У Навінках, што ў Калінкавіцкім раёне, правялі старажытны абрад “Перанос свечкі”

Кветкi на шляху свечкi

У калінкавіцкіх Навінках карэспандэнт «СГ» стала ўдзельніцай старажытнага абраду


На другі дзень Тройцы насельніцтва калінкавіцкіх Навінак павялічваецца разы ў тры. Ураджэнцы вёскі, іх дзеці і родзічы з’язджаюцца адусюль, каб узяць удзел у старадаўнім абрадзе “Перанос свечкі”. Сама, можа, не паверыла б, што з такой павагай ставяцца да вясковай традыцыі, калі б не стала часткай дзеі. Дарэчы, у гэтым годзе вяскоўцы распачалі працу па ўнясенні абраду ў  Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны.


УПЕРШЫНЮ абрад пераносу свечкі згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе 1159 года. У яго аснове, як зазначаюць этнографы, адначасова ёсць элементы паганства і хрысціянства. Першапачаткова — пакланенне агню як духу продкаў, з праваслаўем — своеасаблівы зварот да Збавіцеля.

Вядучага метадыста па фальклоры і этнаграфіі Калінкавіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Варвару Лаўрэненка незвычайны палескі абрад, калі ўбачыла яго ўпершыню, здзівіў. Справа ў тым, што Варвара родам з Марыупаля (пераехала ў Беларусь пасля пачатку баявых дзеянняў ва Украіне), на сваёй малой радзіме падобнага раней не сустракала. Спецыяліст зацікавілася вывучэннем каранёў абраду:

Вядучы метадыст па фальклоры і этнаграфіі Калінкавіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці
Варвара ЛАЎРЭНЕНКА і дырэктар Навінкаўскага СДК Ніна СОПАТ збіраюць подпісы ўраджэнцаў і жыхароў
вёскі на згоду супольнасці для ўключэння ў Спіс культурнай спадчыны краіны

— Агонь быў багаццем для славян, яго бераглі як зрэнку вока. І не было для нашых продкаў большай патрэбы дый радасці, калі дзяліліся “сваім” агнём з блізкімі, з суседзямі. Гэта пацвярджае перанос свечкі ў Навінках. Сутнасць абраду ў тым, што яе разам з іконай і вясковым крыжом на працягу года захоўваюць у адной хаце, затым урачыста пераносяць у іншую. Хата, дзе гарыць “свечка”, на год становіцца своеасаблівым вясковым храмам. Любы чалавек можа прыйсці сюды, каб памаліцца, папрасіць дапамогі, падтрымкі ў святынь. Гаспадарам нельга нікому адмаўляць, бо гэта лічыцца вялікім грахом.

Да сёлетняга свята Тройцы свечка знаходзілася ў доме 77-гадовай Вольгі Сопат. Гаспадыня родам з Навінак, колькі памятае сябе, абрад заўсёды ладзіўся ў вёсцы. Да Вялікай Айчыннай вайны, праўда, на Міколу:

— На краю вёскі ў нас ёсць узвышэнне, ці па-нашаму “гара”. Дык вось, калі мы апынуліся пад немцамі, апошні гаспадар свечкі Лаўрын Навуменка закапаў яе разам з іконай у зямлю, каб захаваць. Выкапалі намоленыя святыні вяскоўцы толькі ў 1950 годзе. Свечку рэстаўрыраваў адзін з жыхароў вёскі, а вось ікона амаль не захавалася. Таму набылі абраз Тройцы і сталі пераносіць свечку на другі дзень адпаведнага праваслаўнага свята. Так працягнулі традыцыю да нашых дзён. Праўда, сёе-тое з яе мы ўжо страцілі: у савецкія часы старшыня калгаса забараніў абыходзіць са свечкай сяло, таму яе сталі толькі пераносіць з хаты ў хату. Так і засталося.

