Лампада душы чалавечай – слова.

Сямнаццатае свята беларускага пісьменства прайшло на радзіме Івана Мележа – у Хойніках. Дашы, якая прыйшла на свята разам з бабуляй, споўнілася толькі тры гады. Яна яшчэ не ведае алфавіту і пакуль можа напісаць няўпэўненым почыркам толькі просценькае слова “дом”. Але хто ведае, можа, праз колькі гадоў з яе вырасце вялікі майстар слова: пісьменнік, паэт ці журналіст. Хойніцкая зямля ўжо дала Беларусі не адно слаўнае імя – Барыс Сачанка, Мікола Мятліцкі, Ала Канапелька, Віктар Дашук... Але першы ў гэтым слаўным радзе – знаўца чалавечай душы Іван Мележ, трылогія якога “Людзі на балоце” стала сапраўднай класікай беларускай літаратуры.

Сямнаццатае свята беларускага пісьменства прайшло на радзіме Івана Мележа – у Хойніках.

Дашы, якая прыйшла на свята разам з бабуляй, споўнілася толькі тры гады. Яна яшчэ не ведае алфавіту і пакуль можа напісаць няўпэўненым почыркам толькі просценькае слова “дом”. Але хто ведае, можа, праз колькі гадоў з яе вырасце вялікі майстар слова: пісьменнік, паэт ці журналіст. Хойніцкая зямля ўжо дала Беларусі не адно слаўнае імя – Барыс Сачанка, Мікола Мятліцкі, Ала Канапелька, Віктар Дашук... Але першы ў гэтым слаўным радзе – знаўца чалавечай душы Іван Мележ, трылогія якога “Людзі на балоце” стала сапраўднай класікай беларускай літаратуры.

Падрыхтоўка да сямнаццатага па ліку Дня пісьменства выдатна ўпісалася ў рамкі дзяржаўнай праграмы адраджэння малых гарадоў Беларусі. Невялікія Хойнікі змяніліся літаральна на вачах: адрэстаўрыраваныя будынкі, адкрытыя аб’екты, новы парк... Знамянальна, што для святкавання Дня пісьменства ў наступным годзе выбраны таксама невялікі горад на Палессі, толькі ўжо ў Брэсцкай вобласці — Ганцавічы. Пра неабходнасць даць Палессю новае дыханне неаднойчы гаварыў кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. І ён робіць шматлікія захады для таго, каб аднаўляліся вёскі і гаспадаркі на палескіх тэрыторыях, каб жылі палешукі заможна. 
Дзень беларускага пісьменства стаў вялікай нацыянальнай падзеяй. Штогод у першую нядзелю верасня адзін з гарадоў Беларусі ператвараецца ў вулей, куды з розных куткоў краіны злятаюцца журналісты, пісьменнікі, афіцыйныя асобы, каб ушанаваць Яго Вялі-касць Слова.
— Пісьменнасць з’яўляецца сімвалам духоўнасці нацыі і фундаментам яе культуры, — адзначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон. — Наша задача — захаваць мову, гэтую моцную нітку, якая звязвае часы, пакаленні і брацкія народы.
Слова не проста сродак зносін ці цагліна, з дапамогай якой будуюцца літаратурныя творы. Спакон вякоў, на думку епіскапа Тураўскага і Мазырскага Стэфана, яно было нязгаснай лампадай, якая давала свет чалавечым душам. Таму так  важна яго шанаваць і ўсхваляць.

У намінацыі “Перамога”

Павільён “Беларуская кніга” ці не галоўны на літаратурнай плошчы горада. Сёлетнія навінкі, лепшыя выданні розных гадоў і канешне ж... пераможцы 50-га нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі-2010” і VII Міжнароднага конкурсу дзяржаў — удзельніц СНД — шэсць выданняў-лаўрэатаў толькі-толькі вярнуліся з Масквы. У цэнтры ўвагі — кніга “Ніколі не забудзем”, выпушчаная выдавецтвам “Мастацкая літаратура”. Яна не толькі ўзяла Гран-пры на айчынным конкурсе, але і дыплом І ступені ў намінацыі “Перамога”, і гранд на перавыданне ў літаратурных спаборніцтвах за мяжой. Чапляюць не толькі ідэя кнігі — ваенныя падзеі паказваюцца вачыма дзяцей, праз іх лёсы і пачуцці, але і яе афармленне. Яна — як рэмэйк з ваеннага часу: стылізаваная вокладка, жоўтая папера, рукапісныя калантытулы, буквіцы і нават след ад струхлелай ніткі...
— Беларусь — адзін з лідэраў на постсавецкай прасторы па развіцці выдавецкай справы, — лічыць галоўны мастак кнігі, член журы Міжнароднага конкурсу дзяржаў — удзельніц СНД Валерый Рагалевіч. — У гэтым годзе  па колькасці дыпломаў на конкурсе мы занялі другое месца, у мінулым былі першымі.

Залаты Купідон

Па традыцыі ў Дзень беларускага пісьменства 23 пераможцы нацыянальнага конкурсу ў 21 намінацыі атрымалі дыпломы і статуэткі “Залатыя фаліянты”. Назвалі і лепшых беларускіх ілюстратара, дызайнера і фотамастака. Імі сталі Тамара Шэлест, Валерый Рагалевіч і Пётр Кастрама. Не засталіся без узнагарод і пераможцы рэспубліканскага літаратурнага конкурсу Саюза пісьменнікаў Беларусі “Лепшы твор 2009 года”.
Ірына Масляніцына з рукі ў руку перакладае статуэтку “Залатога Купідона”: да гэтай літаратурнай прэміі яна ішла цяжка і доўга. Працу над гістарычнай п’есай “Крыж  Ефрасінні Полацкай”, з якой Ірына перамагла ў намінацыі “Драматургія”, яна пачала каля 20 гадоў таму. У савецкі час глядач так і не ўбачыў пастаноўку: не дазволілі  з-за рэлігійнай накіраванасці. Сёлета нарэшце п’есу паставілі на сцэне Віцебскага акадэмічнага тэатра.
— Спектакль меў вялікі рэзананс, — успамінае Ірына. —  Яго рыхтавалі сумесна з праваслаўнай царквой, на рэпетыцыях нават прысутнічалі манахіні з Полацкага жаночага манастыра. На пастаноўку быў выдзелены грант Прэзідэнта Беларусі.

Даніна традыцыям

Адна з асаблівасцей Дня беларускай пісьменнасці — захаванне многіх традыцый, якія былі выпрацаваны на працягу 16 мінулых гадоў. Адна з іх — прыбыццё ў чарговую сталіцу свята нацыянальнага пісьменства Жыватворнага Агню ад Труны Гасподняй. Удзельнікі навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”, якія даставілі агонь, пасадзілі і асвяцілі Сад малітвы, здзейснілі хрэсны ход у Свята-Пакроўскую царкву Хойнікаў, дзе адбылася літургія.
Іншая, не менш слаўная традыцыя — абавязковае адкрыццё знакавых аб’ектаў, звязаных з гісторыяй, вядомымі людзьмі краю.
Многія ў гэтыя дні прыгадвалі “Палескую хроніку”, герояў якой, простых, добрых, працавітых і кемлівых, Іван Мележ падгледзеў сярод тых, з кім жыў побач і ў каго браў урокі жыцця. А таму лагічным было адкрыццё ў абноўленым гарадскім парку, практычна ў яго цэнтры, скульптурнай кампазіцыі “Па старонках твораў Івана Мележа”. Яе аўтар — таленавіты гомельскі скульптар і мастак Валерый Кандраценка. Чатыры бронзавыя фігуркі адразу сталі мясцовай славутасцю.
Атрымалі ў падарунак жыхары горада і адрэстаўрыраваную сядзібу XIX стагоддзя. На двух паверхах размясцілася некалькі экспазіцый мясцовага музея. Сярод экспанатаў ёсць і сапраўдныя рарытэты, у прыватнасці кола XIX стагоддзя для падняцця вулляў на дрэвы — і такое ўмелі рабіць нашы продкі! У адной з залаў пасяліліся работы ўдзельнікаў пленэра, праведзенага напярэдадні Дня беларускага пісьменства і прысвечанага Хойнікам, яго людзям. Разыначкай свята стала ўрачыстае адкрыццё Дома грамадзянскіх абрадаў, у якім прынялі ўдзел віцэ-прэм’ер Уладзімір Патупчык, старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон і старшыня Хойніцкага райвыканкама Аляксандр Бічан.
Загадчыца аддзела загса Хойніцкага райвыканкама Алена Дземідзенка расказала карэспандэнтам “НГ”, што штогод у раёне рэгіструецца да 120 пар. А першымі, хто замацаваў шлюб у новым Доме абрадаў, сталі маладыя спецыялісты Сяргей і Ірына Краўчанкі.

Радзіма мая дарагая

Свята пісьменства — гэта заўсёды цікавыя людзі і сустрэчы. Мазырскі паэт-лірык Аляксандр Каляда не хаваў хвалявання ад прысутнасці на хойніцкай зямлі: “Тут роўна 42 гады таму пачалося маё працоўнае жыццё ў якасці педагога Тулавіцкай школы. У 68-м у хойніцкай раённай газеце выйшла першая і, як аказалася, шчаслівая падборка маіх вершаў. “Я не быў у Хойніках чатыры гады, — расказаў ураджэнец гэтага раёна, сёння начальнік упраўлення сакратарыята Савета Рэспублікі Аляксей Сцепаненка. — Райцэнтр змяніўся, набыў рысы еўрапейскага гарадка”. А Ірына Дарафеева, якая падаравала ў гэты дзень нямала сваіх прыгожых песень, напісаных беларускімі аўтарамі, гаварыла пра асаблівую цеплыню, якую яна адчувае кожны раз, калі прыязджае на Гомельшчыну, малую радзіму яе самага блізкага і дарагога чалавека — матулі. Удзельнікі свята скарысталі магчымасць атрымаць у Ірыны аўтограф. Дарэчы, на выпушчаным “Народнай газетай” календары-паштоўцы. “НГ” сёння — інфармацыйны спонсар у яе восеньскім канцэртным туры па краіне.
Музыка гучала на працягу ўсяго гэтага доўгага сонечнага дня. Аматараў спорту вабіў адноўлены стадыён. Доўгія гандлёвыя рады Горада майстроў стракацелі сувенірамі, вырабленымі мясцовымі майстрамі. Дзятва, якой галоўныя словы ў іх жыцці “мама” і “тата” ўжо вядомы, бесклапотна весялілася на атракцыёнах.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter