца ўсе лiтаратары, а iх ужо болей за 400 чалавек. Дарэчы, пра ўступленне ў творчую арганiзацыю. У СБП не быў прыняты паэт Фелiкс Мятлiцкi. Няважна, што яго з задавальненнем друкуюць такiя аўтарытэтныя маскоўскiя часопiсы, як “Юность”, “Наш современник”, “Октябрь”, i шмат якiя iншыя. Спрацавала тое, што ён пiша па-руску, а значыць — не свой, чужы. I такiя прыклады не адзiнкавыя. Дастаткова ж засумнявацца ў правамернасцi падобнага падыходу да прыёму ў СБП, як адразу пачынаюць гучаць абвiнавачваннi. I гэта пры тым, што нiхто супраць беларускай мовы выступаць не збiраецца. Ды каб пераканаць тых, хто ёй не валодае, у тым, наколькi яна мiлагучная, прыгожая, справу заклiкамi i пагрозамi не вырашыш. Трэба пiсаць творы, вартыя гэтай мовы. Але каб пiсаць нешта значнае, трэба талент мець. А лiтаратура — гэта не барыкады. Лiтаратура, калi памятаць аб яе высокiм прызначэннi, —  прыгожае пiсьменства. Ва ўсякiм разе, павiнна iм быць. Галоўная мэта Саюза пiсьменнiкаў Беларусi i заключаецца ў тым, каб займацца лiтаратурай, а не палiтыкай. Каб пiсаць творы, вартыя нашай Беларусi, якiя б былi належным чынам запатрабаваны нашым народам, спрыялi б ягонаму культурнаму росту.
— Хто ўвайшоў у СПБ? Наколькi склад новай пiсьменнiцкай арганiзацыi аўтарытэтны з творчага пункта гледжання?
— На сённяшнi дзень у грамадскiм аб’яднаннi “Саюз пiсьменнiкаў Беларусi” ўжо больш як 150 чалавек. Але павялiчваць яго колькасны склад, безумоўна, не самамэта. Наколькi наша арганiзацыя аўтарытэтная, яскрава сведчыць тое, што ў яе складзе ўжо 13 лаўрэатаў Дзяржаўнай прэмii, шмат лаўрэатаў прэмiй лiтаратурных. Дый у аргкамiтэт уваходзiлi людзi, якiя даўно сцвердзiлi сябе ў лiтаратуры: Анатоль Аўруцiн, Раiса Баравiкова, Уладзiмiр Карызна, Георгiй Марчук, Мiхась Пазнякоў, Генадзь Пашкоў, Андрэй Скарынкiн... Узначалiў арганiзацыю Мiкалай Чаргiнец — чалавек аўтарытэтны як у дзяржаўных, так i ў творчых колах. Гэта пiсьменнiк, творчасць якога даўно вядома не толькi на Беларусi, але i далёка за яе межамi. Калi ж узяць савецкiя часы, якiя сёння многiя перакрэслiваюць, дык яго кнiгi не проста былi запатрабаваныя. Як вядома, выпуск беларускамоўнай лiтаратуры нiколi не з’яўляўся прыбытковым. Дык вось: двухтомнiк выбраных твораў Мiкалая Iванавiча, якi тады выпусцiла выдавецтва “Мастацкая лiтаратура”, цалкам пакрыў фiнансавыя выдаткi. Нядаўна з’явiлася яшчэ адно пацвярджэнне яго аўтарытэтнасцi. Мiжнародны біблiяграфiчны цэнтр Кембрыджа (Англiя) за выдатнейшы ўклад у развiццё мiжнародных i мiжпарламенцкiх адносiн, а таксама ў мастацкую лiтаратуру прысвоiў яму званне “Мiжнародны прафесiянал 2005 года”. Iмя Чаргiнца будзе занесена ў “Мiжнародны бiяграфiчны слоўнiк”.
— Якiя задачы ставiць перад сабой новы Саюз пiсьменнiкаў Беларусi?
— Творчыя. У самым шырокiм плане. Дзякуючы новай лiтаратурнай суполцы, несумненна, павiнен змянiцца сацыяльны, грамадскi статус пiсьменнiка. Чаго не стае сёння, дык гэта сапраўднай прапаганды нацыянальнай лiтаратуры. Падкрэслiваю: нацыянальнай. Значыць, не толькi беларускай, але i рускай, гледзячы на якой мове напiсаны твор. Чытачы даўно зачакалiся жывога праўдзiвага слова пра час, у якiм мы жывём. Пра творы, што пiшуцца апошнiм часам. Пра лiтаратараў, якiя плённа працуюць на карысць лiтаратуры, на карысць народа. А таму неабходна паболей арганiзоўваць сустрэч. У школах, у арганiзацыях, на прадпрыемствах. А спярша трэба iсцi ў дзiцячыя сады. Праводзiць вiктарыны, конкурсы. Каб дзеткi лепей ведалi сучасную лiтаратуру. А пераможцам уручаць кнiжкi з аўтографамi, розныя сувенiры. Дый неабходна належным чынам адзначаць юбiлеi знакамiтых лiтаратараў. Як жывых, так i тых, хто пайшоў у вечнасць, але чые творы ўвайшлi ў залатую скарбонку нацыянальнага прыгожага пiсьменства. А яшчэ трэба аднавiць правядзенне лiтаратурных конкурсаў, каб пераможцы iх маглi выдавацца па-за чаргой.
— Зрэшты, галоўнае, вiдаць, не арганiзацыйныя пытаннi, а работа за пiсьмовым сталом. Чаго, на вашу думку, не стае сучаснай лiтаратуры?
— Лiтаратура на сённяшнi дзень, як мне здаецца, развiваецца не так плённа, як таго хацелася б. Найперш гэта тычыцца прозы. Немагчымасць своечасова надрукавацца ў некаторых лiтаратараў выклiкае, я сказаў бы, творчую ляноту. Далёка не кожны адважыцца пiсаць, не спадзеючыся, што гэта своечасова прыйдзе да чытача. У гэтым сэнсе паэтам лягчэй i прасцей. Усё ж паэтычныя зборнiкi менш аб’ёмныя. Можна знайсцi якога-небудзь спонсара i выдаць. Справа ў тым, што менавiта па тым, што надрукавана, i атрымлiваеш уяўленне аб лiтаратурным працэсе.
— Некалькi слоў пра сённяшнiя творчыя iнтарэсы Марцiновiча-крытыка, пiсьменнiка...
— Даўно працую над серыяй гiсторыка-дакументальных эсэ, нарысаў “Хто мы, адкуль мы”, пра нашых знакамiтых суайчыннiкаў розных часоў i эпох, а таксама тых, у каго беларускiя каранi, цi пра тых, хто нарадзiўся ў iншых мясцiнах, але сваё жыццё i дзейнасць звязаў з Беларуссю. Летась выйшла шостая кнiга “Сполахi далёкiх зарнiц”, якой выдавецтва “Мастацкая лiтаратура” адкрыла серыю “Гiсторыя ў асобах”. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць i кiраўнiцтву выдавецтва, i Мiнiстэрству iнфармацыi за тую падтрымку, якую яны аказваюць мне ў выпуску згаданых кнiг. Што да працы крытыка, дык апошнiм часам у гэтым кiрунку працую менш, чым раней. А калi прызнацца шчыра, дык i шкадую, што так шмат рэцэнзаваў. На жаль, сярод тых, каго некалi прапагандаваў, аказалiся i людзi, якiя пасля майго ўступлення ў Саюз пiсьменнiкаў Беларусi не вiтаюцца са мной, а некаторыя нават i пагражаюць. Ды я на iх не крыўдую...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter