Летапiсец эпохi

30 студзеня пiсьменнiку Iвану Шамякiну споўнiлася б 90 гадоў

30 студзеня 90 гадоў споўнiлася б народнаму пiсьменнiку Беларусi Iвану Шамякiну

Напярэдаднi 90-годдзя з дня нараджэння народнага пiсьменнiка Беларусi, Героя Сацыялiстычнай Працы, лаўрэата многiх дзяржаўных прэмiй i ўзнагарод Iвана Шмякiна ў Нацыянальнай бiблiятэцы адкрылася кнiжная выстаўка, прымеркаваная да юбiлейнай даты i прысвечаная жыццю i творчасцi знакамiтага празаiка.

Iван Шамякiн пакiнуў пасля сябе багатую лiтаратурную спадчыну. У розныя гады з-пад яго пяра выйшлi такiя вядомыя творы, як раманы «Глыбокая плынь», «Сэрца на далонi», «Снежныя зiмы», «Атланты i карыятыды», «Вазьму твой боль», «Петраград—Брэст», пенталогiя «Трывожнае шчасце», п’есы «Не верце цiшынi», «Дзецi аднаго дома», «Экзамен на восень»… Прыкметнай стала i адна з апошнiх аповесцей пiсьменнiка «Слаўся, Марыя!», прысвечаная самаму дарагому для Iвана Пятровiча чалавеку — яго жонцы. Гэта гiсторыя iх кахання, доўгага сумеснага жыцця i горкай страты.

Пачынаючы ўжо з першага рамана «Глыбокая плынь», выхад якога ў 1949 годзе зрабiў яго, маладога аўтара, надзвычай папулярным, творы Iвана Шамякiна атрымлiвалi заслужаныя чытацкае прызнанне i любоў як у Беларусi, так i далёка за яе межамi, лепшыя з iх перакладзены больш чым на 30 моў свету. Агульны тыраж яго кнiг складае каля 25 мильёнаў экзэмпляраў.

Выстаўка ў Нацыянальнай бiблiятэцы прадстаўляе каля 200 выданняў пiсьменнiка, сярод якiх i першая аповесць Iвана Шамякiна «Помста», апублiкаваная iм у 1945 годзе ў часопiсе «Полымя», i пазнейшыя тамы збораў яго сачыненняў, i асобныя, адзначаныя шэрагам узнагарод творы. Частка экспазiцыi знаёмiць з бiяграфiчнымi i лiтаратуразнаўчымi публiкацыямi беларускiх даследчыкаў.

Падчас адкрыцця выстаўкi абылася таксама прэзентацыя бiяграфiчнай кнiгi «Iван Шамякiн. Летапiсец эпохi: успамiны, iнтэрв’ю, эсэ». Яна выйшла ў свет у выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» ў папулярнай серыi «Жыццё знакамiтых людзей Беларусi» i падрыхтавана да друку дачкой пiсьменнiка кандыдатам фiлалагiчных навук Алесяй Шамякiнай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter