Лес любіць гаспадара

Лесаводы Міншчыны прызнаны лепшымі ва ўсіх намінацыях

Сталічная вобласць стала безумоўным пераможцам па выніках года, якія падведзены Міністэрствам лясной гаспадаркі.

Лесаводы Міншчыны прызнаны лепшымі ва ўсіх намінацыях. Сярод дзяржаўных вытворчых лесагаспадарчых аб’яднанняў першае месца прысуджана Мінскаму, яго ўзначальвае генеральны дырэктар Сяргей Мацюшэўскі. Лепшым лясгасам краіны прызнаны Старадарожскі.

Лепшым ляснічым года стаў ляснічы Урэцкага вопытна-вытворчага лясніцтва Слуцкага лясгаса Руслан Фінке. Гэта ганаровае званне ён атрымаў амаль з тысячы ляснічых, што працуюць у сістэме Мінлясгаса. Падстава для гэтага — высокія прафесійныя дасягненні, прапаганда беражлівых адносін да лясных багаццяў і значны асабісты ўклад у развіццё лясной гаспадаркі. Больш за дзесяцігоддзе Руслан Раманавіч непарыўна звязаны з лесам. Ва Урэцкім вопытна-вытворчым лясніцтве актыўна ўкараняюцца новыя метады работы і тэхналогіі, на ўзбраенні — сучасная тэхніка. Калектыў першым у лясгасе асвоіў скандынаўскую тэхналогію правядзення рубак і стварэнне лясных культур буйнамерным пасадачным матэрыялам. Пад кіраўніцтвам ляснічага высаджана больш за тысячу гектараў лясных культур. Па выніках года лясніцтва павялічыла планавыя паказчыкі на 60 %.

Па ініцыятыве кіраўніка на базе лясніцтва створаны музей гісторыі развіцця лесагаспадарчай вытворчасці Слуцкага лясгаса, там праводзяцца экскурсіі і ўрокі па экалагічным выхаванні.

На працягу некалькіх скліканняў Руслан Фінке з’яўляецца дэпутатам Урэцкага пасялковага Савета дэпутатаў. А ў мінулым годзе ўзнагароджаны нагрудным знакам «10 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь». 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter