Літаратурная лупа з Віктарам Лупасіным

Мой сябар цэйтнот

...і тут я ўзгадаў, што заўтра трэба здаваць артыкул. Была палова на першую ночы



Вітаю, дружа! Лупасін таксама бывае ў цэйтноце. Пра цэйтнот сёння і будзе размова.

Што? Не ведаеш, што значыць слова «цэйтнот»? Гэта калі часу няма, толькі і ўсяго. Ну вось, цяпер мы можам спакойна пра яго гаварыць.

Ці глядзеў ты гонкі «Формулы-1»? Ці заўважаў, колькі часу механікі трацяць на замену колаў? Калі не заўважаў, я табе скажу: рэкорд меншы за адну (!) секунду. Чатыры колы. Адну секунду.

У чым сакрэт? Яны не мітусяцца, не замінаюць адно аднаму і ведаюць, што рабіць. І ты, калі табе трэба нешта тэрмінова напісаць (рашуча неістотна, што – артыкул, або школьнае сачыненне, або ліст у рэдакцыю, або верш), – не мітусіся, не замінай сам сабе і рабі, што ведаеш. Пішы больш не розумам, а пальцамі – зараз патлумачу.

Калі ты набіраеш тэкст і думаеш над кожным словам, твой мозг увесь час нібыта тармозіць і разганяецца. Ці магу я напісаць тут слова «...»? (Лупасін доўга пакутліва думаў, якое слова паставіць для прыкладу, нічога не прыдумаў, плюнуў ды пайшоў пісаць далей.)

А як жа тады рабіць? А проста не імкнуцца адразу стварыць шэдэўр.

З першага разу шэдэўр не напішацца (дакладней, калі напішац­ца, то будзе яшчэ і лепей). Найхутчэй выйдзе опус сярэдняга для нас узроўню. Але часу і сілаў мы на яго патрацім як на шэдэўр. (І ставіцца да яго пры гэтым будзем таксама як да шэдэўра – задзярэм нос і забаім­ся пераставіць месцамі два словы.) І яшчэ не факт, што давядзём да канца – цяжка доўга трымаць напругу. Ці не лепей будзе напісаць хоць нешта, не зважаючы на якасць, але вель­мі хутка і лёгка? Лепей, бо застанецца яшчэ трохі часу, каб спакойна перагледзець і палепшыць.

Часам дапамагае і план. Чым менш фармальны, то лепш. Пішы як мага тупей.

Не, стоп, маню, ніякіх «як мага»! Пішы як пішацца, а калі пасля будзе пісацца не так, як у плане, то і няхай, вось!

Прыклады планаў

1. Прафесар і вучань.

2. Аперацыя атрымання Васенькі.

3. Васенька бушуе.

4. Васеньку перамагаюць. (узята з маёй аповесці
«Васенькапакаліпсіс», бо мне было ляніва з галавы прыдумляць новы план.)
1. Жыў-быў хобіт.

2. Але тут да яго прыйшлі госці.

3. Яны пайшлі ў падарожжа.

4. І ў іх было шмат прыгод. (таксама аднекуль узята, не памятаю адкуль.)


Планы дапамагаюць пісаць тое, што задумаў, а не тое, што выйдзе. Але ні­хто не замінае табе яго памяняць, калі пачне выходзіць лепей, чым было задумана.

Напрыклад, я пачаў пісаць гэты артыкул і прыгадаў цудоўнейшую асаблівасць цэйтнота, самую галоўную. Цэйтнот дапамагае працаваць!


Калі ты хоць раз пісаў курсавую або дыплом у апошні дзень, ты мяне ўжо зразумеў. А калі не пісаў, то павер старэйшым таварышам: цэйтнот, калі яго не баяцца, мабілізуе і ўпарадкоўвае цябе сам па сабе. Ты ўжо не глядзіш коцікаў у інтэрнэце, не завісаеш у пяці розных сецівах з тысячай сяброў – ты засяроджана і спрытна працуеш. Твой час сканцэнтраваны. Твае сілы трацяцца скупа ды рацыянальна, і ты адчуваеш, што засталося яшчэ цэлых 99 % зарадкі.

Дзіка люблю гэты стан. Можа, увесь сэнс пракрастынацыі ў тым, каб падвесці чалавека да нармальнага працоўнага стану. Ты як думаеш?

Што? Не ведаеш, што такое пракрастынацыя? У Гугл, тэрмінова ў Гугл!

О, ужо палову напісаў. Не, нават дзве трэці. Значыць, ты не застанешся без «Лупы». Ура!

Стойце, не ура. У мяне няма вашых вершаў.

Дакладней, вершы быццам бы ёсць, і нават некалькіх аўтараў. Але яны ўсе ўжо друкаваліся ў «Лупе», а ты яшчэ не. Таму – во табе некалькі творчых заданняў.

Заданне першае. Напішы твор за адну хвіліну. Проста ўключай секундамер ды пішы.

Заданне другое. Тое самае, але пяць хвілін.

Заданне трэцяе.
Паўтары другое або першае заданне разоў 5–10. Так ты навучышся размяркоўваць час унутры маленькіх адрэзкаў. Секундамер можаш трымаць перад вачыма, а можаш і не трымаць – паспрабуй, як табе лепей.

Заданне чацвёртае. Хвіліну ці пяць пішы, а потым 15 хвілін паляпшай. Выпраўляй памылкі, удасканальвай стыль. Хто не ведае, што значыць «удасканальвай стыль», – у наступнай «Лупе» распавяду.

Заданне пятае. Традыцыйнае. Выберы самы лепшы опус з тых, што атрымаліся ў заданнях 1–4, і дашлі мне. Адрас мой памятаеш.

Наступны занятак будзе прысвечаны пісьменніцкаму стылю.

О, дарэчы! Я напісаў пра стыль і ўзгадаў два цудоўныя практыкаванні! Распавесці табе? Калі не распавесці, не чытай.

Адно практыкаванне вельмі простае. Вазьмі невялікі тэкст – можаш класічны, можаш свой, ды хоць гэты артыкул, – і перапішы яго ўдвая карацей. Было дзве старонкі – зрабі адну. Павінна застацца галоўнае. А пасля зрабі з дзвюх старонак чатыры – павінна стаць больш падрабязнасцей і дробязей.

Гэта адно практыкаванне. Другое больш складанае – паспрабуй тэкст палепшыць і пагоршыць. Тут ужо з класічным творам не атрымаецца (хаця хто ведае!) – вазьмі мой, свой ці, напрыклад, нечый з «Лупы».

Ну вось, «Лупа» пра цэйтнот гатовая ў тэрмін. А ці добра яна атрымалася – табе вырашаць. Дасылай меркаванні на адрас mushroom1948@bk.ru. І туды ж адпраўляй свае шэдэўральныя і нешэдэўральныя опусы – інакш я цябе не надрукую!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter