ТОП-темы

Лепшае — сваё

20:39, 14 ноября 2026
Рецепт пшенной каши с яблоками — славянская кулинарная классика
Салодкая прасяная каша з печаным яблыкам для тых, хто не хоча забываць свае карані

У гэтай рубрыцы часта ўзгадваюцца стравы, натхнёныя ўспамінамі пра вясковае дзяцінства. Гэта непазбежна, паколькі мне давялося расці ў сям’і, дзе жыццё круцілася вакол цёплых печак з бясконцымі чыгунамі, патэльнямі, бляхамі.


Гатавалі рознае. Смачна, з душой. Хоць і без далікатэсаў, затое з прыродным пачуццём таго, якім павінна быць здаровае харчаванне. Гэта былі рэцэпты, правераныя не адным пакаленнем, не сапсаваныя супярэчлівымі рэкамендацыямі з тэлебачання і інтэрнэту...

Лепшае — сваё. Так вучылі прабабкі. Іх рацыён мяняўся ў залежнасці ад пары года (а не ад моды на тыя ці іншыя прадукты). У кожнага сезона былі і ўласцівыя яму водары, што луналі пад столлю ў невялікіх пакоях старых драўляных хат. Квашаная капуста, сушаныя гарбузікі, печаныя яблыкі — усё гэта памятаюць не толькі вочы і язык, але і нос.

Ад таго так радасна і цёпла, калі і наша гарадская кухня напаўняецца прыкметамі таго ці іншага сезона. Напрыклад, вясковыя кісла-салодкія яблыкі ў нас цяпер часта ідуць не толькі ў пірагі, але і ў якасці дабавак у кашы. Натуральны смак і нічога лішняга.
Вам спатрэбяцца:

♦ проса — 1 шклянка;

♦ вада — 2 шклянкі;

♦ малако — 2,5 шклянкі;

♦ цукар — 1—2 ст. л.;

♦ сметанковае масла — 50 г;

♦ яблыкі — 2—3 шт.
Проса мы гатуем так. Добра прамываем крупы спачатку халоднай вадой, а пасля абдаём кіпенем, каб прыбраць горкі прысмак. Заліваем крупы вадой і ставім на сярэдні агонь. Калі каша закіпіць, агонь змяншаем, уліваем малако. Пасля таго як зноў пойдуць бурбалкі, дадаём цукар, перамешваем і варым яшчэ каля 20 хвілін.

Гатовую кашу перакладваем у гаршчок (ці любую іншую пасудзіну), дадаём масла і адпраўляем у духоўку «даходзіць» на паўгадзіны пры 180 °C. У асобную форму наразаем долькамі яблыкі і адпраўляем іх пячыся разам з кашай. Ніякіх дабавак накшталт мёду ці цукру не трэба. Яблыкі павінны стаць мяккімі, пусціць сок, таму перабіваць іх натуральны смак не варта.

Выкладваючы гатовую кашу на талеркі, дадаём зверху па некалькі яблычных долек. Гатова!

kurak@sb.by


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.

Нравится читать наши новости и материалы? Добавьте нас в «Google Рекомендации» по ссылке.


Вячеслав БОНДАРЕНКО
Вячеслав БОНДАРЕНКО
Фитнес для мозга
Алёна КРАСОВСКАЯ
Алёна КРАСОВСКАЯ
Разрывая старые связи