Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Традыцыі як сваіх продкаў, так і латышоў шануюць беларусы Даўгаўпілса

Ліга сустракаецца з Купаллем

Беларусь і Латвія — краіны-суседкі, таму і ў культуры нашых народаў ёсць агульныя рысы. Падобныя, напрыклад, традыцыйныя народныя святы. У разгар лета ў Беларусі адзначаюць Купалле: адно з найстаражытных святаў, прысвечаных высокаму Сонцу, росквіту зямлі. А між тым святы, што прыпадаюць на гэтую свяшчэнную пару, ёсць у многіх народаў Еўропы. Янаў дзень адзначаюць у Балгарыі, святы Ян — у Венгрыі, Сан-Хуан — у Іспаніі... А ў Латвіі святкуюць Ліга. Многія бачылі, як у Купальскую ноч, самую кароткую ў годзе, рэчкі нібы свецяцца асаблівым прывідным святлом. У фальклорных запісах сустракаем звесткі: гэта быццам бы ў рэчках купаюцца душы памерлых, у абліччы русалак. Кажуць яшчэ, што ў Купальскую пару па зямлі ходзяць ведзьмы, якія імкнуцца нашкодзіць людзям, і што расліны й звяры ў такі час размаўляюць, а Сонца на досвітку — “гуляе”, нібы танцуе.

Купальскія карагоды вадзілі ў латышскім Малінаве

Ды не ўсе, аднак, такія цуды бачаць. А каб відушчымі сталі вочы, каб разумець нам звяроў і птушак мову — раяць паданні шукаць у Купальскую ноч папараць-кветку. Паводле беларускіх павер’яў, зацвітае яна толькі раз на год, і ненадоўга. А хто знойдзе ў начы тую кветку чароўную — у таго й “прачнуцца” здольнасці звышнатуральныя: прадбачыць будучыню, знаходзіць скарбы свету... Праўда, займець дзіва-кветку здольны толькі вельмі смелы, душою чысты чалавек. Спрадаўна пошукі папараць-кветкі — адзін з самых таямнічых рытуалаў Купальскай ночы.

Сёлета ў нас, беларусаў Даўгаўпілса, Купалле было незвычайнае. 22 чэрвеня ў пасёлку Малінава Даўгаўпілскага краю прайшло свята “Jāņu dienas ielīgošana”: яго ладзілі Маліноўская воласць і наша Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым”. Нам дапамагаў і Паўднёва-Латгальскі фонд падтрымкі недзяржаўных арганізацый. З раніцы надвор’е палохала: хмарыла, і дожджык церушыў. А да вечара хмары разышліся, і вызірнула сонца, грэючы прамянямі прыгожую пляцоўку на беразе сажалкі. Мясцовы люд пачаў збірацца на свята — стала яшчэ камфортней.

Спачатку выступалі мясцовыя артысты: дзіцячы гурт “Avenes”, вакальны “Ivuški” ды танцавальны “Druvāni”. Яны і словамі, і спевамі ды танцамі расказвалі пра традыцыі латышскага Ліга. Потым загучала беларуская гаворка: гэта мы, беларусы з “Уздыму”, знаёмілі ўсіх з традыцыямі нашага Купалля. Разам з гуртамі народнай песні “Купалінка” (кіраўнік Вячаслаў Пятроў), танцавальным “Лянок” (кіраўніца Марына Медунецкая) вадзілі карагоды, спявалі, танцавалі, гулялі ў народныя гульні. А яшчэ слухалі цікавыя аповеды бабулі Зельніцы (Іна Валюшка) — яна ж шмат ведае пра чарадзейныя Купальскія травы. Потым разам з Купалінкай (Алёна Радзівонава) і Купалішам (Вадзім Сінякоў) моладзь рушыла на пошукі папараць-кветкі, якую засцерагала Вядзьмарка (Людміла Сінякова), яна ж і ўчыняла розныя выпрабаванні для смельчакоў. А вяла свята Валянціна Ліпінская.

На свята да нас прыехалі сябры-госці з беларускага горада Браслава: гурт “На панадворку” (кіраўніца Марына Шыркевіч), з якім наша суполка ужо шмат гадоў супрацоўнічае. Песні гасцей усім прыйшліся даспадобы: нават гледачы з намі танчылі, падпявалі, вадзілі карагоды.

Удзельнікі Ліга-Купалля атрымалі дыпломы, падзякі, памятныя сувеніры ад Маліноўскай воласці ды таварыства “Уздым”. Потым усе сабраліся ля вогнішча на беразе сажалкі. Гасцей свята чакаў абрадавы пачастунак: квас, піва, сыр. А наперадзе была яшчэ ўся чароўная Купальская ноч...

Голас Радзімы № 26 (3530), чацвер, 13 ліпеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter