Экстремальное путешествие: сельчанин из Витебского района около десяти дней провел в лесу

Лес заблытаў

Чутка пра тое, што 50-гадовы Васіль знік некалькі дзён таму, падняла на ногі вёску Валькі Янавіцкага сельсавета. І хоць раней ужо былі выпадкі, калі ён на некаторы час затрымліваўся ў лесе, такой працяглай адлучкі ніхто не прыпомніў. Старэйшына вёскі Мікалай Мураўёў расказаў:

— Я, як толькі даведаўся аб здарэнні, адразу ж у машыну. Паехаў да дома сужыцелькі Васіля. Раіса сядзела і плакала — гаспадара не было ўжо трэці дзень. Тут жа паднялі на ногі міліцыю.

Васіль Пятровіч харчаваўся толькі ягадамі і піў балотную ваду.
Фота  МУС

Старшы оперупаўнаважаны аддзялення вышуковай работы Віцебскага РАУС Яўген Лукашэнка дзеліцца падрабязнасцямі пошукаў:

— Трывожны сігнал паступіў 15 жніўня. Аказалася, што мужчына пайшоў у лес яшчэ 13-га. Было важна ўстанавіць: збіраўся ён па ягады або па грыбы. Справа ў тым, што гэта дзве розныя зоны вялікага ляснога масіву, які прыкладна на дзясятак кіламетраў цягнецца аж да Расіі. З дома прапалі нож і вядро, а таму вырашылі, што Васіль пайшоў збіраць грыбы. Пасля агляду двух дамоў (яго і сужыцелькі), а таксама прылеглай тэрыторыі сталі шукаць у лесе. Прыцягнулі асабісты састаў УУС, а таксама вайскоўцаў. На працягу некалькіх дзён былі задзейнічаны прыкладна па 40 чалавек. Але ўсе пошукі аказаліся беспаспяховымі. 

Кіраўнік справамі Янавіцкага сельсавета Галіна Кірпічэнка лічыць, што ў канчатковым выніку Васілю Пятровічу проста моцна пашанцавала. У яго ёсць праблемы са здароўем, ён атрымлівае пенсію па інваліднасці. Мабільнага тэлефона ў руках зроду не трымаў. І хоць вясковец практычна жыве ў лесе, усе разумелі — можа адбыцца рознае. Прыступ хваробы або сустрэча з дзікім зверам — неяк у акрузе бачылі сляды мядзведзя, у лесе ёсць ваўкі. Тым не менш надзею не гублялі і пошукі працягвалі.

— У чацвер, 22 жніўня, да нас прыехаў аўтамагазін, і ўся вёска сабралася ў цэнтры. А я ехаў разганяць бульбу на агарод, — расказвае пра хэпі-энд старэйшына вёскі. — Гляджу — на лавачцы Васька сядзіць, сваю сужыцельку з аўталаўкі чакае. Худы, ногі босыя, усе збітыя... А яго ў гэты час дзясяткі людзей па лесе шукаюць!

Мікалай Мураўёў тут жа патэлефанаваў сужыцельцы рабінзона і ў міліцыю, паведаміў аб шчаслівым заканчэнні гісторыі. На жаль, вясковец так і не змог дэталёва расказаць падрабязнасці свайго працяглага паходу ў лес — большасць падзей сцерлася з памяці. Калі б пастух з Лёзненскага раёна, які і паказаў у выніку жыхару Валькоў дарогу да роднай вёскі, не пацвердзіў міліцыі факт сустрэчы паблізу ад расійскай мяжы, можна было б наогул засумнявацца ў тым, што Васіль прайшоў велізарны шлях. Сведка расказаў, што падарожнік выйшаў да яго статка з лесу, з боку РФ, ужо прагуляўшыся па тэрыторыі Смаленскай вобласці. Быў босым, са збітымі, акрываўленымі нагамі.

У вёску, як сцвярджае Васіль Пятровіч, ён вярнуўся прыкладна апоўначы 22 жніўня, зайшоў у сваю хату, дзе і спаў да абеду, пакуль яго шукалі ў лесе. Фельчар «хуткай» Аляксандр Сінельнікаў здзіўляецца жыццёвай стойкасці вяскоўца і жартуе: вандроўнік мог бы яшчэ столькі ж часу правесці ў лесе. Усе паказчыкі ў норме. ЭКГ, аналіз крыві, работа лёгкіх і нават ціск як у касманаўта — 120 на 80! Пацыент не выглядае змучаным і сцвярджае: яму здаецца, што ён толькі ўчора пайшоў з дому. Хоць цьмяна памятае, што некалькі сутак начаваў каля ракі пад елкай, набіраючыся сіл. Людзей па дарозе не сустракаў, а вось змей і яшчарак было шмат. Самае непрыемнае — згубіў вядро. 

Урачам толькі засталося даць рэкамендацыі гора-падарожніку, як выходзіць з зацяжной галадоўкі: усе гэтыя дні чалавек харчаваўся толькі ягадамі і піў балотную ваду.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter