Бурную творчую дзейнасць напрыканцы сезона разгарнуў Вялікі тэатр оперы і балета

Летам — з балетам!

У другі раз у Купальскую пару ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі прайшоў міжнародны творчы праект “Балетнае лета ў Вялікім”. Пэўна, у дадатак да Каляднага опернага форуму набірае сілы летні харэаграфічны праект. “Для ўдзелу ў ім, з 17 па 24 чэрвеня, запрошаны прыма-балерыны і прэм’еры нацыянальных харэаграфічных труп розных краін, якія выканаюць галоўныя партыі ў спектаклях Вялікага тэатра,” — паведамляе 51-ы нумар часопіса “Партер” (заснаваны Вялікім тэатрам). Ён разыходзіцца з праграмкамі, і вялікая частка нумара прысвечана гэтай падзеі.



Марафон харэаграфічнага мастацтва ў гэтую містычную пару, на маю думку, можна было б назваць: Купальскае лета ў Вялікім. Калі Опера ўладарыць у тэатры ды ў сэрцах публікі ў самыя доўгія вечары і ночы года, то Балет — у самыя кароткія … А гледачоў пры ўваходзе маглі б сустракаць не мужчыны ў службовай форме, а (тэатр!) хлопцы ў нацыянальных строях, дзяўчаты ў вяночках з кветак на галовах. Ах, ідылія…

На сцэне Вялікага ў плыні “Балетнага лета” сёлета ішлі спектаклі “Лебядзінае возера”, “Жар-птушка”, “Шахеразада”, “Лаўрэнсія”, “Жызэль”… А гала-канцэрт сабраў зорак сусветнага балета з Азербайджана, Беларусі, Германіі, Расіі, Фінляндыі, Швецыі ды Эстоніі.

Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter