Лаві мегават на хвалі!

Заўтра запрацуе Полацкая ГЭС. Мы першымi пабывалi на станцыі за дзень да адкрыцця

Падпісанне акта аб прыёмцы ў дзеянне гідраэлектрастанцыі – гэта толькі канстатацыя факта завяршэння будаўніцтва. Таму што Полацкая ГЭС ужо працуе ў тэставым рэжыме і за час тэхнічных выпрабаванняў паспела накіраваць у рэспубліканскую сетку каля 30 мільёнаў кілават-гадзін электраэнергіі. На працягу месяца яна, здабываючы з вады 21 мегават электраэнергіі, будзе лічыцца самай магутнай у краіне – да афіцыйнага ўводу ў дзеянне Віцебскай ГЭС, якая дасць удвая больш – 40 МВт.

ГЭС арганічна ўпісалася ў рачны пейзаж.

Разам з намеснікам генеральнага дырэктара «Віцебскэнерга» па будаўніцтве Юрыем Міцькаўцом мы з высачэзнай «палубы» гідраэлектрастанцыі назіраем за ўзмоцненым шлюзамі бурным патокам Заходняй Дзвіны. Унізе і ўверсе па цячэнні стаяць з вудамі рыбакі – значыць, з экалагічнага пункта погляду тут усё ў парадку. У перспектыве па асобным праекце тут плануюць пабудаваць яшчэ і суднапрапускны шлюз. Станцыя знаходзіцца ўсяго ў дзясятку кіламетраў ад горада ўверх па цячэнні ў раёне вёскі Лучна. Плошча вадасховішча – 2370 гектараў, яго поўная ёмістасць – каля 99 мільёнаў кубічных метраў. Але нават без лічбаў зразумела: рачны басейн значна пашырыўся, больш маляўнічымі сталі добраўпарадкаваныя берагі. Прыгожая арганічная новабудоўля, якая, несумненна, упрыгожыла існуючы ландшафт, ужо прыцягвае адпачывальнікаў і турыстаў. Яны імкнуцца хоць здалёк палюбавацца плацінай і самой станцыяй. Сёння тут, завяршаючы ўпарадкаванне схілаў, яшчэ працуе тэхніка. Будаўнікі ўстанаўліваюць бардзюры на пад'ездах, раўняюць асфальт, праводзяць генеральную ўборку ў памяшканнях машыннай залы... Заўтра полацкія энергетыкі (штат станцыі – каля 20 чалавек) чакаюць прыезду прыёмачнай камісіі. Юрый Міцькавец вядзе мяне ў самы ніжні пункт гідравузла:

— Вось цяпер Дзвіна ўверсе над намі. Ад паверхні ракі гэта прыкладна 12 метраў. 

Падымаемся вышэй на паверх і назіраем за працай гідрасілавога абсталявання. Мой экскурсавод паказвае на аранжавую паласу ўверсе – гэта верхняя адзнака. Менавіта адтуль за магутнымі бетоннымі сценамі вада падае з 9-метровай вышыні на велізарныя лопасці, якія прымушаюць працаваць вал генератара, «свежавыпечаная» электрычная энергія цячэ-бяжыць прама на трансфарматарную падстанцыю ГЭС, адтуль – у рэспубліканскую размеркавальную сетку.

Трансфарматарная падстанцыя ўжо апрабавана пры максімальнай нагрузцы.

Начальнік упраўлення будаўніцтва Полацкай ГЭС і яе будучы дырэктар Васіль Вялюга не хавае задавальнення: наваселле – гэта заўсёды выдатна. Асабліва на такім важным аб'екце. І хай Полацкая ГЭС па магутнасці будзе другой у краіне, яе стратэгічная важнасць больш чым адчувальная. Станцыя зможа ўзяць на сябе забеспячэнне таннай электраэнергіяй як мінімум чатырох сярэдніх па памерах раёнаў Віцебскай вобласці.

У чаканні ўрачыстай цырымоніі афіцыйнага адкрыцця штат працуе ва ўжо звычным рэжыме. Вось цяпер станцыя выдае 10 МВт электраэнергіі, штосекундна прапускаючы праз сябе больш за 106 кубаметраў вады. Заўтра яе запусцяць на ўсю сілу.

Мы ідзём у адміністрацыйны будынак, які размяшчаецца метраў за дзесяць ад асноўных збудаванняў. Тут знаходзіцца штаб гідраэлектрастанцыі – дыспетчарская. Сёння ў зале шматлюдна: на Полацкую ГЭС прыбылі чэшскія спецыялісты, якія завяршаюць работы па наладцы сістэмы кіравання гідрасілавым абсталяваннем. Праект-менеджар кампаніі Mavel Томаш Влчэк на хвіліну адрываецца ад манітора і шырока ўсміхаецца: усё акей! Гэта другая беларуская гідраэлектрастанцыя ў яго паслужным спісе – ён ужо працаваў у Гродне. Полацкая ГЭС, прызнаецца, апраўдала ўсе чаканні і нават больш:

Намеснік генеральнага дырэктара «Віцебскэнерга» па будаўніцтве Юрый МІЦЬКАВЕЦ і будучы дырэктар Полацкай ГЭС Васіль ВЯЛЮГА рыхтуюцца да прыезду прыёмачнай камісіі.

— Адштурхоўваючыся ад праекта, мы загадзя ведалі, што ў нас павінна атрымацца. Але цяпер, калі ўжо ўсё гатова, самі захапляемся. Прыгожа. Магутна. Надзейна. Рэк у вас шмат — запрашайце, з задавальненнем прымем удзел у будаўніцтве новых гідраэлектрастанцый.

Такі энтузіязм прыемны. Тым больш што ў будучым віцебскія энергетыкі плануюць узвесці ГЭС і ў Бешанковіцкім раёне. Юрый Міцькавец тлумачыць:

— Будаўніцтва каскада гідраэлектрастанцый на Заходняй Дзвіне шырока абмяркоўвалася яшчэ ў савецкія часы, у 1980-я гады. Вядома, тады станцыі маглі б стаць сур'ёзным імпульсам для эканомікі краіны. Але і цяпер, нават з улікам будаўніцтва атамнай электрастанцыі, гэты праект не страчвае сваёй важнасці. Заўсёды павінна быць альтэрнатыва. Асабліва калі гэтая альтэрнатыва – экалагічнае выкарыстанне энергіі, прадастаўленай самой прыродай. Будаўніцтва Полацкай ГЭС вялі спецыялісты знешнеэканамічнага аб'яднання «Тэхнапрамэкспарт» з Расіі, генпадрадчыку дапамагалі каля дзясятка нашых прадпрыемстваў і чэшская кампанія Mavel. Будоўлю можна лічыць інтэрнацыянальнай, бо ў праектаванні разам з нашымі задзейнічалі яшчэ і ўкраінскіх праекціроўшчыкаў. А мантаж абсталявання ажыццяўлялі не толькі расіяне і беларусы, але і чэхі, сербы – прадстаўнікі фірмаў-пастаўшчыкоў. Вялізная работа праведзена па ўладкаванні змененага рэчышча Дзвіны – прыйшлося ліквідаваць участкі мелкаводдзя, перабудоўваць масты, пракладваць трубы. У выніку дэталёвай інспекцыі і прапрацоўцы ў цэлым падверглася звыш 80 кіламетраў ракі.


На вялікім электронным табло, якое займае большую частку сцяны ў дыспетчарскай Полацкай ГЭС, я бачу, як жыве і чым дыхае новая станцыя, якая будавалася звыш пяці гадоў. Мноства паказчыкаў штосекундна змяняюцца, падпарадкоўваючыся ўзгодненай волі чалавека і ракі. Магутнасць, тэмпература, ціск, расход вады... Усё – як у жывым арганізме. Для таго каб навучыцца кіраваць гэтым арганізмам, полацкія энергетыкі праходзілі стажыроўку на Гродзенскай гідраэлектрастанцыі і за мяжой. А цяпер прафесіяналы цалкам узялі раку ў свае рукі. Поспехаў ім.

a_veresk@mail.ru

Фота аўтара

Версия для печати
alex, 69, ес
.....очень красиво ,а значит капитально! ..просто молодцы!И с Богом помолясь!
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?