Летапіснаму Мінску — 940 гадоў. А рэальнаму?

Прафесар Беларускага дзяржаўнага універсітэта Захар Шыбека нарадзіўся ў вёсцы Асінаўка Сенненскага раёна. Але, пазнаёміўшыся з такімі яго кнігамі, як нарыс сацыяльна-эканамічнага жыцця “Мінск у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя”, “Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада” (у “сямейным” сааўтарстве з Соф’яй Шыбека) ці “Гарады Беларусі”, многія чытачы палічылі яго карэнным мінчанінам. Ну не мог жа ўраджэнец іншых мясцін так палюбіць сталіцу, апісваць яе мінулае не толькі з веданнем першакрыніц, што абавязкова для кожнага гісторыка, але і з такой шматгадовай адданасцю, замілаваннем.Працы доктара гістарычных навук Захара Шыбекі асабліва актуальны і запатрабаваны сёлета ў сувязі з тым, што якраз спаўняецца 940 год з часу першай падзеі, у сувязі з якой Мінск (Менеск, Менск) быў успомнены ў пісьмовай, летапіснай крыніцы — “Аповесці мінулых часоў”. І гэта была бітва “на Нямігі крывавых берагах”. Са знаўцам гісторыі Мінска мы сустрэліся (у каторы ўжо раз) у рэдакцыі “Голасу Радзімы”
Захар ШыбекаПрафесар Беларускага дзяржаўнага універсітэта Захар Шыбека нарадзіўся ў вёсцы Асінаўка Сенненскага раёна. Але, пазнаёміўшыся з такімі яго кнігамі, як нарыс сацыяльна-эканамічнага жыцця “Мінск у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя”, “Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада” (у “сямейным” сааўтарстве з Соф’яй Шыбека) ці “Гарады Беларусі”, многія чытачы палічылі яго карэнным мінчанінам. Ну не мог жа ўраджэнец іншых мясцін так палюбіць сталіцу, апісваць яе мінулае не толькі з веданнем першакрыніц, што абавязкова для кожнага гісторыка, але і з такой шматгадовай адданасцю, замілаваннем.
Працы доктара гістарычных навук Захара Шыбекі асабліва актуальны і запатрабаваны сёлета ў сувязі з тым, што якраз спаўняецца 940 год з часу першай падзеі, у сувязі з якой Мінск (Менеск, Менск) быў успомнены ў пісьмовай, летапіснай крыніцы — “Аповесці мінулых часоў”. І гэта была бітва “на Нямігі крывавых берагах”. Са знаўцам гісторыі Мінска мы сустрэліся (у каторы ўжо раз) у рэдакцыі “Голасу Радзімы”.

— Захар Васільевіч, мне прыемна вас вітаць у знаёмых вам ужо сценах. Падштурхнула ж мяне запрасіць вас на гэтую сустрэчу вялікая, на ўсю старонку, публікацыя ў газетным дадатку “Комсомольская правда в Белоруссии”, прысвечаная 940-годдзю сталіцы нашай дзяржавы. Іншыя газеты, здаецца, яшчэ маўчаць пра юбілей, чакаюць восеньскага свята горада. Між тым увесь сёлетні год можна лічыць юбілейным для Мінска.

— Адзін момант у пытанні здаўся мне крыху некарэктным. На самай справе Мінск значна старэйшы па ўзросту. Пакінем ўбаку даўнія спрэчкі, што першапачаткова ён існаваў у іншым месцы, над ракой Менкай, адкуль і назва горада, што “перасяліўся” ён да зліцця Свіслачы і Нямігі пасля пажару, сляды якога сапраўды адшукалі археолагі. Але ж каб зафіксаваць летапісны факт бітвы, якая адбылася 3 сакавіка 1067 года (яшчэ снег ляжаў), каб адбылася сама бітва, несумненна, ля сцен замка, трэба, каб горад ужо існаваў. А гарадзішча тут магло ўзвышацца “да таго” ўжо не адно стагоддзе, бо перасяляліся ж не на пустэчу.

— Прабачце, што перапыняю, але хочацца прыгадаць, што калі ўкраінцы вырашалі падобнае пытанне, колькі гадоў Кіеву, яны абаперліся на ўскосныя сведчанні, найперш археолагаў, на паданне пра легендарнага палянскага князя Кія, і святкавалі ўжо 1500-годдзе сваёй сталіцы. Ці маглі б мы пайсці такім жа шляхам, абапіраючыся, скажам, на легенды пра Менеска?

— Ну, гэтае пытанне вырашаць старажытнікам, археолагам. Я ж, як вы ведаеце, займаюся ХІХ стагоддзем, пачаткам ХХ, калі рэзка ўзрасло эканамічнае і культурнае значэнне Мінска, што забяспечыла яму потым статус сталіцы, “перамагчы” ў натуральным супрацьстаянні такіх дастойных канкурэнтаў, як Полацк ці Магілёў, пераадолець даўнюю залежнасць ад Вільні.

— І якія ж вы бачыце таму прычыны?

— Як вядома, быццё вызначае свядомасць: у Мінску скрыжаваліся Лібава-Роменская і Маскоўска-Брэсцкая чыгункі — і адразу пачалі паскорана развівацца прамысловасць, гандаль, павялічылася колькасць гатэляў, развясёлых устаноў.

— Верыцца, што ў сувязі з юбілеем Мінска вы парадуеце чытачоў чарговай кнігай. Пра што яна будзе?

Старажытны Мінск па малюнку С. Мусінскага — Сваю трэцюю кнігу пра наш горад, а яна ўжо амаль гатова, я прысвячаю таму ж перыяду: пералому ХІХ і ХХ стагоддзяў, калі тут завіравала не толькі эканамічнае, але і культурнае жыццё, калі побач з Пецярбургам і Вільняй цэнтрам беларускага нацыянальнага адраджэння становіцца і Мінск. Асвятляць гэты перыяд дапамагае мне дастатковая колькасць крыніц, найперш архіўных. Скажам, упершыню будуць шырока выкарыстаны матэрыялы перапісу гарадскіх домаўладанняў 1910 года, з якіх відаць, хто як тады жыў, якую плошчу здымаў. Аказваецца, што нашы ўяўленні пра беднасць рабочага класа ў дасавецкай Расіі яўна гіпербалізаваны, бо мінскі слесар ці машыніст паравоза мог зняць трохпакаёвае жытло, прыслугу трымаць… Я імкнуся паказаць не толькі сацыяльна-палітычнае, але і паўсядзённае жыццё мінчукоў пачатку мінулага стагоддзя. І абапіраюся тут шмат у чым на ваш прыклад, на вашы кнігі “Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры ХVІІІ стагоддзя” і “Як жылі нашы продкі ў ХVІІІ стагоддзі”.

— Ну, там іншыя крыніцы былі, і на архіўныя матэрыялы я не абапіраўся — толькі на ўспаміны… Аднак, цікава: на якія каларытныя факты з паўсядзённага жыцця нашых продкаў натрапілі вы?

— Прывяду хаця б вось такі. Нейкаму Уладзіміру Аскірку, а можа Аскерку дазволілі на Захар’еўскай вуліцы адкрыць павільён пад назвай “Балаган для кароў”: прыходзь, пі свежы сырадой. Або даі карову сам, кармі яе.

— Такая задума выклікала б цікавасць і сёння. Ну, калі не ў самым цэнтры горада, то дзесьці на ўскраіне, на рынку якім… Аднак вернемся да галоўнай тэмы нашай размовы: значыць, вернасць мінскай тэматыцы — на ўвесь даследчыцкі шлях? А як жа будзе з вашай ранейшай цікавасцю да гісторыі Беларусі ўвогуле? Памятаецца, у 1990 годзе узнік так званы “Рымскі праект”, паводле якога беларускія (канкрэтна — вы з Генадзем Сагановічам), літоўскія, польскія і ўкраінскія гісторыкі ўзяліся напісаць чатыры гісторыі сваіх краін з двумя толькі засцярогамі — каб там не было нічога ўзаемавыключнага і нічога, што абражала б пачуцці іншага народа… Дык вось, ваша гісторыя выйшла як у арыгінале, так і ў перакладзе на польскую мову…

— Перапыню вас. Толькі што выйшаў і чэшскі пераклад. Дадаткова ў яго ўключаны раздзел пра беларуска-чэшскія грамадска-культурныя ўзаемадзеянні.

— А літоўскі, украінскі?

— Літоўцы ўвогуле не напісалі сваёй гісторыі. Думаецца, што ўся справа тут у вызначэнні этнічнай належнасці Вялікага княства Літоўскага. Відаць, ім цяжка было напісаць сваю гісторыю так, каб пры гэтым не пакрыўдзіць беларусаў і часткова ўкраінцаў. Апошнія ж не здзейснілі свае намеры па фінансавых прычынах. Так што “Рымскі праект” нельга лічыць цалкам завершаным.

— Якія ж у вас планы на будучыню? Даследчыцкая вернасць Мінску захаваецца?

— Хацелася б глянуць на яго гісторыю ў больш шырокім кантэксце, напісаць эканамічную гісторыю нашай краіны, да таго — кнігу “Станаўленне гарадской цывілізацыі ў Беларусі”. Такі спецкурс у эканамічным універсітэце чытаю... Адпаведныя падручнікі для вышэйшых навучальных устаноў.

— І паўдзельнічаць восенню ў святкаванні Дня Мінска, на якім, безумоўна, і яго юбілей прыгадаюць. Добра, што ў нас ёсць дзень горада!

— Да абавязковай сустрэчы на свяце! І — за гутарку дзякуй.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter