Летапісец Талачынскага краю. Кінааматар Анатоль Антонавіч Шнэйдэр зняў больш за сто стужак аб роднай зямлі.

На Талачыншчыне жыве чалавек, які ведае кожны куток сваёй малой радзімы. Анатоль Антонавіч Шнэйдэр больш за паўстагоддзя здымае на кінаплёнку летапіс роднай зямлі. Сёлета Анатолю Антонавічу спаўняецца 80 гадоў, але, нягледзячы на ўзрост, кінааматар працягвае працаваць.

На Талачыншчыне жыве чалавек, які ведае кожны куток сваёй малой радзімы. Анатоль Антонавіч Шнэйдэр больш за паўстагоддзя здымае на кінаплёнку летапіс роднай зямлі. Сёлета Анатолю Антонавічу спаўняецца 80 гадоў, але, нягледзячы на ўзрост, кінааматар працягвае працаваць.

Захапленне з дзяцінства

— Я змалку навучыўся шанаваць і любіць прыроду, — распавядае кінааматар. — Нарадзіўся ў вёсцы Парэчча, якая размешчана па рацэ Малінаўка. Там праходзіла маё дзяцінства. У Парэччы было шмат жыхароў, жылі дружна, весела. Цяпер мясцовасць не пазнаць. Крыўдна, калі прыязджаю і бачу, што вёска памірае.
Анатоль Антонавіч паступіў у Аршанскі чыгуначны тэхнікум і з`ехаў з роднай вёскі. Пасля заканчэння навучальнай установы адправіўся па размеркаванні на Урал, там адпрацаваў на чыгунцы пяць гадоў.
— Увесь час мяне цягнула на радзіму, — кажа Анатоль Антонавіч. — Не хапала мне нашага прастору.
Але спецыяліста дадому не адпускалі: быў дэфіцыт кадраў. Калі нарэшце дазволілі паехаць, вярнуўся на Талачыншчыну. Аднак працы па спецыяльнасці на радзіме не было. Анатоль Шнэйдэр прыйшоў у райкам партыі.

Прыгажосць трэба ўмець бачыць

Анатоль Антонавіч вельмі любіў фатаграфаваць, таму ў аддзеле культуры райкама яму купілі фотаапарат, а потым маленькую кінакамеру. З часам з`явілася прафесійная оптыка. Тады кінааматар і пачаў здымаць стужкі.
— Спецыяльна для мяне зрабілі студыю, у якой працаваў дзесьці сорак гадоў, — узгадвае Анатоль Антонавіч. — Грошай за гэта мне ніхто не плаціў, працаваў для душы. У гэты час я здымаў розныя фільмы, якія распавядаюць пра нашу прыроду, ветэранаў, традыцыі. Шмат фільмаў прысвечана беларускім абрадам. Але галоўнай тэмай быў летапіс раёна. Я хацеў паказаць людзям прыгажосць талачынскай зямлі, растлумачыць, што трэба ўсё гэта берагчы.
Аднойчы на Талачыншчыну прыехала чыноўніца з Віцебска. Жанчына была вельмі незадаволеная тым, што кіраўніцтва паслала яе ў маленькі райцэнтр. Калі яна паглядзела фільмы Анатоля Шнэйдэра, спытала ў аўтара: “А дзе гэта ў вас такая прыгажосць? Я яе тут не бачыла”.
— Я адказаў: “Трэба ўмець яе бачыць!” — усміхаецца кінааматар. —  Тады жанчына паабяцала, што будзе дапамагаць. Але больш не тэлефанавала і не прыязджала. Наогул, пакуль я здымаў свае фільмы, ніхто мне не перашкаджаў, але і не дапамагаў ніхто. Я і рабіў тое, што лічыў патрэбным.

Тры фільмы

Усяго Анатоль Антонавіч зняў больш за сто фільмаў аб Талачыншчыне. Па словах аўтара, любімыя стужкі назваць вельмі складана. Ва ўсе фільмы ўклаў душу.
— Але вылучыць усё ж можна “Родны край”, — разважае Анатоль Антонавіч. — Гэта паэтычная кіназамалёўка аб роднай прыродзе. Ёсць кінатрыптых аб паміраючых вёсках. Пачаў здымаць гэтыя стужкі з гісторыі маёй вёскі Парэчча. Чаму? Яе я ведаю лепш за  іншыя, тут праходзіла маё дзяцінства, гады вайны. Потым пачаў ездзіць у іншыя, назапасілася вельмі шмат матэрыялу. Вось і з’явіліся цэлыя тры фільмы.
А аднойчы Анатоль Антонавіч нават правёў асабістае даследаванне. Ён перачытваў вершы Канстанціна Сіманава і вырашыў, што ў творы “Ты помнишь, Алеша, дороги Смоленщины” гаворка ідзе аб талачынскай зямлі. Але трэба было пацвярджэнне.
— Я набраўся мужнасці і напісаў ліст пісьменніку, — успамінае кінааматар. — Той перачытаў свае дзённікі і даў адказ: сапраўды, верш аб Талачыншчыне. Праўда, не ўзгадаў, пра якую канкрэтна вёску раёна ідзе гаворка.

Грошы не маюць значэння

Нягледзячы на тое што ў Анатоля Антонавіча больш за 50 узнагарод за кінастужкі, фільмы захаваныя толькі ў двух месцах. Поўная калекцыя сабрана ў яго хаце, а копіі ёсць у талачынскім кінаклубе.
— Даражэй за ўсё для мяне тыя ўзнагароды, у якіх ацэнена праца, якую прыйшлося правесці, здымаючы стужкі, — прызнаецца Анатоль Антонавіч. — Вельмі важная фармулёўка. Я вельмі шаную прэмію “За грамадзянскую мужнасць і прафесіяналізм”. Мне вельмі прыемна, што разгледзелі маю працу. А вось грашовы бок пытання не мае ніякага значэння.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter