Бясконца чароўная... Аўтарскi праект Уладзiмiра Цвiркi. Лавачкі

Лавачкі

Не памятаю такога, каб калi-небудзь бацька адмовiў у дапамозе нашаму суседу, дзядулю Апанасу, калi той звяртаўся да яго з такой нагоды. Бывала гэта не так ужо i часта. Звычайна стары сам, як мог, як умеў, спраўляўся са сваiмi цяжкасцямi ды патрэбамi, нягледзячы нi на гады, нi на хваробу, якая ўбiлася яму ў ногi i вымушала яго час ад часу пiць нейкiя лекi цi проста сядзець у двары цi на вулiцы. Але i ў такiя моманты дзядуля Апанас не падаваў выгляду, што ён цяжка пакутуе з-за балячкi.


I ў двары, i на вулiцы ў суседа, як у, бадай, усiх жыхароў нашай вёсачкi, стаяла па лаўцы. Бывала, яшчэ адна лаўка магла быць укапаная недзе ў двары. А часам шырокую, зграбную такую лаву выносiлi за непатрэбнасцю з хаты ды ставiлi цi да цёплай бярвеннай сцяны, цi да нейкага дрэва ў садзе.

У дзеда Апанаса лаўка стаяла недалёка ад ганка, ад якога яе аддзяляў такi ж стары, як сам гаспадар, куст язмiну. Нягледзячы на ўзрост, ён штогод разрастаўся ўшыркi, пускаючы ўпартыя парасткi ва ўсе бакi: i каля ўшчэнт разваленых цагляных прыступак, i каля лаўкi. Кожную вясну стары браў сякеру i са словамi «Ты ж мне прабач, але тут маё месца, а тваё там, дзе ты расцеш, дзе я цябе пасадзiў» высякаў тыя парасткi, заганяючы лязо сякеры далёка ў глебу, каб дастаць яшчэ i карэнне.


Лаўка на вулiцы i блiзка не ведала, як гэта — зарастаць хаця б травой. Бо акрамя дзядулi яе амаль бесперапынна выкарыстоўвала цi для звычайных пасядзелак, цi для нейкiх гульняў ды забаў вясковая моладзь. Можа, яшчэ таму, што дзядулька Апанас нiколi iх не пужаў, не праганяў, нават ноччу. Як казаў сам: «А мне дык i падабаецца iх шчабятанне. I засынаць мне, старому, дужа добра, як пад калыханку нейкую». Хутчэй за ўсё, гэта было таму, што ён вельмi любiў дзяцей i што сваё жыццё збольшага правёў у адзiноце.


I вось — на табе — гэтая самая лаўка зламалася. Рассыпалiся ў парахню калодкi, ды i дошка ад часу струхнела так, што нават паверхня дзе-нiдзе правальвалася шчылiнамi i дзiркамi. Справа, на першы погляд, нескладаная, але ж гэта не штыкецiну ў плоце прыбiць, ды i матэрыял такi наўрад цi ў дзядулевым двары можна было знайсцi.


Не адкладваючы справу, падвячоркам наступнага дня дзядуля Апанас, кульгаючы i цяжка абапiраючыся на кiёк, датупаў да нашага двара.

Доўга пытаўся пра здароўе, пра справы гаспадарчыя, гутарка зайшла нават пра калгасныя навiны. I толькi пасля дзядулька звярнуўся да бацькi:

— Лаўка ў мяне, ведаеш… А мне ж бывала пасядзець на ёй… паесцi не дай… Той-сёй пройдзе, словам перакiнешся, глядзi, i час не так марудна цягнецца… Цi не знойдзеш хвiлiнку?..


А ў бацькi справа неадкладная, будаўнiком ён быў, на наступны дзень зранку на падводах аж да Дужага Поля па лес будаўнiчы ехаць трэба. Не адкласцi. I ён прапанаваў суседу, што такую неадкладную працу зробiць яго сын, гэта значыць, я. Паглядзеўшы на мяне недаверлiвым вокам, дзед трохi збянтэжана пачаў пра тое, што можна i адкласцi, нашто спяшацца некуды, цi атрымаецца ў хлопца. На што бацька цвёрда адказаў, што сын зробiць, як належыць, а калi не, перароблiваць будзе. На тым i разышлiся.


На наступны дзень, паснедаўшы, я ўзяў вялiзную, шырокую, добра адгабляваную дошку i накiраваўся ў двор суседа. Следам адну за другой закацiў тоўстыя дубовыя калоды. Яны пайшлi б на дровы, але бацька выкацiў з агульнай кучы такiх жа калодак i сказаў коратка: «Iх Апанасу, i глядзi, каб, як вучыў».

Дзядулька не лез пад рукi, нават не сачыў збоку, а галоўнае — не кiдаў парады, як малому, што трэба рабiць i як. Пасядзеўшы трохi на лаўцы ў двары, надоўга сышоў у хату i, адкрыўшы акно ля ложка, мабыць, прылёг. Верагодна, у той дзень, як нiколi, старому прыхапiла ногi. Бо як гэта — не цiкавiцца, што тут робiцца на вулiцы, як тут абыходзiцца з яго лаўкай малеча? Такому было толькi падзiвiцца. Значыць, дрэнна яму… ды так, што не цiкавiла яго гэтая самая лаўка.


Мо праз гадзiны тры ўсё ж дзядулька выйшаў з хаты. А лаўка — вось яна! Навюткая, я на яе толькi паспеў прысесцi.

Спачатку стары абыходзiў лаўку, разглядаючы яе з усiх бакоў, i толькi пасля ўсеўся, некалькi разоў прыхiлiўся да плота: цi зручна, цi тая адлегласць. Здаецца, спадабалася яму ўсё.

— А ведаеш, — нарэшце з удзячнасцю прамовiў ён, — ёсць у мяне яшчэ справа невялiчкая. Мо для цябе i дробязь. Хадзем у двор… I яшчэ вось што я падумаў… Хадзем, хадзем… сонца, глядзi, вунь яшчэ дзе…


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter