Ліса- гараджанка. Іўе — невялікі горад на Гродзеншчыне.

Праз яго працякае рэчка Іўянка, правы прыток бацькі-Нёмана. Яна і дзеліць горад  невялікай паласой лугоў на дзве часткі. Праз Іўянку пабудаваны два масты. Адзін, што ў цэнтры горада, перакінуты праз раку ў далёкім мінулым. Тут жа зроблена плаціна і створана вадасховішча, якое аблюбавалі не толькі дзікія качкі, але і лебедзі. Яны штогод тут выводзяць сваіх нашчадкаў, даюць немалое патомства.
Другі мост пабудаваны ў канцы 1980-х гадоў па Піянерскай вуліцы, якая аказалася на ўскрайку горада. Ад маста ў абодва бакі разбягаюцца дамы прыватнага сектара, а на адлегласці ў некалькі дзесяткаў метраў знаходзіцца сад дапаможнай школы-інтэрната і стары парк. Насупраць парку — трохпавярховы будынак школы з некалькімі гаспадарчымі пабудовамі і невялікім садам. Зараз яны аказаліся ў акружэнні прыватных дамоў і розных пабудоў: гаражоў, хлеўчыкаў для свіней і хатняй птушкі, пераважна курэй.
Неаднаразова даводзілася чуць ад жыхароў гэтага мікрараёна скаргі на тое, што іх куры ў начны час пачалі кудысьці знікаць, як і ў мяне самога. За дзве ночы было знішчана аж пяць дамашніх птушак. Скардзіліся суседзі адзін аднаму і гадалі, што за злодзей гэта робіць. Называлі ўсіх добра вядомых драпежнікаў, нават і двуногіх, што любяць пажывіцца чужым дабром, каб толькі выпіць. У народзе кажуць: “Не злавіў за руку — не кажы, што злодзей”. Але нарэшце злодзея, дакладней, зладзейку, злавілі. Ёй аказалася... ліса-гараджанка.
Аднойчы ноччу па службовых справах работнікі раённага аддзялення службы “Ахова” ехалі па вуліцы Піянерскай. Недаязджаючы некалькі дзесяткаў метраў да моста, яны заўважылі лісу, за якой беглі трое лісянят. Міліцыянеры запаволілі ход машыны і сталі назіраць. Перад самым мастом ліса звярнула на абочыну, а за ёю пакаціліся ўніз і лісяняты. Хлопцаў здзівіла і зацікавіла, чаму ліса спусцілася пад мост і куды далей яна падасца. Запаліўшы ліхтарыкі, работнікі “Аховы” таксама спусціліся за лісой пад мост. І тут іх здзівіла ўбачанае: пад мостам была лісіная нара, дзе яна жыла і дала патомства. А побач з уваходам у нару ляжала курыца. Лепшага доказу, хто краў курэй у гараджан, не трэба. Адно толькі здзіўляе: чаму ліса для сябе выбрала такое месца? Праз мост штодзённа праходзяць сотні аўтамабіляў, трактароў, ідуць людзі, праязджаюць конныя павозкі. Інакш кажучы — лобнае, люднае месца. Тым больш дзіўна, што “пабудавалася” ліса зусім блізка ад горада, а ўсяго ў некалькіх сотнях метраў ад маста расце лес.

Ліхтары
Горад забыўся на вечар,
Тут у святле ліхтароў,
Неяк зусім недарэчна —
Дзень, што яшчэ не сышоў.
Сонца, нібы астраўкамі,
Колеру якасці лямп,
Свеціцца пад ліхтарамі
Сотнямі жоўтае плям.
Зараз мне вельмі нязручна
Верыць і марыць услых,
Бо атрымаюцца штучна
Некалькі гукаў пустых.
Штучная радасць і гора
Добра ідуць да пары...
Хочацца-хочацца зорак,
Только вакол ліхтары.
Алёна ХАРУК

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter