Как писать приключенческие романы

Літаратурная лупа з Віктарам Лупасіным

Хочаш навучыцца пiсаць прыгоднiцкiя раманы? Вось як гэта робіцца

Хочаш навучыцца пiсаць прыгоднiцкiя раманы? Вось як гэта робіцца.


1. Бярэш звычайны аркуш і асадку, або адчыняеш тэкставы рэдактар на планшэце. Гэта не прынцыпова.

2. Пачынаеш пісаць розныя літары – «б», «я», «р»… Потым яшчэ ўсялякія розныя.

3. І са здзіўленнем разумееш, што ствараеш сусвет. Спачатку вымалёўваецца нейкая істота. Яна можа быць чалавекам, можа быць падобнай да чалавека, а можа – зусім непадобнай. Апісваеш істоту: трохі – яе біяграфію, трохі – знаёмцаў і сваякоў. Распавядаеш пару здарэнняў з жыцця персанажа, каб лепш абмаляваць яго.

4. Пасля гэтага з героем здараецца нешта надзвычайнае. Напрыклад, ён даведваецца, што дзесьці далёка ёсць нешта дужа добрае, і вырашае гэта здабыць. Або, наадварот, з героем адбываецца нешта дужа дрэннае – ён губляе самае дарагое. Ці, напрыклад, герой знаёміцца з нейкай істотай, якая пераварочвае ўсе яго погляды на жыццё. Альбо... далей сам!

5. Цяпер герой абавязаны прыкласці пэўныя намаганні. Найлепей (для твора, не для героя), калі гэтыя намаганні будуць на мяжы магчымасцей – каб падчас выпрабаванняў было незразумела, пройдзе герой iх або не. Калі так зрабіць, то пасля прыгод персанаж будзе сталець, мацнець і мудрэць. У яго з`явяцца новыя звычкі, зменяцца характар і паводзіны. Пасля кожнай прыгоды будуць нейкія ўспаміны і знаёмствы. Можаш скарыстаць іх у наступных прыгодах. Напрыклад, дзяўчына, якую герой уратуе ад бандытаў, апынецца дачкой вядомага прадзюсара. Або гіганцкі арол, з якім герой біўся ў чацвёртым раздзеле, прыляціць на дапамогу ў сёмым (прыдумай, чаму).

6. Усе прыгоды будуць весці да галоўнай, звязанай з пунктам 4, – напрыклад, здабыцця добрай рэчы або вяртання чагосьці дарагога (ці помсты за яго страту). Але можа так здарыцца, што цягам прыгод з пункта 5 гэтае дарагое зменіць сваю вартасць. Магчыма, герой будзе нават унікаць той добрай рэчы, пра якую так марыў. А магчыма, яна яго заб`е. Сумна, але бывае і такое.

7. Цяпер твой герой можа вярнуцца да ранейшага жыцця. А можа пачаць новае. А можа – не вытрымаць выпрабаванняў ды загінуць. Ці будзе нейкая камбінацыя гэтых варыянтаў. Або яшчэ што-небудзь прыдумай.

Падчас напісання раман будзе абрастаць пабочнымі героямі ды падрабязнасцямі сусвету. Частку прыдумаеш, а частку знойдзеш у розных крыніцах – напрыклад, для добрых апісанняў прыроды давядзецца пачытаць сёе-тое з біялогіі і геаграфіі (і нават калі свет фэнтэзійны, табе ўсё адно трэба ведаць законы прыроды!).

Уласна, гэта ўсё. Я даў табе гатовы рэцэпт напісання прыгодніцкіх раманаў. Цяпер бяры асадку (або тэкставы рэдактар на планшэце) і пішы літары (або іерогліфы).

А, зусім забыўся. Яшчэ трэба валодаць мовай і стылем і ўмець апісваць. Умееш апісваць? Не? Вучыся!

У мяне ё некалькі новых тэкстаў. Сваю паэму “Працоўныя будні” я, мабыць, не буду тут друкаваць (яна надта авангардовая). Надрукую вершы юных лэдзі!

Марыя Гадуйка з Брэста даслала вельмі жыццёвы верш:

Я хочу спать. Я очень хочу спать.
Даже больше, чем есть. Очень!
Зачем же ты делаешь это опять?!
Зачем ты приходишь ночью?

Весь день я тебя, как дура, ждала,
Кусая локти на нервной почве.
Я сломала четыре карандаша!
А ты заявляешься ночью...

И скоро кровь пойдет из ушей
От нудного твоего баса...
Убери свои грязные руки от шеи,
Я не хочу с тобой драться.

Я, зубами скрепя, открываю тетрадь,
А ты надо мною смеешься.
Тебя, вдохновенье, пора бы послать.
Но, боюсь, тогда не вернешься.

Параўноўваю з сабой у маладосці і разумею, што ў юнай лэдзі ёсць талент. Толькі ж вы ёй гэтага не кажыце, каб нос не задрала!

У паэткі пад прыгожым псеўданімам Дабрадзея я ўзяў два вершы.

Я прыйду да цябе цёплым ранкам —
Толькі досвітак неба кране. —
З першым промнем пяшчотнага сонца,
Што ў думках тваіх жыве.

Я прыйду, калі не прыходзяць,
Калі больш не варта чакаць.
Адшукаўшы цябе сярод цемры,
Я прыйду з табой памаўчаць...

***

Паглядзі, я жывы!
У мяне ёсць душа і сэрца,
Маю думкі і бляск халодных вачэй.

Паглядзі, я жывы!
А куды мне ад гэтага дзецца?
Абяцалі, што потым стане крыху лягчэй.

Паглядзі, я жывы!
Вытру твар крывавай далонню,
Зноў парушу наперад, як чорнай постаці цень.
Калі б гэта было магчыма — застацца з табою, —
Я б у Бога прасіў дадаткова наступны дзень.

Мяне кінула ветрам на бераг жыццёвай ракі.
Паглядзі на мяне!
Паглядзі.

Я застаўся жывы...


Трэцяя юная лэдзі цяпер ужо не зусім юная — гэта вядомая беларуская паэтка. Але я вырашыў надрукаваць яе ранні твор, і пасля цяжкіх, складаных, няпростых перагавораў у мяне гэта атрымалася.

(Знайшоў маўленчую памылку ў папярэднім сказе? Малайчынка!)

Упс, у мяне гэта НЕ атрымалася. Прабач, дружа, не даведаешся, якія цудоўныя вершы пісала ў юнацтве вядомая паэтка! І нават імя сваё яна папрасіла не называць. Таму ты нават не даведаешся, каго я маю на ўвазе!

Калі ты юная лэдзі, або пажылая лэдзі, або пажылы джэнтльмен, або юны джэнтльмен — не бяры прыклад з залішне сціплых паэтак. Дасылай на mushroom1948@bk.ru свае шэдэўральныя і нешэдэўральныя опусы. Таксама дасылай заўвагі, пажаданні, ілюстрацыі ды іншыя цікавыя артэфакты!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter