11 лет на наркотиках: история минчанки, которая преодолела наркозависимость

Лілеі на перадплеччы

Каці два з паловай гадкі. Яна ляжыць на драўлянай лавачцы. Шэра-белыя сцены плывуць. У Каці атручэнне. Дзяўчынка чакае, калі яе забяруць з садка. Наступны эпізод. Тата мерае дробнымі крокамі палату. Мама спаўзае па сценцы. Каця ў рэанімацыі. Гэтыя кадры-ўспышкі ў памяці, як аналізуе сёння мая суразмоўца, 35-гадовая Кацярына, тлумачаць першыя значныя пачуцці бацькоў да яе. Менавіта тады яна ўпершыню ўбачыла і адчула, што мама і тата за яе па-сапраўднаму перажываюць. Каб з тых часоў адчуць іх клопат яшчэ хоць раз, Каця 11 гадоў ужывала наркотыкі. І ўвесь гэты час бацькі не здагадваліся аб тым, што іх дачка труціцца па сваёй волі — павольна і смяртэльна. Мінчанка распавяла карэспандэнту «Р» сваю гісторыю лячэння ад наркатычнай залежнасці.

pixabay.com

Пустата ўнутры 

— Дзяцей палохае не тое, што адбываецца, а тое, як бацькі рэагуюць на тое, што адбываецца. Я заўсёды баялася расчараваць бацькоў, найбольш — маму. Мяне палохалі яе рэакцыі. Дрэнную адзнаку атрымаю — яна крычыць. Таму падцірала ў дзённіку, пачала хлусіць. Затое знешне ўсё было добра: цацкі, дарагія рэчы, прыгожы посуд. А дыялогу не было. З татам яшчэ можна было дамовіцца, але мама з дробязей рабіла трагедыю. Дома я часта адчувала адзіноту і замкнёнасць. 

Мы жылі ў Смаленску. Нягле­дзячы на пачуццё адчужанасці, там былі сям’я, сябры, цікавая вучоба ў добрай школе. А потым бацькі купілі кватэру ў Мінску, каб паступова перабрацца бліжэй да сваякоў. 

Пасля школы я паступіла тут у інстытут. Яны пакінулі мяне адну ў Мінску, а самі паехалі ў Смаленск. І ў той момант я не змагла сказаць, што не хачу так. Праводзіла іх, зайшла ў абутку на кухню і закурыла. На стале стаяла фатаграфія. На ёй мы, шчаслівыя, усёй сям’ёй пасля адпачынку. Я глядзела на здымак, а ў душы, як пасля пахавання, была пустата.

Мне спатрэбіліся моцныя эмоцыі, каб заглушыць боль рас­стання. І я пачала шукаць іх у кампаніях хлопцаў, якія не начавалі дома, тусаваліся на кватэрах, у клубах, ужывалі наркотыкі. Я мяняла кампанію за кампаніяй, але насычэнне не прыходзіла. У мяне збіраліся натоўпы людзей, мы разбамбілі яе амаль цалкам. Калі мама прыехала і ўбачыла, яна ўзяла нейкі шнурок і «пясочыла» мяне да сініх рубцоў на целе. Я не праліла ні слязінкі, а ў скронях стукала: «За што? Вы ж самі ад мяне з’ехалі». І той хрустальны мост, які звязваў нас з мамай, трэснуў і абваліўся.

Кіношны лад жыцця

Мне спадабаўся хлопец. Ён ужываў наркотыкі. Мне хацелася стаць для яго сваёй. Я пакурыла марыхуану, а праз дзве гадзіны ўжо нюхала. Мінула два тыдні — і я ўпершыню ўкалолася. Здавалася, што гэта модна, прыкольна, крута, па-кіношнаму. 

Бацькі таксама пераехалі ў Мінск, але я сыходзіла да сяброў. Кінула інстытут. Пайшла на рынак, бо там хуткі заробак. Заўсёды можна было дастаць наркотыкі. У начным клубе адчувала сябе як дома. Рэчывы давалі лёгкасць і разняволенасць. 

Больш за год Каця прадавала наркотыкі на вечарынках. Гэта давала вастрыню адчуванняў, як і самі рэчывы. Калі завязала з продажам, перайшла на псіхатропы. 

— За тры месяцы я моцна схуднела, былi пастаянны трэмар, трывожнасць. 

Ад псіхатропаў станавілася вельмі дрэнна. Каця стала ўжываць больш цяжкія наркотыкі.

— Я глядзела на моладзь, якая ехала на вучобу, працу, і сумавала. Думала, што гэтага не вартая. Паступіла на іншы факультэт, але вучыцца не змагла. Усведамляць, што ў кагосьці іншае жыццё, людзі жэняцца, нараджаюць дзяцей, атрымліваюць дыпломы, было невыносна, і я зноў ішла калоцца. Яшчэ больш цяжкімі наркотыкамі: гераінам, метадонам. 

На сістэме

— Завязаліся адносіны з хлопцам, я зацяжарала. Хацела зрабіць аборт, але ён не дазволіў. Пажанiліся. Абодва не ўжывалі, пакуль я не нарадзіла. Калі выйшла з радзільнага дома — важыла пад 90 кілаграмаў, а праз шэсць месяцаў — ужо 48. Мой муж вярнуўся да ўжывання і неяк прапанаваў мне: «Ты так стамілася, давай разок адпачнеш». Я адчувала пустату і пагадзілася. На глыбокай сістэме была 9 месяцаў. Калолася кожны дзень да трох разоў у суткі. А аднойчы мяне ўкалолі — і тут патэлефанавала мама, папрасіла прынесці ёй ключы ад кватэры. Я адкрыла дзверы, вочы ў кучу. І бацькі пачалі мяне біць. Ганялі па кватэры, як футбольны мяч. 

Калі на наступны дзень бацьку аддалі вынікі аналізаў, той вывеў Кацю на балкон і стаў перад ёй на калені: «Я цябе вельмі люблю, паглядзі, што з табой адбываецца». 

— Для мяне гэта было містычнае імгненне. Я як быццам падняла галаву і ўбачыла, што ёсць жыццё. Мы паехалі ў рэабілітацыйны цэнтр. Ад закрытай рэабілітацыі адмовілася. Мне параілі супольнасць ананімных наркаманаў. Я прыйшла на першы сход «разабраная» і не разумела, як мне жыць. А мне адразу прапанавалі гарбату, ласункі, клопат, прынялі. Я так дома сябе не адчувала. Праз 40 хвілін вырашыла: буду хадзіць! I хаджу сюды ўжо 7 гадоў 6 месяцаў 22 дні. 

У супольнасцi залежныя вядуць штодзённікі, прапрацоўваюць дэфекты свайго характару, крыўды, фарміраванне залежнасці, чытаюць кнігі.

— У выніку я скончыла інстытут. Шчырую на дзвюх працах, выхоўваю дачку. Выйшла з адносін, якія мяне траўміравалі. З бацькамі мы сталі размаўляць, мы цяпер адзінае цэлае, сям’я. Мне цікава пазнаваць сябе. Курырую тых, хто прыходзіць у праграму, дапамагаю спраўляцца з залежнасцю. Залежнасць пачынаецца ў сям’і, з адчування непатрэбнасці, закрытасці ад блізкіх. Таму патрэбна пастаянная ўнутраная праца над сабой. 

Каця нагадвае: ад наркотыкаў людзі паміраюць. 

— Там боль, гвалт, дэградацыя. Там рэкі слёз, мора смерцяў. Эфект ад рэчываў не забудзеш ніколі. Гэта праклён ужывання. Але сёння я магу казаць пра гэта спакайней, хоць і не без слёз. Я чыстая ад рэчываў і шчаслівая. І маё шчасце — велічыня пастаянная. 

На ўнутраным баку перадплеччаў ў Каці ўніз галоўкамі ўюцца лілеі. Аднойчы, правальваючыся ў наркатычны вір, яна спрабавала разрэзаць сабе вены. У цвярозым жыцці гэтыя сляды нібы чужога мінулага раздражнялі, і Каця заказала татуіроўку. Так сімвалічна яна адпусціла атручанае мінулае, якое ледзь не праглынула яе будучыню. Кацярына справілася з атручэннем наркотыкамі, як і з атручэннем у дзіцячым садку. Больш ёй не трэба знішчаць сябе, каб адчуваць уласную каштоўнасць. Яна і так ведае, што патрэбна сабе і сваёй сям’і.

kasiyakova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter