Навукаёмістасць ВУП да 2040 года з цяперашніх 0,5 працэнта павінна ўзрасці да 3 (развітыя дзяржавы маюць 2—2,5 працэнта). Доля навукаёмістай прамысловай прадукцыі павялічыцца да 25 працэнтаў (цяпер 16).
Прэзідэнт узяў удзел у рабоце галоўнага навуковага форуму і нагадаў аб такім факце: за пяць апошніх гадоў у Беларусі аб’ём выпуску навукова-тэхнічнай і інавацыйнай прадукцыі павялічыўся больш чым удвая.
Новае дыханне павінна адкрыцца ў беларускай “сіліконавай даліны” — Парка высокіх тэхналогій (ПВТ): будуць створаны спрыяльныя ўмовы для прыходу ў галіну інвестыцый, актывізацыі ІТ-супрацоўніцтва на міжнародным узроўні, для ўкаранення смарт-кантрактаў, тэхналогій блакчэйн, уключаючы майнінг і абарачэнне крыптавалют. Пры ажыццяўленні здзелак у ІТ-галіне пяройдуць на выкарыстанне элементаў англійскага права. Ільготны рэжым работы ПВТ працягнецца да 2049 года. Да таго ж пашыраецца спіс напрамкаў дзейнасці для яго рэзідэнтаў: у прыватнасці, для кампаній, якія задзейнічаны на распрацоўцы тэхналогій штучнага інтэлекту, інтэрнэта рэчаў, беспілотных аўтамабіляў, фірм, звязаных з аказаннем маркетынгавых паслуг у ІТ-сферы.
Дзяржава і бізнес пастараюцца забяспечыць камфортныя ўмовы для замацавання маладых таленавітых спецыялістаў на Радзіме, прыцягнення да сумеснай працы ў Беларусі паспяховых сусветных кампаній і карпарацый.
Найбольш выдатны прыклад краіны з развітай лічбавай эканомікай — Сінгапур, дзе ўрад вельмі зацікаўлены ў прасоўванні пытанняў лічбавізацыі эканомікі. Інфармацыйныя тэхналогіі ўкараняюцца ва ўсіх галінах жыццядзейнасці: тут дзяржаўныя паслугі пераведзены ў электронны фармат, выкарыстоўваецца анлайн-навучанне і многае іншае. Так што і ў нас ёсць усе магчымасці стаць адмысловым усходне-еўрапейскім Ганконгам.
Вось такія навіны. Сустрэнемся...
sav@sb.by