Старажылы вёскі Вольга СОПАТ і Марыя КРОТ кажуць, што ў дом, куды пераносяць свечку, трэба ісці з караваем: хлеб сімвалізуе дабрабыт

НЕМУДРАГЕЛІСТЫ шлях вясковых святынь — гэта вялікая ўрачыстасць. Вечарам на Тройцу вяскоўцы збіраліся ў хаце, дзе стаяла свечка, маліліся, спявалі акафісты, накрывалі стол. А да поўдня наступнага дня рэліквіі абавязкова павінны былі адправіць у дарогу. Прычым шлях гэты азначаюць — ад ганка да варот — даматканым палатном, ходнікамі-палавікамі і ўпрыгожваюць жывымі кветкамі з прысядзібных участкаў старых і новых гаспадароў “свечкі”.

У гэтым годзе шлях атрымаўся амаль за паўкіламетра. Справа ў тым, што на шляху ад хаты Вольгі Сопат да дома наступнай гаспадыні стаяць будынкі клуба, магазіна, школы, ФАПа і канторы лясніцтва. Але гэта было і да справы, бо чым даўжэйшы шлях свечкі, тым больш магчымасцей, асабліва для хворых і нямоглых, пакуль ідзе працэсія, тройчы прайсці пад святынямі. Падчас пераносу свечкі пад яе кладуць грошы, хусткі, палатно, просячы здароўя і дапамогі. Пасля ўжо ў новым доме — асвячэнне вады ў калодзежы на падворку. З гэтага часу на працягу года вада там лічыцца святой, кожны можа прыходзіць і браць яе колькі спатрэбіцца.

ГАННА Блізнец, гаспадыня, у дом якой пераносілі святыню, задаволена:

— Гэта ж вялікае шчасце, што ў хаце будзе стаяць такая каштоўнасць. У нас кажуць у такім выпадку: “Бог у хаце жыве”. Гэта значыць, што абараняць будзе Усявышні ад нястачы і нягод. Дарэчы, вяскоўцы вераць у незвычайную сілу свечкі і іконы. Самы яркі прыклад — у вайну толькі адна наша вёска ў наваколлі выстаяла, яе чамусьці не спалілі фашысты. А вось зусім свежы выпадак. Адна жанчына, у якой стаяла свечка, пайшла на працу. Ішоў дождж, а маланка ўдарыла ў яе хату — пачала гарэць праводка. Але дайшоў агонь да разеткі, побач з якой стаяла свечка, і згас. Верыць ці не ў гэтую моц святыняў, кожны, зразумела, выбірае сам. Але было і такое.

Свечку прыняла Ганна БЛІЗНЕЦ (у цэнтры) з дочкамі Валянцінай, Вольгай і Таццянай

Для Ганны Блізнец абрад стаў сапраўдным сямейным святам. На яго з’ехаліся і дзеці, і родзічы — амаль 50 чалавек. (Да вяскоўцаў з Мінска, Наваполацка, нават з Санкт-Пецярбурга прыязджаюць.) “Такое маленькае вяселле атрымалася ў нас”, — аджартоўваецца гаспадыня. Дарэчы, яна ўпрыгожвае абраз сваім новым ручніком, які можа вышыць самастойна альбо купіць. Праз год гэты ручнік застаецца ў былых гаспадароў свечкі. Хлеб-соль пераносяць на ручніках, якімі абменьваюцца старыя і новыя гаспадары святыні. Каравай павінен быць круглай формы, выпякаюць яго самі. Таксама новыя гаспадары рыхтуюць стол — частаванне каля сваёй хаты на падворку. Дарэчы, у Навінках свечку прымаюць ва ўсіх хатах, акрамя тых, дзе п’яніцы (ім яе не даюць), і тых, хто не хоча прымаць святыні.

ВІДАВОЧНАЯ каштоўнасць абраду ў тым, што ён яднае вясковую супольнасць. Кожны год (нават ужо цяжка сказаць, колькі дзесяцігоддзяў запар) у Навінках спраўна прытрымліваюцца традыцыі. Людзі з’язджаюцца на траецкае свята самі і без усялякага прымусу робяць яго сабе. Ці збываюцца пажаданні, якія кожны загадвае, праходзячы пад свечкай? Кажуць, так. Што ж, паглядзім. А пакуль што… Культработнікі атрымалі згоду вясковай супольнасці для ўключэння абраду ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны краіны.

uskova@sb.by

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter