Ліквідацыя гаспадарчага таварыства

На пытанне адказвае юрыст адвакацкага бюро Дзмітрый УСЦІН
Я з’яўляюся адным з удзельнікаў таварыства з абмежаванай адказнасцю. Камерцыйную дзейнасць яно не ажыццяўляе, запазычанасці перад контрагентамі не мае, і ў нас ёсць неабходнасць яго ліквідаваць. Падкажыце, калі ласка, як гэта хутка i правiльна зрабіць?
Мікалай ПЯТКЕВІЧ, г. Мінск

На пытанне адказвае юрыст адвакацкага бюро Дзмітрый УСЦІН

Згодна з пп. 1 п. 2 арт. 57 ГК, а таксама ч. 1 пп. 3.1 «Палажэння аб ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання», зацверджанага Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16.01.2009 г. № 1 (далей — Палажэнне), юрыдычная асоба можа быць ліквідавана ў тым ліку па рашэнні ўласніка маёмасці (заснавальнiкаў, удзельнiкаў) або органа юрыдычнай асобы, упаўнаважанага статутам (устаноўчым дагаворам — для камерцыйнай арга-нізацыі, якая дзейнічае толькі на падставе ўстаноўчага дагавора).

У адпаведнасці з п. 6 Палажэння ўласнік маёмасці (заснавальнікі, удзельнікі) альбо орган юрыдычнай асобы, упаўнаважаны статутам (устаноўчым дагаворам — для камерцыйнай арганізацыі, якая дзейнічае толькі на падставе ўстаноўчага дагавора), які прыняў рашэнне аб ліквідацыі юрыдычнай асобы, прызначае ліквідацыйную камісію (ліквідатара), размяркоўвае абавязкі паміж старшынёй і членамі ліквідацыйнай камісіі (у выпадку прызначэння ліквідацыйнай камісіі) і ўстанаўлівае парадак і тэрміны ліквідацыі.

Паколькі ў нашым выпадку патрабуецца ліквідаваць таварыства з абмежаванай адказнасцю, то варта мець на ўвазе, што згодна з арт. 34 Закона Рэспублікі Беларусь ад  09.12.1992  № 2020-XII «Аб гаспадарчых таварыствах» прыняцце рашэння аб ліквідацыі гаспадарчага таварыства, стварэнне ліквідацыйнай камісіі, прызначэнне яе старшыні або ліквідатара і зацвярджэнне прамежкавага ліквідацыйнага і ліквідацыйнага балансаў аднесена да выключнай кампетэнцыі агульнага сходу ўдзельнікаў таварыства. Такім чынам, патрабуецца дакументальна аформіць рашэнне аб ліквідацыі ТАА менавіта ў форме пратакола агульнага сходу ўдзельнікаў гаспадарчага таварыства.

У рашэнні неабходна прызначыць ліквідатара альбо ліквідацыйную камісію і вызначыць парадак, тэрміны ліквідацыі (мак-сімальны тэрмін ліквідацыі беларускім заканадаўствам не ўстаноўлены, мінімальны тэрмін — 2 месяцы). Тут хочацца звярнуць асаблівую ўвагу на тое, што згодна з п. 3 арт. 58 ГК і ч. 2 і 3 п. 6 Палажэння з дня прызначэння ліквідацыйнай камісіі (ліквідатара) да яе пераходзяць паўнамоцтвы па кіраванні справамі юрыдычнай асобы, у тым ліку камісія (ліквідатар) ад імя ліквідуемай юрыдычнай асобы выступае ў судзе.

У адпаведнасці з п. 1 арт. 59 ГК старшыня ліквідацыйнай камісіі альбо ліквідатар на працягу дзесяці рабочых дзён пасля даты прыняцця рашэння аб ліквідацыі юрыдычнай асобы абавязаны паведаміць у пісьмовай форме аб гэтым у рэгіструючы орган для ўключэння ў Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (далей — АДР) звестак аб тым, што юрыдычная асоба знахо-дзіцца ў працэсе ліквідацыі. У рэгіструючы орган неабходна бу-дзе прадставіць заяву аб ліквідацыі па форме, устаноўленай Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь, пратакол агульнага сходу ўдзельнікаў аб ліквідацыі таварыства з абмежаванай адказнасцю.

ДАВЕДКА. Форма заявы аб ліквідацыі юрыдычнай асобы ўстаноўлена пастановай Міні-стэрства юстыцыі  ад 27.01.2009  № 8 «Аб некаторых мерах па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 сту-дзеня 2009 г. № 1».

На падставе вышэйзгаданых дакументаў рэгіструючы орган:

— на працягу трох рабочых дзён з дня атрымання гэтых дакументаў прадстаўляе ў Міністэрства юстыцыі звесткі аб тым, што юрыдычная асоба знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі, для ўнясення ў АДР;

— не пазней за працоўны дзень, якi iдзе за днём атрымання гэтых дакументаў, накіроўвае падатковым, мытным органам, органам Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны (далей — ФСАН), Беларускаму рэспубліканскаму ўнітарнаму страхавому прадпрыемству «Белдзяржстрах» (яго адасобленаму падраздзяленню), тэрытарыяльным (гарадскiм або раённым) архівам мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў (iншым архівам у адпаведнасці з заканадаўствам аб архівах) апавяшчэнне аб пачатку працэдуры ліквідацыі юрыдычнай асобы.

На працягу 30 рабочых дзён з моманту атрымання паведамлення рэгіструючага органа дзяржаўнымі органамі (ФСАН, Белдзяржстрах, падатковыя органы, мытныя органы) праводзяцца праверкі. Па выніках праверак пры адсутнасці запазычанасці перад бюджэтам і парушэнняў заканадаўства выдаецца даведка, у  выпадку наяўнасці запазычанасці або парушэнняў складаецца акт. Даведкі аб адсутнасці запазычанасці перад бюджэтам павінны быць накіраваны ў рэгіструючы орган на працягу 30 рабочых дзён з моманту атрымання дзяржаўнымі органамі паведамлення.

Ліквідацыйная камісія (ліквідатар) прымае ўсе магчымыя меры да выяўлення крэдытораў і атрымання дэбіторскай запазычанасці. Аб ліквідацыі юрыдычнай асобы павінны быць пісьмова папярэджаны ўсе крэдыторы юрыдычнай асобы (п. 1 арт. 59 ГК). У адпаведнасці з п. 2 арт. 13 Закона ад 12.07.2013 № 57-З «Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці» пры ліквідацыі юрыдычнай асобы неабходна абавязкова правесці інвентарызацыю актываў і абавязацельстваў арганізацыі. Канчатковы лiквiда-цыйны баланс зацвярджаецца ўласнікам маёмасці юрыдычнай асобы або органам, якi прыняў рашэнне аб ліквідацыі юрыдычнай асобы, і падпісваецца членамі ліквідацыйнай камісіі (ліквідатарам). Таксама неабходна будзе здаць у архіў дакументы па асабовым скла-дзе, якія пацвярджаюць працоўны стаж і аплату працы работнікаў, а таксама дакументы аб стварэнні і ліквідацыі арга-нізацыі, гадавыя справаздачы аб фінансава-гаспадарчай дзейнасці, гадавыя статыстычныя справаздачы, пратаколы сходаў (рашэнні ўласніка), загады па асноўнай дзейнасці і іншыя дакументы. Пасля гэтага ў адпаведнасці з п. 13 Палажэння ліквідацыйная камісія (ліквідатар) павінна прадставіць у рэгіструючы орган наступныя дакументы: пячаткi арганізацыі альбо заяву ўласніка маёмасці аб тым, што яны не вырабляліся, або звесткі аб публікацыі аб’яў аб іх страце; лiквiдацыйны баланс, які пад-пісаны прадстаўнікамі ліквідацыйнай камісіі (ліквідатарам) і зацверджаны ўласнікам маёмасці (у нашым выпадку — удзельнікамі таварыства з абмежаванай адказнасцю); арыгінал пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы або заяву аб яго страце з прыкладаннем звестак аб публікацыі аб’явы аб страце; даведку з архіва.

Ліквідацыя юрыдычнай асобы лічыцца завершанай, а юрыдычная асоба лiквiдаванай з даты ўнясення рэгіструючым органам запiсу ў АДР аб выключэнні юрыдычнай асобы з гэтага рэгістра.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter