Лавіся, рыбка

На Мiншчыне з сённяшняга дня і да 30 снежня будзе рыбна

А вось маленькая ці вялікая, карась ці фарэль — гэта як каму даспадобы.

У сталічнай вобласці з сённяшняга дня і да 30 снежня будзе рыбна. Спецыялізаваныя кірмашы «Рыба Беларусі» пройдуць у многіх райцэнтрах. У кожным з іх прымуць удзел не менш як пяць рыбаводчых гаспадарак і рыбаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Таму асартымент будзе. Абяцаюць, што па цэнах вытворцаў. Як звычайна, шырока будзе прадстаўлена жывая рыба: карп, таўсталобік, белы амур, карась. Для аматараў далікатэсаў — каштоўныя пароды рыб, а гэта асётр, фарэль і іншыя. Так што свежую рыбку можна будзе вылавіць, не едучы на вадаём.

У продажы будзе і марожаная прадукцыя. Разам з тым рыбаводчыя гаспадаркі і перапрацоўшчыкі прапануюць вэнджаную, вяленую рыбу і паўфабрыкаты.

Па распрацаваным графіку ў святочныя і перадсвяточныя дні кірмашы пройдуць у Вілейцы, Валожыне, Крупках, Маладзечне, Мар’інай Горцы, Слуцку, Салігорску і Жодзіне. А распачынаецца рыбнае кiрмашовае шэсце ў гэтыя выхадныя ў Барысаве.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter