Лаба дзена ў хату! У аграгарадку Рымдзюны Астравецкага раёна літоўскую мову можна пачуць і ад пенсіянераў, і ад дашкалят.

На першы погляд Рымдзюны звычайная вёсачка, якіх шмат на Беларусі. З нізкімі драўлянымі хатамі, вузкай галоўнай вуліцай... Але год таму яна змяніла свой статус на аграгарадок. Жвіровыя дарогі заасфальтавалі, удыхнулі новае жыццё ў пошту і ФАП, пабудавалі ферму на сто галоў, аднавілі краму, у якой нават кандыцыянер працуе. І таму, як жартуе Міхаіл Шульгін, старшыня Гервяцкага сельсавета, куды ўваходзяць Рымдзюны, з новай крамы нават выходзіць не хочацца, асабліва летам.

Аднак Рымдзюны цікавыя не толькі сваімі метамарфозамі. Вунь колькі такіх аграгарадкоў па Беларусі, ды яшчэ большых і прыгажэйшых. Затое нідзе не сустрэнеш сярод старой драўлянай забудовы такую велічную, архітэктурна незвычайную школу, як у Рымдзюнах. Ды яшчэ з літоўскай мовай навучання. Ёсць тут, дарэчы, і Літоўскі цэнтр адукацыі, культуры і інфармацыі, і дзіцячы садок для маленькіх гіргунаў, як называюць тут літоўцаў — ад багацця ў іх мове гукаў “г” і “р”. А ўсё таму, што ў аграгарадку пражывае каля 80 працэнтаў этнічных літоўцаў. Яно і нядзіўна: ад Рымдзюн да Літвы рукой падаць.

Varna і suo ў беларускай вёсцы

Шчыра кажучы, нават крыху збянтэжылася, калі, завітаўшы да другакласнікаў, пачула ад іх замест звыклага “добры дзень”  “лаба дзена”.  Хоць яшчэ да таго, як адкрыць дзверы ў клас, я, здаецца, паспела ўсвядоміць, што трапіла ў не зусім звычайную школу. Стэнды з інфармацый на літоўскай мове, малюнкі дзяцей з подпісамі “varna” (варона) і “suo” (сабака). І, канешне, шыльдачкі на дзвярах з літоўскімі назвамі аўдыторый.
У Рымдзюнскай школе з літоўскай мовай навучання займаюцца больш за семдзесят дзяцей (для параўнання: у беларускамоўнай — толькі каля пяцідзесяці). Гэта хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі з саміх Рымдзюн, але і навакольных вёсак. Ні размаўляць, ні вучыцца па-літоўску ім нескладана.
— Дзеці ведаюць літоўскую мову яшчэ да таго, як прыйсці ў школу. Гэтаму спрыяе асяроддзе, — тлумачыць настаўніца другога класа Она Кімсеня. — Маёй дачцэ, да прыкладу, і трох гадоў не было, а яна ўжо добра ведала і рускую, і літоўскую мовы. А цяпер, гледзячы тэлебачанне, і англійскую асвойвае. 
Она Кімсеня пераехала з Вільні ў Рымдзюны ў 93-м годзе. Часта прыязджаючы сюды да родных, пазнаёмілася з мясцовым літоўцам Дзмітрыем.  І так засталася назаўсёды ў Беларусі. З’язджаць адсюль Она нават не думае:
— Тут і дом, і праца. У Рымдзюнах адчуваю сябе, як на Літве. Тая ж самая вера, тая ж мова. Дарэчы, карэнныя беларусы валодаюць літоўскай не горш за нас, асабліва пажылыя людзі. Ёсць мажлівасць хадзіць на службу ў касцёл на літоўскай мове — у суседнія Гервяты.
Праўда, старэйшага сына, ужо выпускніка, Она разам з Дзмітрыем думаюць адправіць вучыцца ў Літву.
— Там засталіся і бабуля, і дзядуля, — гаворыць Она. — Ім будзе весялей, а мне спакайней за сына.
Дарэчы, большасць выпускнікоў Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання паступае менавіта ў Літву. Па-першае, Вільнюс ад Рымдзюн нашмат бліжэй, чым Гродна ці Мінск. А па-другое, беларускім дзецям не прыходзіцца здаваць уступныя экзамены, у літоўскія навучальныя ўстановы іх прымаюць па балу атэстата.

Каровы ля замка

Калега Оны настаўніца пачатковых класаў Вільма Лукшэня таксама пераехала з Літвы. “Гэта нешта іншае, як лёс”, — лічыць Вільма. Скончыўшы ў Літве вучылішча па новай і моднай у той час спецыяльнасці гувернант—хатні настаўнік, Вільма пачала шукаць працу. У тым ліку і за мяжой. Тэлефанавала і ў Калінінград, і ў Беларусь. Але ў адказ толькі чула: пакуль што спецыялісты не патрабуюцца, мы вам патэлефануем.
— Я страціла ўсякую надзею. А гэта былі складаныя 90-я, працы нідзе не знайсці, — успамінае Вільма. — І вось праз тыдзень мне тэлефануюць: у беларускай вёсцы Рымдзюны адкрываецца вельмі прыгожая школа, падобная да замка. Паедзеце?
І назаўтра Вільма была ў Рымдзюнах.
— Што здзівіла? У вёсцы вось так проста па вуліцы ходзяць каровы. Едзе аўтобус, а каровы — перад ім. Божа мой, думаю, куды я трапіла? Такія маленькія драўляныя хаткі... І адкуль тут замак?
Але гэта былі толькі першыя ўражанні. Калі Вільма праехала далей, яна сапраўды ўбачыла “замак”, як ёй і малявалі.
—  Было складана, — успамінае Вільма. — Рускую мову я ведала ве-е-ельмі дрэнна. Таму я вучыла дзяцей літоўскай, а яны мяне — рускай. Першы час прыходзілася жыць у інтэрнаце, разам з дзецьмі. Жалезны ложак, шум, гам... Але я не скарджуся. Я вельмі шчаслівая, што сустрэла тут добрых людзей, што муж — беларус з суседняй вёскі — мяне падтрымаў, дазволіў жыць для школы і нашай літоўскай суполкі, дзеля чаго я і прыехала ў гэты край. Дзеля сям’і ён вывучыў літоўскую мову. І цяпер мы размаўляем у хаце з нашымі дзецьмі толькі па-літоўску.

Дзве маці-радзімы

Вільма вельмі добрая гаспадыня. У школе часта бываюць прадстаўнікі з пасольстваў і міністэрстваў. І Вільма з радасцю частуе іх сваімі прысмакамі — макавымі пірагамі, цэпелінамі (падобныя да нашых калдуноў) ці галубцамі з бульбай — так прынята іх есці ў Літве.
— З мужам трымаем гаспадарку, — расказвае Вільма. — Я радуюся, што мы маем у Беларусі такую магчымасць. Мы лічым: калі хочаш мець штосьці большае, трэба штосьці трымаць.
Паколькі муж Вільмы праваслаўны, а яна каталічка, у сям’і адзначаюць усе хрысціянскія святы. І гэта ці не галоўныя сямейныя традыцыі.
— А яшчэ баскетбол!  — гаворыць Вільма. — У Літве ён амаль другая рэлігія. Наша сям’я не прапускае ні адной гульні літоўскай каманды.
Дарэчы, не так даўно ў Рымдзюнах прайшоў міжнародны еўрапейскі турнір па баскетболе сярод прадстаўнікоў літоўскіх дыяспар.
Напрыканцы размовы я задала Вільме тое ж пытанне, што і Оне: ці хацела б яна вярнуцца ў Літву.
— Нашы дзеці кажуць: мы шчаслівыя, таму што маем дзве радзімы, — адказала Вільма. — Мы рады, што маем магчымасць тут жыць. І нічога мяняць не збіраемся.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter