От Налибок до Кёнигсберга прошел боевой путь партизан и фронтовик Иосиф Дмуховский

Лес бараніў і клікаў да помсты

На выцягнутай шнурком адзінай вуліцы іўеўскай вёскі Песявічы пад разгалістым векавым вязам прытулілася драўляная хата сям’і Дмухоўскіх. Прымацаваная да сцяны таблічка з чырвонай зорачкай сведчыць, што тут жыў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Іосіф Антонавіч васямнаццацігадовым юнаком папоўніў партызанскі атрад «Беларускі мсцівец», які дзейнічаў у Налібоцкай пушчы. 


Пасля вызвалення Панямоння ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і паспяховага завяршэння Вільнюскай аперацыі ён змагаўся ў 5-й Арлоўскай Чырвонасцяжнай гвардзейскай дывізіі 3-га Беларускага фронту, якім камандаваў генерал арміі Іван Данілавіч Чарняхоўскі. 

Удзельнічаў ва Усходне-Прускай ваеннай аперацыі. За мужнасць і гераізм Іосіф Антонавіч Дмухоўскі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, шматлікімі медалямі і граматамі.

У маім журналісцкім блакноце занатаваны ўспаміны былога партызана, байца 3-га Беларускага фронту Іосіфа Дмухоўскага. Юнацтва яго супала з часам карэнных перамен у Заходняй Беларусі. 

На пачатку верасня 1939 года Іўеўшчына яшчэ была пад панскай Польшчай, на якую напала фашысцкая Германія. Многіх маладых вяскоўцаў забралі ў польскае войска. Сямнаццацігадовы Іосіф разам з аднавяскоўцамі выйшаў на бальшак сустракаць чырвонаармейцаў. Пасля братання сяляне частавалі вызваліцеляў хто чым мог. 

Пасля ўсталявання савецкай улады заможную сям’ю Дмухоўскіх раскулачылі. Коней і кароў забралі ў калгас, гаспадара вывезлі ў Сібір. Праз два перадваенныя гады, калі жадаючым дазволілі перасяляцца ў Польшчу, ён вярнуўся дамоў. Працаваў у калгасе ездавым, а жонка — паляводам. Сын Іосіф выходзіў з вясковымі касцамі на пакос каля рэчкі Чапонька. 

Чэрвеньскім днём касцы пачулі гучную гамонку з боку вёскі. Прыпынілі працу. Па лугавіне да іх несліся сяляне. Яны паведамілі страшэнную вестку пра вайну. З лугу ўсе кінуліся дамоў. А праз лічаныя дні фашысты на матацыклах уварваліся ў вёску Песявічы. Яны прымушалі моладзь ісці ў нямецкую самаахову, пад якую занялі палову доўгай хаты Юзіка Бутрыма. 

З першых дзён вайны ў гу­шчарах Налібоцкай пу­шчы сталі збірацца народныя мсціўцы. Яны ўпотайкі прыходзілі ў вёску, гутарылі з людзьмі. Многія сем’і падаліся ў партызаны. Разам з сябрамі дзяцінства, братамі Браніславам і Станіславам Расейнымі, Антосем Касюком, Браніславам Буяком, пайшоў у атрад і Іосіф Дмухоўскі. Вартавыя па лясных сцежках правялі моладзь углыб пушчы. Крочылі больш як за дзесяць кіламетраў. На ўзвышшы, акружаным непраходнымі балотамі, размяшчалася камандаванне партызанскай брыгады. Узначальваў яе кадравы афіцэр Барыс Адамавіч Булат. Пасля вайны за гераізм ён быў адзначаны Залатой Зоркай Героя Савецкага Саюза. 

Бязвусых юнакоў здзівіла, што ў камандзіра не было адной рукі. У Налібоцкую пушчу ён трапіў пасля цяжкага ранення, атрыманага ў няроўным баі на пачатку вайны. Пасля размовы кожнаму навабранцу выдалі зброю і на начлег размясцілі па зямлянках. Спалі на нарах, усланых сухою травою. Стаялі цёплыя асеннія дні. Раз-пораз у небе над шатамі дрэў з аглушальным рокатам праляталі нямецкія бамбардзіроўшчыкі.

Камандаванне атрада трымала сувязь з Масквой. Самалётам дастаўлялі не толькі зброю і боепрыпасы, але і ўсё неабходнае для жыцця. Для прыняцця самалётаў з Вялікай зямлі народныя мсціўцы прасторную пушчанскую паляну прыстасавалі пад аэрадром. У вызначаны начны час запальваліся вогнішчы, і па іх самалёт арыентаваўся на пасадку.

Многае захавалася ў памяці былога партызана. Аднойчы ён з сябрамі па атрадзе патрапілі пад варожую засаду. Завязаўся бой. У час адступлення праз калючы зараснік пракалоў рагавіцу правага вока. Прызвычаіўся бачыць адным вокам.

Баявым хрышчэннем для маладога партызана Дмухоўскага быў удзел у разгроме нямецкага гарнізона ў вялікай вёсцы Лугамавічы. Байцы знянацку напалі і разграмілі акупантаў. А праз невялікі час знішчылі і гарнізон у вёсцы Лаздуны. Нягледзячы на тое што гітлераўцы ўзмоцнена ахоўвалі чыгунку, ад рук народных мсціўцаў часта ляцелі пад адхон варожыя эшалоны на лініі Ліда — Маладзечна. 

Як страшны сон узгадваў былы партызан перажытае ў нямецкую блакаду. Узброеныя варожыя фарміраванні акружылі лагер з усіх бакоў і сціскалі кольца. Дзеля ўратавання давялося праляжаць трое сутак пад карчом. Побач тупалі боты фашысцкіх салдат. Ратавала, што акупанты прачэсвалі лес без сабак. Час быў летні. Перад блакадай кожнаму партызану выдалі сухары. Атрад не панёс страт.

Вышукваў час малады партызан Дмухоўскі, каб наведаць бацькоў. Яны за вёскаю выкапалі сабе зямлянку і там перажывалі акупацыю. Дома заставацца не рызыкавалі. 

Святлеў твар Іосіфа Антонавіча, калі ўзгадваў пра вызваленне савецкімі воінамі першых беларускіх гарадоў і вёсак. Летам 1944 года набліжаўся фронт. Пасля вызвалення савецкімі войскамі Налібоцкай пушчы партызан Іосіф Дмухоўскі стаў байцом дзявятай роты трэцяга батальёна 142-га палка 3-га Беларускага фронту, якім кіраваў генерал Іван Данілавіч Чарняхоўскі. Пяшком прайшоў да Кёнігсберга, вызваляючы беларускія і прыбалтыйскія гарады і вёскі. Прымаў удзел у Мемельскай і Усходне-Прускай ваенных аперацыях. 

Як сведчыць ваенная хроніка, у студзені 1945 года войскі 3-га Беларускага фронту разам з 1-м Прыбалтыйскім паспяхова правялі Усходне-Прускую стратэгічную наступальную аперацыю і выйшлі на подступы да Кёнігсберга. У ходзе баявых дзеянняў разграмілі нямецкую 3-ю танкавую армію. Да завяршэння аперацыі войскі праніклі ўглыбіню да 130 кіламетраў. 

На маё пытанне, як салдаты рыхтаваліся да важных баёў, Іосіф Антонавіч ухмыльнуўся і расказаў, што перад боем старшына насіў пляшку на плячах і наліваў байцам па сто франтавых грамаў. Многія адмаўляліся, аргументуючы, што смеласці і так хапае.

Асабліва цяжка давалася ўзяцце Кёнігсберга. Вораг ашалела адбіваўся. Паступіў загад рыхтавацца да штурму горада. Пасля артабстрэлу грымнула магутнае «У-р-р-а!» — і пачалася атака, а потым другая, трэцяя. На хаду кулямётчык Дмухоўскі адчуў, што моцна запякло ў левай руцэ. Куляй секанула вышэй кісці і вырвала частку рукі. Пальцы ўмомант анямелі, і палілася кроў. Апамятаўся, выхапіў з кішэні маток бінту і пераціснуў рану. Ляжаў у акопе, пакуль навокал не сціхла ўсё. Бой закончыўся, і ён ніяк не мог зарыентавацца, куды паўзці. Нікога не бачыў. Спачатку папоўз, а потым падняўся і пайшоў па адкрытым полі. Трапіў да сваіх байцоў. Яны дапамаглі дабрацца ў санчасць. А потым быў ваенны шпіталь. Амаль год давялося залечваць глыбокую рану. Камісавалі франтавіка з II групай інваліднасці.

Працяг цікавай гісторыі жыцця франтавіка Іосіфа Дмухоўскага дапоўніла дачка Марына. Ад бацькі чула гісторыю, як у шпіталі ў яго закахалася малодзенькая медсястра. Мабыць, інакш склаўся б лёс франтавіка, каб не пісьмо з дому. Бацькі скардзіліся сыну, што састарэлі за вайну і не ў сілах ўпраўляцца па гаспадарцы. Вельмі чакалі яго дома. 

Таму развітаўся з каханай дзяўчынай і адправіўся ў родныя Песявічы. У сям’і абрадаваліся яго вяртанню. Калі стаў за плуг, не ўтрымаў яго — не слухалася параненая рука. Пайшоў працаваць рабочым у Дуброўскае лясніцтва. Да апошніх сваіх дзён не раставаўся з лесам. Імкнуўся не ўзгадваць пра перажытае за вайну. Дачка Марына, як бясцэнны скарб, захоўвае для нашчадкаў Дмухоўскага роду баявыя ўзнагароды, дакументы, фотаздымкі бацькі. Хочацца спадзявацца, што краязнаўчы пакой Лялюкінскай сярэдняй школы папоўніцца матэрыяламі пра мужнага земляка Іосіфа Антонавіча Дмухоўскага. Як кажуць: дзеля будучага варта шанаваць мінулае. 

subbat50@mail.ru

Фота аўтара і з сямейнага архіва сям’і Дмухоўскіх
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter