«Лаўка прымірэння» пад «Дрэвам жадання»

У Глыбокім адкрыўся першы на Віцебшчыне фантан на вадзе

Сродкі, заробленыя на суботніку, напярэдадні 600-годдзя Глыбокага вырашылі накіраваць на добраўпарадкаванне горада і ўсталявалі першы ў Віцебскай вобласці фантан на вадзе на возеры Кагальным (на здымку). Магутныя помпы выкідваюць ваду на вышыню 11 метраў.

— На заробленыя грошы добраўпарадкоўваем і сквер на беразе возера, — расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ўнітарнага прадпрыемства «Жыллёва-камунальная гаспадарка Глыбоцкага раёна» Леанід Корнышаў. — Атрымаецца прыгожы сквер маладых. Зараз дапрацоўваем дробязі, засяваем газон, да 1 чэрвеня ўсё будзе гатова.

Жыхары райцэнтра змогуць прайсціся па прыгожай дарожцы сквера, сфатаграфавацца побач з ажурнай скульптурай «Парасон», паглядзець на амура з сэрцам, дакрануцца да «Кашалька дабрабыту». Маладыя могуць падумаць пра будучыню каля трох «Дрэў жаданняў» і пасядзець на «Лаўцы прымірэння». У начны час плаваючы фантан будзе радаваць наведвальнікаў рознакаляровым падсветам. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter