Лепш адзін раз пабачыць…

Перасоўная выстава “Беларусь і беларусы” дэталёва і вобразна расказвае пра Бацькаўшчыну
Перасоўная выстава “Беларусь і беларусы” дэталёва і вобразна расказвае пра Бацькаўшчыну


Зручныя модулі выставы

Ёмістым і шматгранным назваў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў новы праект Нацыянальнага гістарычнага музея: перасоўную выставу “Беларусь і беларусы”. Сапраўды, вельмі змястоўная атрымалася экспазіцыя. Яе стваральнікі змаглі не толькі дэталёва і дасціпна расказаць пра мінулае і сучаснасць Бацькаўшчыны, культуру і традыцыі, кухню і спартыўныя дасягненні беларусаў, але і падкрэсліць яе ўнікальнасць. На прэзентацыю айчыннай гісторыі ды культуры за мяжой і разлічана выстава. У ёй 10 чатырохбаковых модуляў, якія лёгка трансфармуюцца, могуць спалучацца. Выставу можна выкарыстоўваць як у спрошчаным варыянце — тэматычным, так і дадаваць да яе новыя матэрыялы.

Экспазіцыя люструе гісторыю краіны: ад першабытна-абшчыннага ладу да нашых дзён. На прэзентацыі дырэктар Гістарычнага музея Алег Рыжкоў казаў: “Шмат інфармацыі змясцілі пра культуру: мову, літаратуру, музыку, тэатральнае мастацтва, нацыянальны касцюм, арнамент... І ў цэнтры кожнай тэмы, што б гэта ні было — чалавек”. Пры стварэнні экспазіцыі фатаграфіі былі ўзяты з фондаў Гістарычнага музея, з архіваў БелТА, Мастацкага музея, Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”. Да працы далучыліся і вядомыя фатографы Сяргей Плыткевіч, Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў.

Па словах Алега Рыжкова, выстава — цікавы наглядны дапаможнік, дзякуючы якому кожны зможа лепш зразумець нашу краіну. Анатацыі да фота зроблены на беларускай і англійскай мовах, а пры неабходнасці іх можна перакласці на любую іншую.

Плануецца, што выстава будзе выкарыстоўвацца на міжнародных форумах у Беларусі, прэзентавацца за мяжой. А першымі краінамі, у якія паедзе экспазіцыя “Беларусь і беларусы”, стануць Казахстан і Літва. У хуткім часе прэзентацыя выставы пройдзе і ў МЗС Беларусі, пасля чаго будзе складзены план яе “гастралявання”.

Ад рэдакцыі. Падаецца нам, што з часам будзе варта стварыць і камплекты з трох-чатырох дзясяткаў тэматычных плакатаў. Тады можна будзе і праз беларускія суполкі замежжа больш грунтоўна прэзентаваць матэрыялы пра Беларусь па ўсім свеце.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter