Минск
+23 oC
USD: 2.05
EUR: 2.28

«Перекупы» таких, как я, не любят»: как житель Молодечно с помощью госсубсидии открыл сервис по подбору автомобилей

Лавец «ластавак»

Калі ёсць цяга да прадпрымальніцтва, то часам жыццё падае арыгінальныя бізнес-ідэі ў сферы абслугоўвання, якія не патрабуюць нейкіх сур’ёзных інвестыцый. Такія ідэі іншы раз, як кажуць, ляжаць на паверхні. Чалавеку заўсёды хочацца рухацца хутка, а самым універсальным транспартным сродкам з’яўляецца аўтамабіль. З яго выбарам, асабліва калі ён яшчэ і з прабегам, звязана нямала клопатаў. Як жа знайсці сваю «ластаўку»? Каб і тэхнічна яна была ў норме, і менш спажывала паліва, і не ламалася... У гэтым дапаможа дасведчаны аўтамабільны эксперт.

Руслан ПЯКАРСКІ стаў экспертам для вадзіцеляў нядаўна, але справа аўтападбору ідзе паспяхова.
Фота аўтара

Шматпрофільны спец

Руслан Пякарскі пасля школы скончыў політэхнічны каледж у Маладзечне, працаваў 6 гадоў электрамантажнікам, адвучыўся ў БНТУ, атрымаўшы дыплом інжынера-энергетыка. Потым хацеў паспрабаваць шчасця за мяжой. Папрацаваў у інтэрнацыянальнай камандзе электрамантажнікам на будаўніцтве аб’ектаў у Кракаве, а потым вырашыў вярнуцца на радзіму. Руслан прыйшоў да лагічнай высновы: дзе нарадзіўся — там і згадзіўся, тым больш што яго адукацыя і навыкі плюс ініцыятыўнасць дазваляюць нядрэнна зарабляць і дома.

Дарэчы, у адукаванага Руслана ёсць правы на ўсе пяць вадзіцельскіх катэгорый — ад А да Е. Ён нават можа працаваць у аўтаперавозках з небяспечнымі грузамі. Увогуле, усё, што звязана з аўтамабілямі, матацыкламі і рухам, — яго стыхія, таму што гэта страшна цікава. А ў вольны ад працы час Руслан катаецца з жонкай Вікторыяй на байку. Разам яны ўжо пяць гадоў, а пазнаёміліся ў Адэсе. Яна пераехала да Руслана ў Маладзечна і цалкам падтрымлівае яго ў бізнес-ідэях і пачынаннях. Вікторыя — інжынер-эколаг, але цяпер працуе ў бюджэтнай сферы: ва ўстанове адукацыі.

Руслан жа працуе па графіку, які сам для сябе вызначае. Пры сустрэчы прадпрымальнік дэманструе свае рабочыя інструменты, што тэсціруюць чатырохколавы аб’ект даследавання, які неўзабаве можа стаць чыёйсьці ўласнасцю, і тлумачыць: 

— Від дзейнасці ў мяне, скажам так, нестандартны. Доўга трымаў у галаве аўтаідэю, думаў пра легалізацыю гэтай справы. Знайшоў сваю нішу на радзіме ў цікавай сферы: падбор аўтамабіляў. Прапанаваў свой бізнес-план аддзелу садзейнічання занятасці насельніцтва па месцы жыхарства. Маю ідэю, на шчасце, падтрымалі.

Субсідыя ў памеры 2380 рублёў вельмі дапамагла Руслану на стартавым этапе. На дзяржаўную фінансавую дапамогу прадпрымальнік купіў мультымарачны сканер і таўшчынямер, замовіў візіткі. Шмат увагі ён і цяпер надае рэкламнай падтрымцы ў сацсетках. У родным горадзе жадаючых займацца такой справай пакуль не назіраецца, аднак у сталіцы ўжо ствараюцца цэлыя кампаніі па кваліфікаваным падборы «жалезнага каня». Але, па словах прадпрымальніка, у фірмах занадта высокі працэнт пасрэдніцтва. У гэтым бізнесе важная не колькасць агентаў, а менавіта кампетэнтнасць спецыяліста, што ацэньвае машыну, якасць выканання ім заказу. Прадпрымальнік уводзіць у курс сваёй справы: 

— Галоўнае — гэта давер кліента, адкрытасць і сумленнасць з ім у зносінах. Часцяком некаторыя фірмы ідуць на нядобрасумленныя крокі. Напрыклад, эксперт можа працаваць на два франты: дамаўляцца загадзя з прадаўцом машыны, браць «адкат» у яго і ў той жа час браць з пакупніка аплату паслуг за аўтападбор... А я імкнуся напрамую з кліентам узаемадзейнічаць: афіцыйна заключаю з ім кантракт, сам шукаю сярод цікавых варыянтаў машыну, а ён у сваю чаргу прымае транспартны сродак у мяне. З гандлярамі машынамі ў мяне няма ніякіх дамоўленасцей.

«Аўтамабіль павінен дапамагаць зарабляць грошы»

Скрупулёзнага эксперта выдатна ведаюць у аўтацэнтрах і на рынках. Руслан, як аказалася, тут не самы пажаданы чалавек. Кажа, усміхаючыся, што яго там не любяць. Мяркуйце самі. Якому «перакупу», які скруціў прабег машыны і глянцава падфарбаваў кузаў або схаваў іншыя важныя звесткі аб аўтамабілі, цікава губляць свой прыбытак і яшчэ ўсвядоміць, што са спецыялістам пакупнік дазнаецца ўсю праўду аб «ластаўцы», выстаўленай на аўтавітрыне ідэальнай і прыгожай. 

Працу Руслана лёгкай не назавеш, бо часам трэба разгледзець па 8 машын за дзень, сабраць пра іх усе звесткі, супаставіць з першаснай аб’явай, прааналізаваць варыянты. А зносіны з рознымі людзьмі дадаюць яшчэ больш «вострых спецый» у гэты бізнес. Суразмоўца адзначае, што псіхалагічныя нюансы ў гэтай сферы таксама трэба ведаць: 

— Стараюся зразумець патрэбы заказчыка, дзеля чаго яму неабходная машына: для сям’і ці для справы, якая марка цікавіць ды іншае... Сам я за сваё жыццё машын 7—8 змяніў і з часам прыйшоў да высновы, што аўтамабіль павінен дапамагаць зарабляць грошы. А выбар па марках — гэта ўжо справа індывідуальная. Аптымальна, вядома, каб у вашага аўто было як мага менш папярэдніх уладальнікаў. Раблю агляд, кансультую, прапаную паслугі «эксперт на дзень» і «аўто пад ключ». Людзі звяртаюцца да мяне з усіх гарадоў Беларусі.

Сапраўды, калі пакупнік жыве ў Мазыры, тады ездзіць у сталіцу, дзе выбар машын дастатковы, яму будзе накладна. Можна замовіць эксперта на дзень і зразумець, як ідуць справы на рынку з пажаданай маркай транспартнага сродку. Аднак у краіне — масавая аўтамабілізацыя, у многіх сем’ях ёсць нават некалькi машын. Пытаюся ў Руслана, ці не баіцца ён таго, што людзі перастануць цікавіцца аўтапасрэдніцтвам. 

— У кожным прыватным бізнесе ёсць свае рызыкі і асаблівасці. Сапраўды, і на рынку новых машын попыт ідзе ўверх. Уплывае на гэта даступнасць крэдытаў і лізінгу. Яны ўжо настолькі шчыльна ўвайшлі ў жыццё, што людзі афармляюць па 2—3 крэдыты, у тым ліку і на транспарт з прабегам. Але да добрага хутка прызвычайваешся. Шмат людзей усё роўна жадаюць абнаў-ляць свой аўтапарк. Пры жаданні кліента сёння можна падбіраць машыны з-за акіяна або з Расіі. 

Пазл асноўных лічбаў 

Перш чым зарэгістраваць сваё ІП, Руслан вясной гэтага года прайшоў курс маладога прадпрымальніка. Дапамаглі яму кансультацыяй супрацоўнікі аддзела садзейнічання занятасці насельніцтва і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Маладзечанскага райвыканкама. Ён працуе па спрошчанай сістэме падаткаабкладання і плаціць 5 працэнтаў ад выручкі, а 115 рублёў у месяц складаюць выплаты ў ФСАН. 

— У офісе няма патрэбы, бо выязджаю да людзей. Карыстаюся ў асноўным плюсамі таргет-рэкламы ў інтэрнэце. Для YouTube-канала раблю серыю сваіх відэаролікаў, — распавядае пра ход справы Руслан.

Разавы агляд машыны каштуе 39 рублёў у Маладзечне і 49 рублёў у Мінску. Кансультацыя Руслана — бясплатная. Калі кліент хоча, каб эксперт прысвяціў падбору цэлы дзень, гэта каштуе 180 рублёў, а пошук і падбор «пад ключ» ацэньваецца прадпрымальнікам у 390 рублёў. Сярэдняя выручка ў гэтым бізнесе залежыць ад шматлікіх фактараў. Па словах эксперта, у будзённыя дні можа быць зацішша, а ў суботу-нядзелю і каля 300 рублёў магчыма зарабіць. 

Пытаюся ў прадпрымальніка, што можна параіць тым беспрацоўным, хто яшчэ сумняецца: арганізоўваць уласную справу ці не? Руслан абапіраецца выключна на свой вопыт: 

— Калі казаць пра плюсы прадпрымальніцтва, то для мяне іх значна больш, чым калі б я працаваў па найме. Справа, безумоўна, патрабуе самадысцыпліны, тэхнічных ведаў, добразычлівасці і пастаяннага развіцця. Ані дня не шкадую, што нядаўна абраў гэтую дзейнасць для асваення.

shimuk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
4.67
Загрузка...