Лазня парыць, лазня правіць!

З незапамятных часоў лазня для чалавека з’яўлялася не толькі месцам гігіены — гэта быў спрадвечны пласт традыцыйнай народнай культуры.Менавіта тут чалавек судакранаўся з ачышчальнай сілаю агню і жыццядайнай сілаю вады. Чыстае цела і светлыя думкі — вось тое яскравае імгненне яднання з навакольным тонкім светам.

Паддай духу — ды на палок!
Гісторыя чалавечай цывілізацыі знае мноства тыпаў лазняў. Але, як вядома, “лепшая лазня — тая, якая даўно пабудавана, прасторная і мае мяккую ваду” і тая, “якую цяпляць згодна з натурай тых, хто хоча ў яе ўвайсці”. Выдатны знаўца гісторыі лазні А.Бірукоў вылучаў некалькі відаў лазняў: лазня-каменка па тыпу рускай ці фінскай з тэмпературай да 120 градусаў і вільготнасцю ад 5 да 20 працэнтаў, паравая (вільготная) лазня з вільготнасцю паветра ад 75 да 100 працэнтаў і тэмператураю 60—70 градусаў і вадзяная (ці японская) лазня.
На землях Беларусі лазні былі распаўсюджаны ў басейне Дняпра, Заходняй Дзвіны і Сожа, радзей на Бярэзіне. Згодна з вераваннямі беларусаў, лазняю апекаваўся Лазнік, ён быццам бы жыў за печчу-каменкай ці палком. Неабходна было таксама кіравацца пэўнымі правіламі, каб Лазнік не спаліў сваё жытло. Пры ўваходзе ў яе казалі: “Хрышчоны — на палок, нехрышчоны — з палка”, пры выхадзе — “Табе, баня, на стаянне, а нам — на здароўе”. Лічылася, што Лазнік палохае і карае тых, хто мыецца ў лазні пасля заходу сонца, паколькі ён сам любіць папарыцца ў гэты час. Каб задобрыць Лазніка, прыносілі розныя ахвяраванні, часцей хлеб і соль. Пасля мыцця пакідалі яму вады і венік.
Лазня служыла і месцам для варажбы. Тут незамужнія дзяўчаты гадалі, за каго пойдуць замуж. А на Масленіцу лазня станавілася месцам калектыўных вясёлых забаў моладзі.
Напярэдадні Чыстага чацвярга нашы продкі абавязкова хадзілі ў лазню. Казалі, што ў гэты дзень і “воран купае сваіх дзяцей”. Ноччу пакідалі кавалак хлеба на вуліцы, і калі ён не замярзаў, верылі, што яравыя пасевы не папсуе мароз. Гэты хлеб дзялілі паміж членамі сям’і і частаваліся ім пасля лазні — ён лічыўся гаючым. У некаторых раёнах Беларусі існавала традыцыя браць з сабою ў лазню невялічкі каменьчык — на яго станавіліся праваю нагою ў той час, калі абліваліся халоднаю вадою. Камень захоўвалі да наступнага года. Верылі, што сцюдзёная вада і гэты камень абаранялі чалавека ад хвароб круглы год.
Без веніка лазня не парыць, а пара не пячэ
Усё жыццё селяніна было звязана з лазняю: тут ён нараджаўся, з задавальненнем мыўся кожны тыдзень, а калі паміраў, у лазні яго ў апошні раз мылі і рыхтавалі ў апошні шлях. Так, маладым напальвалі лазню пасля першай шлюбнай ночы. У лазні, як правіла, праходзілі і роды. Нацеплівалі лазню і перад памінальнай вячэрай. У Мінскай губерні напярэдадні саракавога дня пасля смерці гаспадара рыхтавалі лазню. Для душы памерлага пакідалі адзенне, ручнік, венік і мыла.
У дарэвалюцыйным Мінску функцыянавала некалькі грамадскіх лазняў. Лазні Плаўскага лічыліся старэйшымі ў горадзе і працавалі з сярэдзіны XIX стагоддзя. Лазні Каджана, пабудаваныя ў 1897 годзе, займалі двухпавярховы цагляны будынак. Вада набіралася з артэзіянскага калодзежа. У лазнях меліся аддзяленні для дваран і простых людзей, ванныя пакоі.
У пасляваенным Мінску ўцалелі некалькі лазняў. Самая старая з іх — у раёне сучаснага Траецкага прадмесця. “Лазня на вуліцы Маскоўскай была пабудавана адразу ж пасля вайны, — узгадвае мінчанка Людміла Цяўлоўская. — У яе хадзілі парыцца кожную суботу на цэлы дзень — чаргу займалі раніцай, а то і з ночы, і не толькі для сябе, але і для суседзяў. Бралі з сабой ежу, а дзеці — цацкі ці падручнікі. У чарзе можна было даведацца пра ўсе апошнія навіны, пабачыцца і пагутарыць з суседзямі. Мыліся звычайным гаспадарчым мылам, якое прадавалі па картках, а ўваходны білет каштаваў 20 капеек”.
Добрая лазня ці сытны абед — што лепш?
Мінулым летам у адным з падарожжаў па Беларусі мне давялося ўбачыць пачарнелую ад сонца і дажджу маленькую драўляную лазеньку. Прытаілася яна ў аеры на беразе незвычайнай прыгажосці ляснога возера на Браслаўшчыне.
Яна пабудавана з дасканала падагнаных бярвёнаў, клапатліва ўцеплена імхом — каб “дух не выходзіў”. Зруб пастаўлены на чатыры камяні, нізкая столь, маленькія дзверцы. Падлога, аднак, драўляная. Дарэчы, часам лазня магла і не мець падлогі, тады для цеплыні і зручнасці зямлю ўсцілалі хваёвымі лапкамі. Напальвалася гэта лазня па-чорнаму. Дым выходзіў праз дзверы і невялічкае акенца, так званую “бакоўку” ці “дымнік”. У даўно нягрэтай лазні ўстойлівы дымны пах, сажа на столі і сценах. У левым куце — пячурка-каменка. Звычайна такія печкі мелі купалападобную форму і ладзіліся з буйнога каменю вышынёю да 75 сантыметраў, зверху накладваліся больш дробныя камяні. Палілі печ, як правіла, бярозавымі дровамі, радзей — дубовымі, што больш цанілася. Калі печ ачахне, на камяні палівалі ваду ці квас, каб “паддаць духу”. Іншым разам у кіпень дадавалі настой ліпавага цвету, бярозы, чабару, мяты, рамонка ці хвоі. Пучкі пахучых зёлак клалі і на палок. Даўно вядома, што пара, настоеная на водары розных траў, валодае гаючым эфектам. У сырое надвор’е асабліва карысная гарчычная пара — гэта выдатная прафілактыка ад прастуды. На жаль, старажытныя рэцэпты прыгатавання “смачнай пары” амаль страчаны. Сцены курнай лазні абдавалі кіпенем, каб не вымазацца сажаю. Паўз сцяну — палок з асінавых дошак. Менавіта асіна лепш за іншыя пароды праводзіць цяпло. Палок рабілі на пэўнай вышыні над падлогаю, каб зручней было на яго ўзлазіць. Паўз сцены часам ставіліся і лавы. Ваду ў такіх лазнях награвалі ў чыгунных катлах, умазаных у печ, ці ў драўляных ночвах, у якія кідалі гарачыя камяні. Побач стаялі цэбры з халоднай вадой. Асвятлялася памяшканне керасінавай лямпай. Пазней сялянская лазня палепшылася за кошт павелічэння і асвятлення бакоўкі — невялікага пакойчыка для апранання і адпачынку. У акно сталі ўстаўляць шкло, а дым выпускаць праз комін.
Народны фальклор таксама не абыходзіцца без “баннай” тэмы. Для прыкладу — некалькі загадак аб лазнях і пячурках-каменках: “Сам чырвоны, конь вароны, сеў дый паганяе” (у лазні), “У ельніку-бярэзніку ад вадзіцы-макрыцы ваўкі выюць” (каменне ў лазні). Беларусы казалі: “Зарабіць ад бацькі баню” — што азначала атрымаць строгае пакаранне. Не выключана, што аматары паддаць духу і бярозавага венічка ў старадаўнія часы сталі насіць прозвішчы Лазнік, Баншчык, Баннікаў, якія сёння так распаўсюджаны на Беларусі.
У наш час лазні сталі ўжо з’яваю звычайнаю. Гэта і сучасныя лазневыя комплексы, і маленькія, утульныя прыватныя лазенькі. Лазня як філасофія шырока культывуецца беларусамі і стала для многіх любімым заняткам у вольны час. А ў наш дынамічны век чалавек як ніколі мае патрэбу ў адпачынку, ацаленні душы і цела, у духоўнай і душэўнай еднасці з сябрамі і... самім сабой.

Ода веніку
Бярозавы венік нашы продкі выкарыстоўвалі часцей за ўсё. Іх нарыхтоўвалі толькі пасля Сёмухі. Лічылася, што ў гэты час бярозавая лістота толькі ўмацоўвалася. Такі венік быў дасканалы ва ўсім: трывалы, гібкі і зручны. Сучасныя даследаванні паказалі, што лісце бярозы ўтрымлівае эфірнае масла, дубільныя рэчывы, вітамін C. Дубовы венік таксама выдатны. Калі ён нарыхтаваны ў час (у жніўні), то служыць да 2—3 гадоў. Іншым часам выкарыстоўваліся і хвойныя венікі. Аднак іх неабходна вытрымліваць у кіпені да 15—20 хвілін. Венікі нарыхтоўвалі на ўсю зіму. Іх падсушвалі ў цяньку, а пасля хавалі ў стозе сена. Усю зіму яны віселі на гарышчы, ствараючы ні з чым не параўнальны водар.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter