Ліст у рэдакцыю:"Дапамажыце растлумачыць назвы вёсак Клюшнікава, Галачова, Балбасава, што на Аршаншчыне"

Дапамажыце растлумачыць назвы вёсак Клюшнікава, Галачова, Балбасава, што на Аршаншчыне. Яны “цягнуцца” адна за адной. Можа, лёс іх назваў невыпадковы?

Дапамажыце растлумачыць назвы вёсак Клюшнікава, Галачова, Балбасава, што на Аршаншчыне. Яны “цягнуцца” адна за адной. Можа, лёс іх назваў невыпадковы?

З павагай Руслан СЕРАДА, Орша

Паважаны Руслан, ваша здагадка мае сваё навукова-гістарычнае тлумачэнне. Звярніце ўвагу, што ўсе гэтыя найменні заканчваюцца на -ава, -ова. Гэтыя фінальныя часткі тапонімаў сведчаць пра тое, што дадзеныя назвы ўтварыліся ад асабовых імёнаў людзей, а дакладней, ад імёнаў-мянушак, якімі шырока карысталіся нашы продкі яшчэ ў дахрысціянскія часы. Акрамя таго, гэтыя часткі ўказваюць на прыналежны характар — гэта значыць, што дадзеныя назвы ўтварыліся ад імёнаў людзей, якім належалі распрацаваныя на гэтым месцы зямельныя надзелы або заснаваныя паселішчы.

Дакладна назваць час з’яўлення старажытных паселішчаў даволі складана. Але вучоныя ўстанавілі асноўныя этапы фарміравання геаграфічных назваў на -ова, -ава, якое праходзіла на працягу некалькіх стагоддзяў і звязана было з развіццём прыватнай уласнасці. Так, ужо ў летапісах Х—ХІІ стст. упамінаюцца назвы беларускіх гарадоў з суфіксам -ов: Туровъ (980 год), Борисовъ (1125 год). Пры гэтым у летапісных хроніках можна прасачыць матывацыю назваў некаторых замкаў-гарадоў. Напрыклад, у “Хроніцы Літоўскай Жамойцкай і Быхаўца” тлумачыцца паходжанне назвы Борисовъ:

“И того князя Бориса под ним (крестом) напис ... замок и мьсто от своего имени зробивши /князь Борис/ назвал Борисов...” У летапісах захаваліся звесткі і пра княжацкія сёлы: напрыклад, у Іпацьеўскім летапісе ўпамінаецца Игорево село.

Вялікую вагу ў структуры феадальнага землеўладання на працягу XV—XVIII стагоддзяў мелі князі, магнаты, прадстаўнікі царквы, шляхта. Імёны і прозвішчы буйных землеўладальнікаў шырока адбіліся ў назвах іх паселішчаў. Так, старажытныя пісьмовыя матэрыялы, асабліва летапісы, дазваляюць прасачыць такую сувязь паміж асабовым імем і назвай паселішча: “князь Богдан Соломерецкий, староста крычевский и олучицкий, на власном кгрунте своем... на речце прозываемой Дашковце, на лесе — пущи сыром корени... заложити рачил именем своим место Богданово, заложити рачил на том же // именью своем именованом Богданово, — так же именем и сына своего князя Богдана место Богданово; за нежаловане маетности у справе рыцерской военной его милости пана Баркулаба Корсака, ротмистра и старосту дисенского на лесе глухом, на кгрунте лесном, на врочищу, прозываемом Брус, закликавши на волю и давши слободы год двадцать людем прихожим, за волею божею и за благословенством людей духовных заложил замок именем своим Баркулабов року 1564”.

 Вялікі працэнт сярод так званых прыналежных тапонімаў складаюць назвы, у аснове якіх ляжаць імёны, імёны-мянушкі і прозвішчы сялян — асноўнага вытворчага класа феадальнага грамадства.

Наяўнасць вялікай колькасці сялянскіх паселішчаў была звязана з дробным характарам сельскай гаспадаркі. Асабліва рэзка ўзрасла колькасць сялянскіх пасяленняў пасля правядзення валочнай памеры, арыентаванай на змяншэнне ўплыву абшчыны і большую індывідуалізацыю сялянскага землеўладання. Згодна з “Уставам”, кожная сялянская сям’я павінна была асядаць на асобным надзеле, што вяло да заснавання новых невялікіх па памерах паселішчаў, у аснове назваў якіх звычайна было імя галавы сям’і. Асабліва інтэнсіўнае асваенне пустых валок адбывалася на ўсходзе Беларусі ў першай палавіне XVIII стагоддзя. Спусташальныя войны прывялі да разбурэння эканомікі і заняпаду сельскай гаспадаркі. У сувязі з гэтым феадалы праводзілі аднаўленчую палітыку за кошт росту сялянскіх гаспадарак. Пры гэтым сялянам-новапасяленцам даваліся льготы ў павіннасцях. У выніку сялянскай каланізацыі ўзнікла вялікая колькасць новапасяленняў, што атрымлівалі назвы першараспрацоўшчыкаў зямель або першапасяленцаў. У старабеларускіх дзелавых дакументах захаваліся запісы, якія прама ўказваюць на матывацыю такіх назваў: “/дарога/ проведена была тамъ, гдь поселился крестьянинъ Бернак, или гдь нынь лежитъ деревня называемая Бернаково; /разграниченіе/ ... отъ Каушуриной Нивы, названной такъ по имени крестьянина Каушуры, который её обработалъ”.

Такім чынам, узнікненне паселішчаў Клюшнікава, Галачова, Балбасава ў мінулым непасрэдна было звязана з указанымі вышэй сацыяльна-гістарычнымі і эканамічнымі працэсамі і назвы іх утварыліся ад адпаведных імёнаў-мянушак Клюшнік, Галач, Балбас. У сваю чаргу мянушка Клюшнік магла ўзнікнуць ад назвы службовай асобы мясцовай адміністрацыі Вялікага Княства Літоўскага ў XV—XVI стагоддзях, якая загадвала зборам мядовай даніны ў дзяржаўны скарб (ключ). Апрача таго, у гэты гістарычны перыяд клюшнікамі (ключнікамі) называлі асоб, якім даручаліся ключы, нагляд і права распарадчыкаў двара або маёнтка. Галачом у старажытнасці маглі назваць пазбаўленага дастатку, беднага чалавека, а болбасам і ў некаторых сучасных гаворках Беларусі называюць чалавека, які любіць многа гаварыць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter