Літаратурныя дажынкі Берасцейшчыны.

“Лунінская восень” асыпала гасцей фестывалю залатым лісцем, а таленавітых мастакоў слова — падарункамі ад абласных улад і “Народнай газеты”.

У той час, калі па амаль ўсёй Беларусі рыхтуюцца да зімніх маразоў, на Лунінеччыне сустракаюць... восень. А калі больш дакладна —“Лунінскую восень”. Так называецца абласны літаратурны фестываль, які штогод праходзіць на базе Лунінскай сярэднай школы. Пачынаўся ён з невялікіх сустрэч мясцовых школьнікаў з беларускімі пісьменнікамі. А за восем гадоў існавання ператварыўся ў вялікае свята з паэтычнымі чытаннямі, песнямі, танцамі і цырымоніяй узнагароджання сталых мастакоў слова і пачынаючых літаратараў Берасцейшчыны.

Па традыцыі свята распачалося ў Луніне, невялікай вёсцы Лунінецкага раёна.  На парозе мясцовай школы гасцей з усёй Брэсцкай вобласці і беларускай сталіцы сустракалі духмяным караваем, народным танцам і прывітаннем гасціннай гаспадынькі свята “Лунінскай восені 2011 года”, ролю якой выконвала артыстычная другакласніца Яна Сіманава. Між іншым, за званне гэта Яначцы прыйшлося добра пазмагацца, прайсці нават кастынг, які праводзіўся ў школе сярод вучаніц малодшых класаў.
Як заўсёды, да свята ў школе падрыхтаваліся выдатна. Паўсюль: на столі, сценах, падлозе — радавалі вока гасцей залатыя, чырвоныя, зялёныя кляновыя лісты, якія, відаць, збіралі цэлай школай. У калідорах у “восеньскім” стылі разгарнулі экспазіцыю — гісторыю фестывалю “Лунінская восень”, далей — літаратурную выставу да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча (штогод “Лунінскую восень” прымяркоўваюць да нейкай літаратурнай даты). І нарэшце — паэтычныя чытанні, на якіх побач са школьнікамі выступілі  вядомыя літаратары з усёй Брэсцкай вобласці. Але галоўнае яшчэ чакала наперадзе — цырымонія ўручэння літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка, заснаванай Брэсцкім аблвыканкамам — гэта падзея адбылася ў Лунінецкім доме культуры.
Прэмія мае досыць багатую гісторыю. За пяць гадоў існавання яе атрымалі ўжо дваццаць паэтаў і пісьменнікаў Берасцейшчыны. На гэты раз пашанцавала Мікалаю Кавалевічу з Брэста і Алесю Корневу з Баранавіч, якія атрымалі ўзнагароду ў галіне паэзіі, Мікалаю Елянеўскаму з Пінска як лепшаму празаіку і Міхаілу Туруноўскаму з Брэста, які вызначыўся ў галіне дзіцячай літаратуры.
— Мэта прэміі — не проста падтрымаць берасцейскага літаратара. Мы бачым яе задачу больш шырока — прыцягваць увагу нашага грамадства да духоўнага жыцця вобласці, да лепшых твораў нашых землякоў, — сказаў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык, з рук якога пераможцы і атрымалі прэмію.
Пра тое, што брэсцкія ўлады клапоцяцца пра духоўнае развіццё свайго рэгіёна, сведчыць іх дапамога і ў падрыхтоўцы кніг да выдання, і ў арганізацыі сустрэч з пісьменнікамі, і ў правядзенні шматлікіх літаратурных конкурсаў. Тут жа, на сцэне Лунінецкага дома культуры былі падведзены вынікі конкурсу творчых і літаратурна-даследчых работ сярод дзяцей і моладзі Брэсцкай вобласці “Суніцамі пахне Айчына”, прысвечанага 75-годдзю з дня нараджэння паэта Міхася Рудкоўскага.
Трэцяе месца прысуджана вучаніцы Ганцавіцкай гімназіі Аліне Філюціч, вучню брэсцкай сярэдняй школы № 8 Аляксею Таболічу і вучаніцы школы № 1 г. Жабінка Дар’і Ніканчук. Другое месца ў Дзяніса Трацюка, студэнта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна, і Аліны Цвікевіч, вучаніцы Іванаўскай гімназіі. Пераможцам конкурсу стала Аксана Рылка, адзінаццаціклассніца Хатынінскай школы Ганцавіцкага раёна.
— Па творчасці гэтых  маладых людзей ужо сёння можна меркаваць, што яны будуць працаваць у літаратуры, — расказвае старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, адзін з арганізатараў конкурсу Анатоль Крэйдзіч. — Мне шмат прыйшлося перачытаць работ, дасланых на конкурс, і я з упэўненасцю магу сказаць: Берасцейшчына багатая на літаратурныя таленты. У нас ёсць вартыя творцы, а значыць, ёсць будучыня.
Па традыцыі падчас “Лунінскай восені” маладых літаратурных талентаў Берасцейшчыны адзначыла і “Народная газета”, уручыўшы лепшым (Аліне Цвікевіч, Аксане Рылцы, Дар’і Ніканчук) дыпломы і памятныя падарункі.
— Спрабаваць сябе ў літаратуры я пачала толькі летась, калі даслала ў жабінкаўскую раёнку свае першыя творы, — расказвае Дар’я Ніканчук, якую рэдакцыя нашай газеты адзначыла ў намінацыі “За актыўнае супрацоўніцтва з беларускай прэсай”. — Вясной атрымала ўзнагароду “Лепшы юнкор Брэстчыны”. А сёння, акрамя таго што перамагла ў літаратурным конкурсе, атрымала дыплом яшчэ і ад “Народнай газеты”. Вельмі прыемна і нечакана, тым больш што збіраюся звязаць сваё жыццё з журналістыкай.
“Лунінская восень” — асаблівае свята Берасцейшчыны. Як сказаў лаўрэат прэміі імя У. Калесніка і адзін з натхняльнікаў фестывалю Мікалай Елянеўскі, гэта літаратурныя дажынкі Берасцейшчыны, калі можна паглядзець, што зроблена, і паразважаць над тым, што яшчэ патрэбна зрабіць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter