Кветкі — жыцця імгненні

У Беларускім доме ў Даўгаўпілсе дэманструецца фотавыстава ўраджэнкі Віцебшчыны Сафіі Кавалёвай-Крываносавай, прымеркаваная да яе 80-х угодкаў


Сафію Кавалёву-Крываносаву віншуе з юбілеем і фотавыставай Антаніна Струнеўская 

“Свет кветак” — такую назву мае выстава ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры, што адкрылася 11 красавіка. Творы фотамастачкі Сафіі Кавалёвай-Крываносавай ведаюць аматары мастацтва як у Даўгаўпілсе, так і за яго межамі. На гэты раз фотаздымкі аб’яднаныя тэмай кветак. Іх вельмі шмат: ад палявых да рэдкіх, экзатычных. Фотавыстава, як пераканаліся ўжо многія гледачы, нясе зарад яркай, станоўчай энергіі, добрага настрою і гармоніі.

Сафія Ільінічна — наша супляменніца. Супрацоўніцам ЦБК яна расказала, што “нарадзілася ў вёсцы Пашкова Старасельскага сельсавета Віцебскай вобласці”. Які то быў раён да вайны — не памятае, хутчэй за ўсё Сенненскі. І менавіта вайна адарвала яе назаўсёды ад родных мясцін: пад час яе малую Сафію разам з маці вывезлі ў Нямеччыну. Памятае, вывозілі з вёскі Сцяпанкава (Степанково), дзе сям’я жыла і перад вайной. Вёска тады адносілася да сельсавета Лётцы, і менавіта ў Лётцах ёй пазней далі даведку пра тое, што яна была вывезена фашыстамі ў Нямеччыну. Больш нічога пра той цяжкі час не памятае. А пасля вайны яна выхоўвалася ў дзіцячым доме ў Даўгаўпілсе — тут і засталася жыць. Закончыла спачатку Рамеснае вучылішча, потым — Электрамеханічны тэхнікум у Рызе. Працавала інжынерам у ПМК Энергабуда ў Даўгаўпілсе.

Сафія Кавалёва-Крываносава — яркая і шматгранная творчая асоба, у яе шмат здольнасцяў, талентаў. Фатаграфіяй займаецца даўно, яе фотавыставы неаднойчы праходзілі ў Даўгаўпілсе, а таксама ў Вільнюсе і Пскове. Яна ўшанавана дыпломам “Залаты аб’ектыў” Акадэміі літаратуры і мастацтва (Італія). А яшчэ піша вершы: выдала тры зборнікі, уваходзіць у пісьменніцкую арганізацыі “Русло-Л”. Узначальвала Спартыўны клуб інвалідаў Даўгаўпілса, цяпер таксама ўдзельнічае ў яго рабоце, прымала ўдзел у спаборніцтвах па шашках, шахматах, стральбе, мае спартыўныя ўзнагароды.

На адкрыцці фотавыставы Сафія Ільінічна цікавага расказала пра сябе, любімую фотасправу, чытала свае вершы. Атрымлівала ўзнагароды, слухала віншавальныя словы. Ганаровыя граматы, падзякі, кветкі юбілярцы ўручалі першы намеснік старшыні Даўгаўпілскай гарадской думы Яніс Дукшынскі, консул Генконсульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Антаніна Струнеўская, кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, сябар праўлення таварыства “Уздым” Таццяна Дзянісава. Для супляменніцы свае вершы чыталі вядомыя ў нас аўтары Настасся Сазанкова, Кацярына Андрэева, Павел Плотнікаў. Гучалі й песні — на латышскай і беларускай мовах. Іх выконвалі харавая капэла ЦБК “Спадчына” (мастацкая кіраўніца Яна Юзэфовіч) і салістка гурта “Пралескі” Юлія Хмяльніцкая. Былі й кранальныя віншаванні ад сузаснавальніцы “Уздыма”, работніцы культуры Яўгеніі Гуляевай ды іншых гасцей.

Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс

Голас Радзімы № 19 (3523), чацвер, 25 мая, 2017 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter