На 91-м году жизни скончался народный скульптор Беларуси Лев Гумилевский

Леў Гумілеўскі. Развітанне

Суботнім вечарам за некалькі хвілін да святочнага салюту перастала біцца сэрца народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР і прэміі Саюзнай дзяржавы, уладальніка Сярэбранага медаля імя Грэкава, медаля Францыска Скарыны Льва Мікалаевіча Гумілеўскага. Прэзідэнт Беларусі выказаў спачуванні родным і блізкім народнага мастака. 

Карані патрыярха нацыянальнай культуры па мацярынскай лініі ў невялікай браслаўскай вёсачцы Жарнялішкі. Там яго дзяды і прадзеды поле аралі, хлеб вырошчвалі. Лёс будучага творцы так склаўся, што пра гэты азёрны куточак ён ведаў з успамінаў маці Франчэскі Вікенцьеўны Паўлюкевіч. Леў Мікалаевіч усё жыццё марыў пабываць у гэтых мясцінах, але ўсё не атрымлівалася. І вось аднойчы, як кажуць, зоры на небе сышліся.


Наша здымачная група Беларускага тэлебачання, у якой працавала рэжысёрам жонка скульптара Валянціна Гумілеўская, адправілася ў чарговую камандзіроўку на Браслаўшчыну. Вольны час ад працы ў творчай майстэрні выкраіў Леў Мікалаевіч і таксама прыехаў на Браслаўшчыну. У маё сэрца запаў шчымлівы момант, як ён ў Жарнялішках набіраў зямлю ў мяшэчак, каб адвезці на магілу маці. Трэба было бачыць, з якім хваляваннем ён аглядаў вёску, пра якую шмат чуў ад маці. Франчэска Вікенцьеўна была працавітай жанчынай, але з крутым норавам. Калі яе засваталі за нялюбага, насуперак родным нечакана ўцякла з бацькоўскага дому. Дабралася ў Маскву, дзе беларускую прыгажуню ўпадабаў сталічны кавалер Мікалай Гумілеўскі са слыннага арыстакратычнага роду Гумілёвых. Пажаніліся. Маладая сям’я мела поўны дастатак. Падрасталі два сыны: Мікалай і Лёва. Але маці хлопчыкаў усё часцей у снах бачыла мілую сэрцу азёрную Браслаўшчыну. Нябачная сіла моцна цягнула яе да родных вытокаў. І як толькі выдалася магчымасць, рашучая жанчына ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя збегла з малымі дзецьмі з маскоўскай кватэры. Але не суджана было трапіць у Жарнялішкі. На чыгуначнай станцыі Барысаў даведалася, што яе родныя мясціны адышлі да буржуазнай Польшчы. Маладой маці з сынамі на руках добрыя людзі дапамаглі ўладкавацца ў Старабарысаўскі санаторый. Калі грымнула вайна, Франчэска Гумілеўская з сынамі перабраліся ў партызанскую зону на Бягомльшчыну. Запомніліся расказы Льва Мікалаевіча пра перажытае ў атрадзе. Чатырнаццацігадовым ён з равеснікамі даглядалі кароў на партызанскім востраве, акружаным балотамі. Да іх неяк прабраліся акупанты. Ён імгненна апавясціў сяброў пра небяспеку. Хлопчыкі кінулі ў розныя бакі ад ворагаў. Юныя партызаны ведалі кожную патаемную балотную сцежку. Гэта іх уратавала.

Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх акупантаў Гумілеўскія вярнуліся ў Старабарысаўскі санаторый. Франчэска Вікенцьеўна па-ранейшаму працавала ў пральні, а сыны пераросткамі пайшлі ў школу. Невядома як склаўся б далей іх лёс, калі б дырэктара санаторыя не перавялі ў Нясвіж. Ён прапанаваў жадаючым паехаць разам з ім працаваць у створаным у былым радзівілаўскім палацы санаторыі. На новае месца адправіліся і маці з сынамі. Там прайшлі юнацкія гады будучага народнага скульптара. Яго здольнасці заўважыў настаўнік малявання Міхаіл Канстанцінавіч Сяўрук, які потым стаў вядомым мастаком. На верхнім паверсе гарадской ратушы была яго творчая майстэрня. Цяпер у цэнтры Нясвіжа ўзвышаецца новы будынак.

Неаднойчы з сям’ёю Гумілеўскіх гулялі па гістарычных куточках старажытнага горада. Леў Мікалаевіч часта ўзгадваў свайго першага творчага настаўніка. Хлапчукі прыбягалі да ратушы і гучна клікалі яго. На верхнім паверсе адчыняліся стаўні, і ў акне з’яўляўся Міхаіл Сяўрук. Цікава было слухаць і ўспаміны, як нясвіжскі творца вучыў выхаванцаў маляваць: выстаўляў гіпсавыя скульптуры, і юныя мастакі адлюстроўвалі іх на паперы. Аднойчы на перапынку хлопчыкі неспадзявана зачапілі гіпсавую копію скульптуры эпохі Адраджэння, і яна разбілася. Калі настаўнік зайшоў у пакой і ўбачыў разбіты гіпс, ні слова не прамовіў. Леў Мікалаевіч, адзначаючы гэты факт, падкрэсліваў вытрымку і выхаванасць педагога. Юныя творцы ўсё ж склеілі разбітую скульптуру. Заняткі ў Сеўрука шмат у чым паспрыялі развіццю талента будучага народнага мастака.

Да драбніц узгадваецца кожная сустрэча з Гумілеўскім. У адзін з прыездаў у Нясвіж крочылі са Львом Мікалаевічам у радзівілаўскі парк. Запомнілася яго выказванне: вялікае шчасце мець мясціну, дзе карані твае. Сваёй малой радзімай скульптар лічыў гэты старажытны горад. Марыў мець там музей для сваіх твораў. Парадную сцяну касцёла Божага Цела ўпрыгожвае мемарыяльная дошка, якую ён прысвяціў памяці ксяндза Гжэгаша Класоўскага. А на праваслаўным храме такая ж дошка прысвечана мітрафорнаму протаіерэю Дзмітрыю Пятровічу Хмелю. Святары хрысціянскіх канфесій жылі тут у пасляваенны час, сябравалі.

Гораду дзяцінства скульптар прысвяціў трыпціх «Сказанне пра Нясвіж». Усталяваны ён у Нацыянальнай бібліятэцы. Значны ўклад скульптар унёс у мастацкае афармленне нясвіжскага парку ў час яго рэстаўрацыі. На галоўнай алеі пад шатамі векавых дрэў паўсталі выкананыя ім бюсты Юрыя Нясвіжскага, Уладзіслава Сыракомлі, Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі, маладога Якуба Коласа. Непадалёку прывабна ўпісалася ў паркавы пейзаж кампазіцыя «Русалка».

Скульптурай Леў Мікалаевіч захапіўся пасля арміі. Пасля службы заканчваў вучобу ў мастацкім вучылішчы і вечарамі займаўся ў вячэрняй школе. Атрымаў атэстат сталасці і паступіў у сталічны тэатральна-мастацкі інстытут. Займеў сям’ю. Жонкай яго стала мінчанка. Валянціна Мікалаеўна таксама творца вышэйшай пробы. Паўвека аддала яна Беларускаму тэлебачанню: займалася рэжысурай тэлепраграм. Сямейнаму саюзу Гумілеўскіх 62 гады. Скульптарам стаў іх першынец Сяргей. Яго арыгінальныя творы абагацілі сталічныя музеі. Некалькі разоў ён ладзіў імянныя выставы. Апошняя сумесная выстава Гумілеўскіх прайшла на пачатку лета ў музеі Янкі Купалы. Разам з сынам Леў Мікалаевіч ствараў помнік народнаму паэту ў Маскве, за які творчы калектыў адзначаны прэміяй Саюзнай дзяржавы. У інтэрв’ю для «Сельской газеты» творца адзначаў: Янка Купала прапісаўся ў Маскве, а ў Мінску паўстаў помнік вялікаму Аляксандру Пушкіну. Прысуджэнне такой прэстыжнай прэміі пацвердзіла: два геніі літаратуры славянскіх народаў стаяць на адной прыступцы.

У творчай майстэрні Маэстра цесна непаўторным творам. Пакой больш падобны на багаты музей слынных асоб зямлі беларускай. У апошнія гады працоўным кабінетам скульптара стала зала кватэры. Завершана работа над скульптурай волата Машэкі, які згодна з паданнем пахаваны на беразе Дняпра на месцы сучаснага магілёўскага мікрараёна Юбілейны. Некалькі гадоў таму сталічную плошчу Свабоды ўпрыгожыла цудоўная кампа-зіцыя вядомых беларускіх дзеячаў культуры ХІХ стагоддзя — літаратара Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і кампазітара Станіслава Манюшкі. Велічна ўзвышаецца ў мінскім парку створаны таленавітымі рукамі творцы ў супольнасці з мастаком А. Анікейчыкам і скульптарам А. Заспіцкім помнік Янку Купалу. А як трапна аздобіў Смаргонь створаны залатымі рукамі майстра помнік Францішку Багушэвічу, які шчыра дапамагаў простым людзям. Леў Мікалаевіч быў задаволены, што ўдалося ўвекавечыць абаронцу сялян на яго малой радзіме.

Скульптар ні дня не мог правесці без працы. Спяшаўся тварыць. За свой доўгі век пакінуў багатую спадчыну. На плошчы Славы ў Магілёве ўсталяваны пяць яго рэльефаў, звязаных з гісторыяй вобласці. Адзін з іх прысвечаны беларускім хлебаробам. У цэнтры кампазіцыі легендарны Кірыл Арлоўскі ў атачэнні калгаснікаў. Сельская тэма ніколі не была чужой скульптару. Ён марыў стварыць зборны вобраз хлебароба.

Леў Мікалаевіч лічыў: мастак павінен у жыцці нешта любіць. Калі няма такога пачуцця — творца нікчэмны. Скульптар шмат чытаў. Кнігі з закладкамі па гісторыі, культуры засталіся ў яго творчай майстэрні. Ён любіў родную мову, беларускую літаратуру. З кніг чэрпаў ідэі для сваіх будучых кампазіцый. Пастаянна жыў творчасцю. У яго ніколі не паўставала пытанне: чым заняцца? Творчасць была яго полем, на якім ён бачыў сябе аратым. Любіў займацца агародніцтвам. Кожную вясну на падаконніках кватэры набірала моц расада памідораў.

Леў Мікалаевіч узгадваў, як у маладосці ўпершыню пачуў паланез Агінскага. Мелодыя яго зачаравала. На вечны спачын кампазітара прыняла італьянская зямля. З’явілася жаданне пабываць у Італіі. Так сталася, што мара здзейснілася. Дачка Надзея выйшла замуж за італьянца, і ўсёй сям’ёю адправіліся ў вандроўку. Пасля вяртання дамоў творца шчыра дзяліўся ўражаннямі ад наведвання сабора Санта Круча, дзе пахаваны трыста вялікіх лю­дзей. Сярод іх Мікеланджэла, Галілей, Дантэ, Макіавеллі і Агінскі. Узнікла ідэя стварэння кампазіцыі «Агінскі. Развітанне з Радзімай». Кампазітар развітваецца з агорнутым ветрам дрэвам, якое сімвалізуе Радзіму.

Шчыра сябраваў Леў Мікалаевіч з народным мастаком СССР, Героем Беларусі Міхаілам Савіцкім. Інтэлігентнасці іх узаемаадносін можна было павучыцца. Аксакалы беларускага мастацтва пастаянна абменьваліся творчымі задумамі.

Леў Мікалаевіч прызнаваўся, што кожная новая ідэя, твор нараджаліся ў сэрцы. Таленавіты майстар пакінуў багатую спадчыну: скульптуры Кірылы Тураўскага, Еўфрасінні Полацкай, князя Міндоўга, Францыска Скарыны, Тадэвуша Касцюшкі, Кастуся Каліноўскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Станіслава Манюшкі, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Яўгеніі Янішчыц, Міхаіла Савіцкага, Уладзіміра Мулявіна… Яго рукамі створаны бюсты вядомых гістарычных дзеячаў і майстроў культуры, літаратараў, кампазіцыі, прысвечаныя важным падзеям, слынным героям мінуўшчыны, і шмат іншых манументальных работ. А колькі творчых задум засталіся не ўвасобленымі. Сыну Сяргею працягваць справу бацькі.

Няхай Вялікаму Маэстру будзе пухам беларуская зямля.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter