«Лепш жартаваць, чым гараваць»
31.07.2012 19:33:08
Так лiчаць аўцюкоўцы, сабраўшыся на VII Усебеларускі фестываль народнага гумару «Не жыццё — адны спакусы»
ПАЧАЛОСЯ свята напрыканцы працоўнага тыдня ў аграгарадку Малыя Аўцюкi з адкрыцця сядзiбы-музея народнага гумару. Удзел у мерапрыемстве прыняў мiнiстр культуры Рэспублiкi Беларусь Павел ЛАТУШКА. Павіншаваўшы аўцюкоўцаў са святам, ён сказаў:
У памяць аб сустрэчы ганаровым гасцям вясёлыя аўцюкоўцы падарылi шорты з народным беларускiм арнаментам. Адбылося таксама адкрыццё першай i адзiнай у свеце «Алеi зорных ног», дзе свой след ля парога сядзiбы назаўседы пакінуў iнiцыятар фестывалю, пiсьменнiк, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Беларусi Уладзiмiр Лiпскi.
Акрамя таго, былі ўручаны спецыяльныя ордэны самым знакамiтым аўцюкоўцам i тым, хто iх праслаўляе. Госцi прайшлiся па вёсках, вызначылі лепшы падворак, найбольш гаспадарлівыя сем’і, самую адмысловую кухарку, хаця гэта было зусiм няпроста.
На другі дзень свята перамясцілася ў раённы цэнтр Калінкавічы. На гарадской плошчы прайшлi конкурсныя выступленні ўсіх каманд і гасцей-гумарыстаў з розных куткоў Беларусi і Украіны. Тутэйшым вясёлым аўцюкоўцам давялося ўсур’ёз пацягацца з гумарыстамі з вёсак Спорава Бярозаўскага, Дубіна Валожынскага, Баянічы Любанскага раёнаў.
Нягледзячы на спякоту, фестываль сабраў больш за сямсот удзельнiкаў. Два днi на калiнкавiцкай зямлі гучалi анекдоты, жарты, прыпеўкі, мініяцюры, забаўкі, прыколкі.
Акрамя конкурснай i канцэртных праграм, на кірмашы можна было набыць смешныя сувеніры, агледзець выстаўкі печаных скульптур па матывах народных баек, вырабаў народных рамёстваў, а таксама зазірнуць у гумарыстычнае фотаатэлье, наведаць аўцюкоўскі тыр, пабываць на футбольным матчы паміж Каласкамі і Калінкамі з Малых і Вялікіх Аўцюкоў.
Закончыўся фестываль гала-канцэртам i дыскатэкай, пасля чаго неба над Калiнкавiчамi ўпрыгожыў святочны салют.
Мяркую, што тым, хто наведаў у мiнулыя выхадныя фестываль гумару, гэта свята запомнiцца надоўга. У аўцюкоўцаў можна павучыцца, як працаваць i з аптымiзмам глядзець у заўтрашнi дзень.
Наталля ВАКУЛIЧ, «БН»
Фота Сяргея ХАЛАДЗІЛІНА, БЕЛТА