Лакаматыўная гаспадарка чыгункі

На змену энергазатратным цягнікам прыходзяць больш эканамічныя Тры новыя дызель-цягнiкi для Беларускай чыгункi (БЧ) плануецца набыць сёлета. Яшчэ 37 аналагiчных саставаў павiнны папоўнiць рухомы парк ведамства ў наступныя пяць гадоў. Набыццё новай тэхнiкi разам з мадэрнiзацыяй дзеючай, разлiчваюць чыгуначнiкi рэспублiкi, дазволiць, як гавораць, забiць адразу двух зайцоў: на мiжабласных маршрутах максiмальна выцеснiць высокаэнергазатратныя пасажырскiя цягнiкi дызелямi i разам з гэтым вывесцi з эксплуатацыi значную частку безнадзейна састарэлых цеплавозаў.

На змену энергазатратным цягнікам прыходзяць больш эканамічныя

Тры новыя дызель-цягнiкi для Беларускай чыгункi (БЧ) плануецца набыць сёлета. Яшчэ 37 аналагiчных саставаў павiнны папоўнiць рухомы парк ведамства ў наступныя пяць гадоў. Набыццё новай тэхнiкi разам з мадэрнiзацыяй дзеючай, разлiчваюць чыгуначнiкi рэспублiкi, дазволiць, як гавораць, забiць адразу двух зайцоў: на мiжабласных маршрутах максiмальна выцеснiць высокаэнергазатратныя пасажырскiя цягнiкi дызелямi i разам з гэтым вывесцi з эксплуатацыi значную частку безнадзейна састарэлых цеплавозаў.

Эканомна i камфортна

Тры дызелi серыi ДР1А Беларуская чыгунка, як паведамiў карэспандэнту “НГ” начальнiк службы лакаматыўнай гаспадаркi гэтай транспартнай арганiзацыi Уладзiмiр Ажыгiн, набудзе на Рыжскiм вагонабудаўнiчым заводзе. Рухавiкi новага пакалення для гэтых цягнiкоў паставiць санкт-пецярбургскi завод “Звезда”. Агульны аб’ём кантракта ацэньваецца ў 7,8 мiльёна долараў.
“Гэта сучасныя эканамiчныя ў эксплуатацыi i больш камфортныя для пасажыраў саставы”, — ахарактарызаваў новыя машыны У.Ажыгiн. — Расiйскi рухавiк дазволiць эканомiць палiва. Калi гэты сiлавы агрэгат добра пакажа сябе ў рабоце, будзем думаць пра мадэрнiзацыю з выкарыстаннем яго ўсяго парка дызель-цягнiкоў, — адзначыў ён.
Прымяненне прынцыпова новай сiстэмы ацяплення зробiць паездкi для пасажыраў у халодны перыяд года больш прыемнымi. У саставах папярэдняга пакалення нагрэтае паветра “сцякалася” з абодвух канцоў цягнiка ў цэнтр. З-за гэтага сярэднiя вагоны былi самымi халоднымi. Цяпер жа кожны вагон будзе ацяпляцца аўтаномна.
У трох новых саставах вагоны, у адпаведнасцi з апошнiмi нарматывамi, будуць розных класаў. Пасажыры змогуць цяпер выбiраць на свой густ i памер кашалька той цi iншы ўзровень камфортнасцi. У вышэйшым класе ўстановяць, напрыклад, “самалётныя” крэслы. Але ў вагоне больш нiзкага ўзроўню драўляных лавак не будзе, адзначыў начальнiк службы лакаматыўнай гаспадаркi. Па яго словах, новыя цягнiкi прызначаны для работы на адносна кароткiх маршрутах, таму да праектавання саставаў Беларуская чыгунка падыходзiла “з разумнай эканомiяй грашовых сродкаў”.

Плюсы i мiнусы

Адзiн з новых цягнiкоў, хутчэй за ўсё, будзе курсiраваць памiж Мiнскам i Магiлёвам. Ён заменiць лакаматыў з вагонамi, якiя на лiнii цяпер. “Вельмi энергаёмiсты цеплавоз сёння цягне толькi 8 вагонаў. А магутнасць яго дазваляе везцi — 20. У вынiку — лiшнiя энергазатраты”, — патлумачыў неабходнасць замены У.Ажыгiн.
Выкарыстанне дызель-цягнiкоў, разлiчваюць у БЧ, не прывядзе да павелiчэння працягласцi часу паездак, хаця гранiчныя нарматывы хуткасцi руху ў дызеляў меншыя, чым ў цепла- i электравозаў.
Стопрацэнтнага выцяснення пасажырскiх цягнiкоў на ўнутрырэспублiканскiх маршрутах у блiжэйшай перспектыве чакаць усё ж не варта, заўважаюць у кiраўнiцтве БЧ. Тэхнiчныя характарыстыкi дызель-цягнiкоў больш падходзяць для паездак на адносна невялiкiя адлегласцi. Таму, напрыклад, рэгулярныя 350-кiламетровыя “ваяжы” з Мiнска ў Гродна такiм саставам будзе вытрымаць дастаткова цяжка.

Паспрабуй падлiчыць

Сёння БЧ эксплуатуе 124 дызель-цягнiкi. Да 2011 года плануецца набыць яшчэ 40 новых саставаў. Аднак з-за спiсання зношанай тэхнiкi колькасць саставаў праз шэсць гадоў будзе прыкладна адпавядаць цяперашняму узроўню — каля 125 адзiнак.
На сёння больш за палову дызель-цягнiкоў ужо адслужылi адведзены iм нарматыўны тэрмiн работы ў 20 гадоў. Найбольш праблематычная сiтуацыя склалася з рыжскiмi дызелямi серыi ДР1. З 95 саставаў 77, цi 81 працэнт ад агульнай колькасцi, ужо пераадолелi 20-гадовы “ўзрост”. 22 з iх адпрацавалi на стальной магiстралi ўжо 30 i больш гадоў i як маральна i тэхнiчна састарэлыя падлягаюць спiсанню.
Аб’ёмы мадэрнiзацыi рухомага саставу, як i набыцця новай тэхнiкi, кiраўнiцтва БЧ цесна звязвае з маштабамi фiнансавага забеспячэння гэтых работ. З-за дэфiцыту сродкаў, напрыклад, за 1999—2003 гады айчынныя чыгуначнiкi закупiлi замест запланаваных 26 толькi 9 дызель-цягнiкоў. Мiнулагоднi план набыцця новага рухомага саставу быў выкананы толькi на 27 працэнтаў. Недахоп сродкаў у першую чаргу звязаны з тым, што мясцовыя пасажырскiя перавозкi сёння, як i раней, застаюцца для БЧ стратнымi. Нiзкiя цэны на бiлеты транспартнiкi “аплачваюць” за лiк сваiх даходаў ад прадастаўлення iншых паслуг. Па такой жа схеме фiнансуецца i абнаўленне асноўных фондаў. I грошай, як бачна, не заўсёды хапае.
На дынамiку змянення колькасцi дызель-цягнiкоў у рэспублiцы ў блiжэйшыя шэсць гадоў будзе ўплываць i тое, што кiраўнiцтва Беларускай чыгункi ў апошнi час узяло курс на “падкарачэнне” саставаў, што вядзе да павелiчэння iх агульнай колькасцi.

Чым менш — тым больш

Асноўныя работы па капiтальным рамоце дызеляў сёння вядуць у лакаматыўным дэпо Лiда. У спецыяльным цэху “пажылым” цягнiкам замяняюць зношанае абсталяванне, абнаўляюць салоны, замест двух “хвастоў” з машынным аддзяленнем прычапляюць спецыяльна пераабсталяваны цеплавоз. Такiм чынам павялiчваюць тэрмiн службы яшчэ на 15 гадоў. Штогод такую “рэiнкарнацыю” перажываюць 2—3 саставы.
З выкарыстаннем лiшнiх “хвастоў” у рэспублiцы ўзялiся ствараць двухвагонныя дызель-цягнiкi. У першым вагоне застаецца рухавiк, у другiм яго месца займаюць дадатковыя крэслы для пасажыраў. Калi б набывалi такi маленькi цягнiк у Расii, адзначаюць у БЧ, прыйшлося б заплацiць каля 1,5 мiльёна долараў. А сваiмi сiламi выходзiць значна менш — каля 185 тысяч тых жа долараў.
На сёння ў Беларусi сабралi пяць такiх мiнi-саставаў. Iх цяпер эксплуатуюць чыгуначнiкi Лiды, Брэста, Ваўкавыска. Цiкавасць да такой тэхнiкi праяўляе i Гомель. Сёлета плануецца сабраць яшчэ два маленькiя цягнiкi. Выкарыстанне кароткiх саставаў на малазагружаных маршрутах, лiчаць у БЧ, дазволiць эканомiць, у першую чаргу, на спажываннi энергарэсурсаў.
Да павелiчэння ў рэспублiцы агульнай колькасцi дызель-цягнiкоў павiнна прывесцi i работа па “дзяленню” 19 саставаў серыi ДРБ1. У свой час iх камплектавалi з 10 вагонамi. Але сiтуацыя змянiлася, i цяпер стаiць задача разбiць iх на саставы па 5—6 вагонаў. Для гэтых мэт у Рызе набываюць вагоны з кабiнамi кiравання. Сёлета БЧ збiраецца купiць 14 адзiнак, частка з якiх пойдзе менавiта на “дзяленне”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter